Напэўна, усе мы складалі ў школе сваё маленькае генеалагічнае дрэва – сёстры-браты, мама-тата, дзядулі-бабулі... з імёнаў па бацьку – прадзеды. І кожны з нас марыў больш даведацца пра свой радавод, адшукаць свае карані, зразумець, хто мы ёсць.

Доўгі час я тапталася а месцы, пакуль у жыцці не з’явіўся інтэрнэт і магчымасці пошукаў не пашырыліся. А пацягнуўшы за нітачку, разматала і ўвесь клубочак.

Справа ў тым, што бабуля – татава мама – увесь час расказвала нам, як у гады ліхалецця, калі яе сям’ю напаткала бяда і прыйшлі з арыштам, каб закінуць у сталінскія лагеры, яе родныя звярталіся да Якуба Коласа з просьбаю дапамагчы, уратаваць маладую кабету. Па яе словах, пісьменнік быў пляменнікам яе бабулі, а ёй – дзядзькам. Літаратар тады адмовіўся. І доўгі час я, малая, слухаючы гэтыя ўспаміны, абуралася на яго, лічыла прыстасаванцам і, разглядаючы ў буквары партрэты Якуба Коласа і Янкі Купалы, размешчаныя на адным развароце, думала, што лепей бы сваяком аказаўся для нас апошні. Пакуль, пасталеўшы, не зразумела: а што мог зрабіць чалавек супраць крывавай ненажэрнай машыны рэпрэсій, перад якой былі роўнымі ўсе і ніхто не мог пазбегнуць яе кіпцюроў, нават тыя, хто ёй служыў... Ніхто не глядзеў, вясковы ты цемрашал ці знакаміты літаратар з дэпутацкім мандатам – грэблі ўсіх.

Аповед аповедам, але акрамя бабчыных словаў пра сваяцтва, іншага доказу мы не мелі, а таму любое сцверджанне пра яго доўгі час адмаўлялі. Ды і не так яно было важным, колькі проста цікавым. І вось аднойчы, абапіраючыся на тое, што бабуліна бабуля – а значыць, мая прапрабабуля – Караліна Казіміраўна была з роду Міцкевічаў і даводзілася роднай цёткай Міхаілу Канстанцінавічу, я ўвяла ў пашукавік пытанне аб генеалагічным дрэве Якуба Коласа. І трапіла на сайт, прысвечаны радаводам знакамітых сем’яў, які вядзе цудоўны чалавек Міхаіл Калінін. Там я і знайшла пацверджанне ўсяму, пра што згадвала мая бабуля. Я звязалася са спадаром Калініным і з таго часу мы разам – знаходзячыся ля розных камп’ютараў і на вялікай адлегласці адно ад аднаго, але аб’яднаныя сецівам -- пачалі шукаць свае карані разам, таму што ён нейкае сваяцтва з нашымі галінамі таксама мае, а значыць, магчыма, мой родзіч. Адначасова я колькі часу хадзіла следам за бабуляй з аркушамі ды асадкай у руках, запісваючы яе ўспаміны, якія іншым разам былі настолькі зблытаныя, што даводзілася чакаць маму, якая прыводзіла гэтыя запісы ў парадак. Таму выкладаю тут тое, што я атрымала ў выніку.

Караліна Казіміраўна Міцкевіч родам з Мікалаеўшчыны была каталічкаю, з сям’і ляснічага. Выйшла замуж таксама за ляснічага, Амброжыя Дземідовіча, які быў праваслаўным, аднак Караліна ў сваёй прыхільнасці да касцёла была настолькі моцнай, што прымусіла мужа прыняць каталіцтва. Яны нарадзілі двух сыноў, Міхаіла і Адама – бацьку маёй бабулі, і дзвюх дачок, Эмілію і Юзэфу. Апошняя выйшла замуж за Войніча. І тут міжволі ўзнікае думка: а ці не маюць нашыя беларускія Войнічы агульных каранёў з Міхаілам Войнічам, мужам знакамітай пісьменніцы, – ён жа быў палякам... Думка, якая стала ў адзін шэраг з пытаннем, ці не маюць нашыя Міцкевічы агульных каранёў з Адамам Міцкевічам, выхадцам з Наваградчыны. Гіпотэза пра тое, што два выбітныя пісьменнікі маюць адно калена сваяцтва, усё ж існуе. І калі гэта насамрэч так, то яшчэ два пісьменнікі для нашага генеалагічнага дрэва лішнімі не будуць.

Эмілія так і засталася на ўсё жыццё ў дзеўках, а гісторыя з бабчыным дзядзькам Міхалам – цяжкая, цёмная і сумная. У падрабязнасці ўлазіць не буду, пазначу толькі, што на доўгія гады сувязь з ім была страчаная. Назаўсёды. Пакуль з дапамогай спадара Калініна мы не высветлілі, што ў нашага дзядзькі быў сын, таксама Міхал, які без вестак знік у вайну. Як і родны бабчын брат, дарэчы, таксама Міхал.

Караліна і Амброжый пераехалі ў вёску Завітую Нясвіжскага павета, дзе на мясцовым пагосце блізу вёскі Квачы і былі пахаваныя. Там жа знаходзяцца магілы Эміліі і Адама.

Адам, як і бацька, быў ляснічым. Ажаніўся ў сталым узросце, ужо за сорак. Узяў за жонку рана асірацелую Вікторыю, дачку некалі ўплывовага ў Вялікім Княстве шляхціча Віктара Туміловіча, які праз сваю цягу да азартных гульняў страціў маёнтак, бібліятэку, маёмасць. Апошняя і адзіная дачка ў сям’і, яна не атрымала належнай адукацыі, ды і спадчыны ёй не дасталася ніякай. Таму давялося пайсці за чалавека, амаль у два разы старэйшага за яе, цёмнага ляснічага, у глуш і нераць. Лёс яе братоў крыху лепшы – з нашчадкамі аднаго з іх, што з’ехаў у Польшчу, мы цяпер падтрымліваем сувязь.

І невядома, добра гэта ці дрэнна, што мой продак Віктар Туміловіч быў заўзятым гульцом і яму моцна не пашчасціла. Калі б гэтага не адбылося, у ягонай дачкі быў бы зусім іншы лёс, яна б зрабілася жонкай якога-небудзь шляхціча, чалавека свайго сацыяльнага кола. І былі б зусім іншыя дзеці ды нашчадкі. Але магло стацца і так, што сям’я Туміловічаў была б тады рэпрэсаваная камуністамі. Так што хто яго ведае...

Так перапляліся галінамі патомныя ляснічыя Міцкевічы і Дземідовічы і некалі ўплывовая і не апошняя ў Вялікім Княстве, але збяднелая шляхта Туміловічаў. З дапамогай спадара Калініна я здолела паглыбіцца ў сваім радаводзе ад бабулінага таты на пяць каленаў, а значыць, мая Міхалінка – гэта ўжо дзясятае пакаленне Міцкевічаў -- Дземідовічаў. А ад бабулінай мамы каленаў знайшлося столькі, што атрымалася, што мая Міхалінка -- ужо дваццатае пакаленне Туміловічаў -- Дземідовічаў.

Што да радаводу майго дзядулі, то тут усё значна прасцей. Прынамсі настолькі, наколькі можна было даведацца. Вельмі шкадую цяпер, што ў свой час не вельмі прыслухоўвалася да яго скупых аповедаў і не распытвала дзядулю, пакуль ён жыў. З радаводу майго дзядулі вынікае, што ён паходзіў з патомных сялянаў, але і яны былі не простыя.

Зямлю, на якой цяпер стаіць дом у вёсцы Квачы, дзе нарадзіўся мой тата, набыў яшчэ прадзед майго дзеда ў пана. Надзел, якім гэты прадзед валодаў, быў вельмі вялікі – паласа цягнулася ад самай шашы і да рэчкі Вуша, што некалі была глыбокай, паўнаводнай і чысцюткай. Але вось жа парадокс – зямлю гэтую нам давялося набываць яшчэ двойчы: за савецкім часам, калі камуністы, праводзячы калектывізацыю, забралі зямлю пад калгас, а дзеду пакінулі толькі 15 сотак, і цяпер, калі бабулі трэба было ўступаць у спадчыну пасля смерці мужа. Нам патлумачылі, што тады была іншая ўлада, і ўсё стала несапраўдным, так што трэба купіць яшчэ раз, але ці не ў сто разоў даражэй. Такія парадкі – набывай ва ўлады тое, што адвеку належыць табе...

Браты майго прадзеда Фёдара Вінцэсь і Антэк, паводле адных звестак, абодва служылі ў асаблівым войску імператара Мікалая ІІ (не ведаю, як называлася яно тады, аналаг спецназа), паводле іншых – толькі адзін з іх, а другі, як і бацька майго дзеда, быў селянінам. Але што яны абодва пасля Другой сусветнай прадалі сваю долю зямлі трэцяму брату і рванулі ў Амерыку – гэта дакладна. І абодва там згінулі. Ад кагосьці з іх потым прыйшла неблагая спадчына майму дзеду ды ягонаму брату, а гэта азначала толькі адно: у дзядзькі нікога не засталося, а ягонага суродзіча таксама ўжо не было ў жывых. На гэтую спадчыну дзед мой здолеў набыць сваім сынам па два матацыклы ды сабе адзін.

Мама майго дзеда Зося ў дзявоцтве насіла такое ж прозвішча, як і яе муж – Азарка. Гэта можа азначаць, што сяляне належалі да маёнтка аднаго пана, з аднае мясцовасці. Радню ж мы маем па бабе Зосі надта вялікую – паўсяла, куды ні глянь – сваяк. Ды праз гэта і пайшлі яны ланцугом па этапах у 1949 годзе...

Да таго ж прадзед бабулі быў прыслужнікам у панскіх пакоях, лёкаем, праз што і мянушка цэлага сямейства была Лёкаі, Лекайчукі. Але быў гаспадаром барон Гарцінг – а ён, кажуць, валодаў маёнткам у Завушшы, ды на пагосце ягоны курган стаіць, – ці прыслугоўвалі продкі самім князям Радзівілам, застаецца пакуль нявысветленым.

Зразумела толькі адно: прозвішча, якое носім я і мая дачка, – патомнае, не менш значнае, чым шляхетнае Туміловіч і лесніковае Міцкевіч ды Дземідовіч. Дарэчы, ляснічыя належаць да асаблівае касты: гэта яшчэ не шляхта, але ўжо і не сяляне. Было і такое, што дзядулю майму ягоны камандзір на фронце прапаноўваў змяніць прозвішча на “лепшае”, больш гучнае ды прыгожае, якое-небудзь Азаронак, Азаранка ці Азараў, але дзядуля не згадзіўся. Так што Азарка я карэнная, і нават па расійску першае "А". Заўсёды і ў школьным журнале так было, ажно надакучыла быць першай па спісах.

* * *

Зараз складу яшчэ радавод па мамінай лініі. Я складаю яго для дачкі, каб Міхалінка ведала свае карані. Дзякуй вялікі спадару Калініну за грунтоўную і карысную працу, якая натхніла і заахвоціла рухацца ў пошуках яшчэ далей, яшчэ глыбей. Без яго ўсё і дагэтуль заставалася б на ранейшым месцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?