«Цынічнай расправай над мірнымі людзьмі» назваў ліквідацыю намётавага гарадку Аляксандар Мілінкевіч. На ягонай прэсавай канфэрэнцыі пабываў карэспандэнт Радыё Свабода.

Падчас начной спэцапэрацыі на Кастрычніцкай плошчы Менску затрымалі каля 500 чалавек, – такую лічбу назваў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Мілінкевіч. Штаб Мілінкевіча дагэтуль ня можа атрымаць сьпісу з прозьвішчамі людзей, якіх затрымала міліцыя. Сярод затрыманых і сын жонкі Мілінкевіча Ігар. Умовы ў спэцпрыёмніку на Акрэсьціна Аляксандар Мілінкевіч назваў вельмі цяжкімі. Ён сказаў, што ў штаб па мабільным тэлефоне патэлефанавалі дзяўчаты з камэры спэцпрыёмніку – у камэры іх 17 чалавек. Яны распавялі, што некаторых людзей пасьля затрыманьня зьбівалі ў міліцэйскіх машынах. Частку людзей адвезьлі ў раён Навінак, а частку – у турму «валадарку». Аляксандар Мілінкевіч так ацаніў дзеяньні ўладаў:

(Мілінкевіч: ) «Тое, што зроблена ўладай, ёсьць цынічнай расправай зь мірнымі людзьмі. Улада ня мела права ўжываць сілу. Улада ў вельмі дрэнным псыхічным стане, у яе істэрыка, і гэта адчуваецца. Я меў надзею, што яны дазволяць гэтым людзям мірна стаяць да 25 сакавіка. Я думаю, той, што праяжджаў на лімузіне, страшэнна нэрвуецца. Мяркую, што гэта распараджэньне самага высокага ўзроўню».

Аляксандар Мілінкевіч перакананы: улада рыхтавалася да ліквідацыі намётавага гарадку. Што адбываецца з затрыманымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту, ня ведаюць нават іхныя сваякі, якія стаялі раніцай каля спэцпрыёмніку. Аляксандар Мілінкевіч удзячны гэтым людзям, якія падтрымліваюць сваіх дзяцей і не папракаюць яго за тое, што іхныя родныя апынуліся ў зьняволеньні.

«На гэтай маленькай тэрыторыі свабоды былі найлепшыя прадстаўнікі нашай нацыі, якія пераадолелі страх», – сказаў Аляксандар Мілінкевіч. Ён спадзяецца, што дэмакратычныя краіны Захаду выступяць у абарону зьняволеных, будуць дамагацца іхнага вызваленьня і ўвядуць санкцыі супраць беларускіх уладаў. Мілінкевіч заклікаў кіраўніцтва Расеі далучыцца да гэтых патрабаваньняў.

Нягледзячы на рэпрэсіі ўладаў, Аляксандар Мілінкевіч заклікаў людзей прыйсьці 25 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу, каб адзначыць 88-ю гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі й выказаць сваю салідарнасьць са зьняволенымі.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0