Газета The New York Times упершыню змясціла на першую старонку фатаграфію, апрацаваную з дапамогай фотададатка Instagram.
На перадавіцы нумара ад 31 сакавіка быў размешчаны здымак бейсбаліста Алекса Радрыгеса, зроблены фатографам Нікам Лэмам. Лэм распавёў у блогу, што пры здымцы гульцоў каманды New York Yankees разам з прафесійнай камерай выкарыстаў і свой iPhone, апрацаваўшы здымкі ў Instagram.
Фотасесія бейсбалістаў адбылася яшчэ ў лютым 2012 года.
Тады папулярны фотабанк Getty Images дадаў здымкі Лэма ў свой каталог. Тым самым фотабанк пагадзіўся, што iPhone і Instagram могуць лічыцца інструментамі прафесійнага фатографа.
Фотаздымкі, знятыя на iPhone, з'яўляюцца на перадавіцах The New York Times не першы раз. У лістападзе 2010 года выданне апублікавала на першай паласе здымкі з Афганістана. Тады фатаграфіі былі апрацаваныя з дапамогай мабільнага дадатка Hipstamatic, аналагу Instagram.
***
Фотасэрвіс Instagram быў запушчаны ў кастрычніку 2010 года і да лютага 2013 набраў месячную аўдыторыю ў 100 мільёнаў карыстальнікаў. Дадатак дазваляе карыстальнікам iPhone і смартфонаў на базе Android апрацоўваць здымкі і выкладваць іх у сацсетках.