28.03.2013 / 17:20

Трэці Кангрэс даследчыкаў Беларусі будзе арыентаваны на Балтыю і Скандынавію 1

Трэці Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі адбудзецца 11–13 кастрычніка ў Каўнасе.
Пра гэта паведаміў сёння дырэктар інстытута палітычных даследванняў Андрэй Казакевіч.

Канцэпцыя Кангрэса-2013 гучыць як «Беларусь. Паўночнае вымярэнне». Асаблівая ўвага будзе нададзена пашырэнню акадэмічнага супрацоўніцтва беларускіх даследчыкаў з краінамі Балтыйскага і Скандынаўскага рэгіёнаў, а таксама «паглыбленню рэгіянальных і параўнальных даследаванняў Беларусі і рэгіёна Балтыйскага мора ў шырокім яго разуменні». «Найбольшую зацікаўленасць цяпер праяўляюць даследчыкі са Швецыі, Латвіі і Літвы, аднак мы спадзяемся на ўдзел і іншых навукоўцаў рэгіёна — эстонцаў, фінаў, нарвежцаў, датчан. Мы таксама хацелі б прыцягнуць увагу навукоўцаў з Кітая і Японіі, якія даследуюць краіны постсавецкай прасторы», — сказаў Казакевіч.

На падставе дасланых заявак ужо былі сфармуляваны папярэднія тэмы дыскусій, якія ўвайшлі ў 8 секцый: эканоміка, сацыяльныя навукі і філасофія, адукацыя і навука, палітыка і міжнародныя адносіны, гісторыя, даследаванне рэлігіі і Бібліі, культура і мастацтва, псіхалогія.

Заяўкі падаюць і супрацоўнікі дзяржаўных устаноў, і незвязаныя з такімі ўстановамі даследчыкі. Шмат залежыць ад дысцыпліны: у сацыяльна-палітычных навуках шырока прадстаўлена недзяржаўная сфера, але ў гісторыі і іншых гуманітарных навуках шмат заявак ад дзяржаўных даследчыкаў.

Арганізатары таксама паведамілі, што

заяўкі на ўдзел у Кангрэсе прымаюцца да 10 чэрвеня на сайце palityka.org.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «НН» пра стаўленне дзяржавы да Кангрэса і магчымыя перашкоды для ўдзела навукоўцаў-супрацоўнікаў дзяржаўных інстытутаў, Андрэй Казакевіч паведаміў, што «першы Кангрэс дзяржава фактычна праігнаравала — дэлегавалі аднаго чалавека, які абараняў дзяржаўную пазіцыю. Падчас другога Кангрэса былі пэўныя перашкоды, асабліва ў гарадзенскім асяроддзі. Яшчэ, відаць, наклаліся і парламенцкія выбары, што адбыліся за тыдзень да Кангрэсу. Аднак, збольшага, ціску не было і я спадзяюся, не будзе далей.

Кангрэс не прадугледжвае палітызацыю, і важна адсутнасць падзелу паміж дзяржаўнымі, недзяржаўнымі і замежнымі навукаўцамі. Ад гэтага выйграюць усе бакі».

Новаўвядзеннем Кангрэса 2013 стане конкурс на лепшую навуковую публікацыю. Арганізатарамі былі вызначаны тры намінацыі: гісторыя, сацыяльна-палітычныя навукі і гуманітарныя навукі. У кожнай з намінацый лёс лепшай публікацыі будзе вырашаць экспертная камісія з беларускіх і замежных навукоўцаў і даследчыкаў.

«Галасаванне будзе таемным, а вынікі будуць абвешчаныя ва ўрачыстай абстаноўцы падчас Кангрэсу. Месца правядзення Кангрэсу дакладна не вызначана, але разглядаецца варыянт каўнаскага Дома афіцэраў, дзе ў міжваенны перыяд знаходзілася Міністэрства беларускіх спраў», — расказаў Казакевіч.

На сёння жаданне прыняць удзел у Кангрэсе выказалі і чатыры асаблівыя госці: брытанскі гісторык і палітолаг Эндру Уілсан, прафесар паліталогіі ўніверсітэта Таронта Лукан Уэй, беларускі літаратуразнаўца Адам Мальдзіс і Стывен Уайт, прафесар паліталогіі з Глазга (Велікабрытанія). Аднак арганізатары ўпэўнены, што ў Кангрэсе возьмуць удзел яшчэ больш сусветна вядомых навукаоўцаў.

Кірыла Хілько

0
апрол / Адказаць
29.03.2013 / 09:56
Адкажыце мне на пытанне: Якая польза Беларуси ад усих гэтых кангрэсау и даследаванняу?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру