Аляксандр Лукашэнка прапанаваў калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы самім зарабляць грошы. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з творчым калектывам тэатра вечарам 29 сакавіка.

«Трэба зарабляць грошы. Мы вам дапаможам, але нейкую долю вы павінны зарабіць самі»,
— цытуе Лукашэнку яго прэс-служба (у тэлерэпартажах з сустрэчы, паказаных па беларускіх тэлеканалах вечарам 29 сакавіка, у адказ на просьбу купалаўцаў павысіць ім заработную плату Лукашэнка паабяцаў дзяржфінансаванне ў аб`ёме 15 працэнтаў, астатнія ж грошы прапанаваў супрацоўнікам тэатра зарабіць самім).

Як паведамляе прэс-служба, Лукашэнка падкрэсліў, што тэма фінансавання ўжо была закранутая падчас даклада міністра культуры аб завяршэнні рэканструкцыі і «тут трэба выпрацаваць дакладную сістэму».

«Пытанне не толькі ў вашым тэатры, тут патрэбная сістэма, над якой мы падумаем, каб забяспечыць годныя зарплаты артыстам. Вы заробіце грошы самі, але і мы падтрымаем.
Мы падумаем, каб ні ў якім выпадку не пакрыўдзіць ні вас, ні артыстаў іншых тэатраў, бо добрыя творчыя калектывы і ў многіх рэгіянальных тэатрах. Таму трэба акуратна падысці да гэтага пытання», — мяркуе ён.
«Вы вельмі душэўна ігралі. І гэта вартае грошай»,
— мяркуе кіраўнік дзяржавы, які перад сустрэчай з артыстамі паглядзеў спектакль «Паўлінка» па п`есе Янкі Купалы.

Таксама падчас сустрэчы «было закранута жыллёвае пытанне, якое з`яўляецца вострым для многіх супрацоўнікаў тэатра», паведамляе прэс-служба. Лукашэнка паабяцаў дапамагчы: «Падумаем, як вас падтрымаць. Але каб не атрымалася так, як са спартсменамі, якія за дрэнную гульню атрымлівалі вялікія грошы».

Беларускі кіраўнік мяркуе, што «неабходна ясна суадносіць унёсак, ці гэта спартсмены ці артысты, з іх зарплатамі», зазначае прэс-служба.
У сувязі з гэтым Лукашэнка сказаў, што трэба вызначыцца з крытэрыямі, у адпаведнасці з якімі найбольш заслужаныя будуць атрымліваць заахвочванні, гранты.
Ён падкрэсліў, што падтрымка творчай інтэлігенцыі будзе насіць канкрэтны адрасны характар.
Што да магчымасці ўвядзення сістэмы грантаў для творчых калектываў, то гэта пытанне будзе старанна ўзважана. «Я абавязаны лічыць грошы, каб яны не былі разбазараныя ўпустую. Грошы павінны быць заробленыя», — растлумачыў сваю пазіцыю Лукашэнка.
«Па яго цвёрдым перакананні, грошы трэба зарабляць, і ніякіх утрыманскіх настрояў тут быць не павінна,
— гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта. — Разам з тым ён паабяцаў, што як бы цяжка ні было, падтрымае тэатральных работнікаў».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?