Як заяўляе 23-гадовы актывіст, крычаўскія супрацоўнікі КДБ забралі яго з раённага ваенкамата Клімавічаў, куды яго выклікалі позвай на медкамісію. Паводле Балобіна, двое камітэтчыкаў, якія не прадставіліся, сказалі, каб ён сеў у іхную машыну.

Балобін: «Мяне з Клімавічаў завезлі ў Крычаў у будынак КДБ. Там дапытвалі пад ліст апытання. Правёў я там тры гадзіны. Мне „прывязвалі“ артыкул, што я вяду сваю дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, то бок ад кампаніі „Гавары праўду“. Мяне запалохвалі. Казалі, што гутарка павінна заставацца „толькі між намі“. Бо гэта „ў вашых інтарэсах, мы ж не можам вам загадаць, мы ў свабоднай краіне“, — так гаварылі».

Аляксандр Балобін лічыць, што нагодай для гутаркі ў КДБ сталася ягоная дзейнасць у Клімавіцкім раёне як каардынатара кампаніі «Гавары праўду». Актывіст зазначае, што падчас допыту на стале ў камітэтчыкаў ляжалі некалькі папак з матэрыяламі пра ягоную дзейнасць.

Балобін: «Там была інфармацыя пра тое, што 25 сакавіка мы раздавалі віншавальныя ўлёткі да Дня Волі. Я ім казаў, што ва ўлётках не было ніякіх звестак ні пра палітычныя партыі, ні пра кампаніі. Я ім даводзіў, што мы хацелі проста людзям сказаць, што ёсць такое свята і мы іх з ім віншуем. На гэта яны мне адказалі, што я мушу зразумець, чым не трэба займацца, то бок каб я болей не займаўся дзейнасцю ад імя „Гавары праўду“. Яшчэ прапаноўвалі мне, як я гэта разумею, супрацоўніцтва, а яны называлі гэта кансультацыямі. Яны тлумачылі, што будуць звяртацца па дапамогу з нейкай інфармацыяй, а я ім буду дапамагаць парадамі. Я адмовіўся».

Як паведамілі «Свабодзе» крычаўскія праваабаронцы, да якіх пасля выхаду з КДБ звярнуўся па дапамогу Аляксандр Балобін, ён склаў у абласную пракуратуру скаргу на камітэтчыкаў. У ёй дзеянні супрацоўнікаў КДБ называюцца незаконнымі. Адзначаецца, што падчас допыту Балобіна запалохвалі і прапаноўвалі яму стаць інфарматарам. Як пазначана ў скарзе, пратакол апытання складаў начальнік Крычаўскага КДБ Ілля Краўцоў. Аляксандр Балобін просіць пракуратуру праверыць факт законнасці допыту і пакараць вінаватых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?