Лідар гурту «J:mopc» Уладзімір Пугач запісаў эксперыментальны праект «Нафта», прэзентацыя якога адбудзецца 18 красавіка ў мінскім клубе Re:public. Першыя 500 ахвотных змогуць прыйсці на канцэрт бясплатна.

Музычная канцэпцыя «Нафты» выходзіць за прывычныя стандарты гучання «J:mopc». Музыканты сабраліся разам, каб на нейкі час забыць аб фарматах, рамках, патрабаваннях рынку і чаканнях прыхільнікаў.

«Нафта» — праект эксперыментальны, — расказвае Пугач. — У працэсе працы не было ні загадзя ўстаноўленых стылістычных межаў, ні тэрмінаў для рэлізу. Не было таксама ні абавязацельстваў, ні прадзюсараў. Мы плылі па цячэнні, не напружваючыся і не адцягваючыся ад студыйнай працы. Чыстая творчасць! Музыканты ў студыі не спяшаючыся тварылі што хацелі ў сваё задавальненне. Часта песні з’яўляліся ў працэсе імправізацый, часам я прыносіў вельмі сырыя загатоўкі, нават не падазраючы, у што яны ў выніку трансфармуюцца».

Прэм’ера праекта адбудзецца ўжывую, бо першапачаткова ён задумваўся як канцэртны.

Песень «Нафты» хапае для поўнафарматнага альбома, аднак удзельнікі праекта наўмысна не анансуюць дату рэлізу, бо ў любы момант можа з’явіцца штосьці яшчэ.

«Назва «Нафта» з’явілася выпадкова, — падзяліўся Пугач. — Сябры, зацікавіўшыся, чаго гэта я суткамі прападаю ў студыі, спыталі, што за новы праект і чым ён адрозніваецца ад «J:mopc». Я адказаў, што гэта хутчэй не морс, а нафта. Так і атрымалася «Нафта».

«Нафта», падкрэслівае Пугач, не з’яўляецца сольнай работай. У пэўным сэнсе гэта супергурт, удзельнікамі якога сталі музыканты, што даўно рэалізавалі сябе ў розных праектах.
З імі Пугач даўно хацеў прапрацаваць па-за «J:mopc». І музычны матэрыял, і склад удзельнікаў трымаюцца ў сакрэце да прэзентацыі.

У падтрымку праекта аб’яўлена акцыя — першыя 500 наведвальнікаў могуць прыйсці на канцэрт бясплатна.

Каб атрымаць «кантрамарку», на старонцы http://naftamusic.by/ у форме рэгістрацыі трэба напісаць імя і прозвішча, а таксама загрузіць фотаздымак.
Пасля ўхвалы мадэратарам ваш фотаздымак з’яўляецца на сайце ў выглядзе аватаркі. Да канца акцыі сайт ператворыцца ў палатно з 500 аватарак.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?