9 жніўня аб’яўлены тэндэр на закупку абсталявання для спадарожнікавага тэлеканала «TV Беларусь» (гандлёвая марка «Белсат»). Пра гэта БелаПАН паведаміла каардынатар праекта, супрацоўніца Польскага грамадскага тэлебачання (TVP) Агнешка Рамашэўска.

Паводле яе слоў, заяўкі на ўдзел у тэндэры можна падаваць на працягу 46 дзён, затым будзе праведзены конкурсны адбор пастаўшчыка абсталявання.

Цяпер працягваецца стажыроўка для беларускіх журналістаў, якія поруч з польскімі будуць працаваць на тэлеканале. «Усяго стажыроўку прайшло каля 120 чалавек, з якіх былі адабраны самыя лепшыя», — паведаміла А.Рамашэўска. На тэрыторыі Беларусі, паводле яе слоў, будуць працаваць больш за 30 чалавек, у Варшаве — яшчэ 42.

Запуск канала запланаваны на лістапад гэтага года. «Я не хачу называць дакладную дату, пакуль не даведаюся пра вынікі тэндэра. Бо калі мы не закупім абсталяванне, усе тэрміны ссунуцца», — зазначыла А.Рамашэўска.

Нагадаем, што пагадненне аб стварэнні спадарожнікавага тэлеканала «TV Беларусь» было падпісана 23 красавіка 2007 года паміж TVP і Міністэрствам замежных спраў Польшчы. 18 ліпеня TVP зацвердзіла ў сваёй структуры новы спадарожнікавы тэлеканал. «TV Беларусь» будзе фінансавацца з рэзервовага бюджэту МЗС Польшчы. Сёлета для «TV Беларусь» выдзяляецца 16 млн. злотых (каля 4 млн. еўра).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?