Прафесар кафедры Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Аляксандр Астроўскі расказаў карэспандэнту «Нашай Нівы» падрабязнасці трагічнага здарэння.

Паводле яго словаў, ягоны бацька 25 сакавіка паехаў на месца сваёй былой працы, каб атрымаць ільготныя талоны ў лазню, як удзельнік вайны. Пасля прыблізна а 14-й гадзіне паехаў у гараж па гародніну. Там ён нібыта сустрэў сваіх знаёмых, спыніўся, паразмаўляў з імі. І толькі тады пайшоў да гаража.

«Я бачыўся пазней тых людзей. Яны кажуць, што праз хвілін 20 пасля сыходу майго бацькі пачулі яго крык», — расказаў Астроўскі. Калі мужчыны прыбеглі да гаража, то ўбачылі пенсіянера недалёка ад ягонага гаража, дзверы былі не зачыненыя.

«Кажуць, што паднялі яго, ён быў у прытомнасці. Прапанавалі выклікаць «хуткую», але ён нібыта папрасіў адвезці яго на іхняй машыне адразу ж у шпіталь. Што яны і зрабілі».

У Астроўскага-старэйшага ў шпіталі выявілі цяжкія траўмы: паламаныя з абодвух бакоў рэбры, разарваныя каса і нырка, моцнае ўнутранае кровазліццё, пашкоджаны хрыбетнік.

Прафесар Астроўскі кажа, што ў шпіталь бацьку прывезлі ў прытомнасці, але ён, па словах доктара, што яго аглядаў, таксама нічога не сказаў.

«Гэта самае дзіўнае. Ні сведкам, якія нібыта прыбеглі на крык, ні доктару ён нічога не сказаў. Мог жа сказаць, што яго збіла машына ці напалі бандыты»

1 красавіка прафесар Астроўскі даваў паказанні следчым у якасці пацярпелага. Падрабязнасці ён не каментуе. «Каб не нашкодзіць следству».

Афіцыйна

Тым часам, упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці агучыла агенцтву «Інтэрфакс» афіцыйную версію. Яна істотна адрозніваецца ад словаў прафесара Астроўскага. Паводле следчых, Астроўскі-старэйшы стаў ахвярай ДТЗ. У бальніцу яго адвёз кіроўца аўто, які на яго наехаў каля гаражоў.

«Летам бацька на лецішча пехам хадзіў 6 км»

«Мой бацька нарадзіўся ў 1927 годзе на Магілёўшчыне. Маці рана памерла, гадаваў яго бацька», — расказаў Астроўскі.

У часе вайны трапіў у вайсковую вучэльню, паваяваць не паспеў, але адслужыў пасля сем гадоў на падводнай лодцы. Аднойчы ягоная лодка ледзь не патанула, экіпаж цудам уратаваўся. «Як выбраліся на бераг, то казалі, што назад не палезуць у лодку, хоць расстраляйце».

Пасля вайны Аляксандр Астроўскі скончыў у Бабруйску аўтадарожны тэхнікум і прыехаў на працу ў Гродна на завод карданных валаў. Прапрацаваў там да пенсіі, страціў слых.

«Гэта ці не адзіная сур’ёзная хіба ў ягоным здароўі быў, хоць яму і пад 90 стукнула. Войска загартавала, цвёрды як цвічок быў. Летам на лецішча праз горад шэсць кіламетраў хадзіў. Гэта асноўны ягоны занятак на пенсіі быў — лецішча, гараж. Жыў з маці ў двухпакаёўцы. Цяпер мама адна засталася».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?