Плануецца, што ў армію трапіць каля пяці тысяч прызыўнікоў з гэтых каўказскіх рэспублік. Камітэт салдацкіх маці лічыць, што гэта ўздыме у казармах хвалю злачыннасці па нацыянальнай прыкмеце.

Чачэнскіх хлопцаў не бралі ў расійскае войска ад пачатку 90-х. Калі яны і служылі, дык на сваёй Бацькаўшчыне, у моцных і добра вышкаленых паліцэйскіх структурах верных не так Маскве, як Рамзану Кадыраву.

Рэкрутаў з Дагестана афіцыйна перасталі браць у расійскае войска два гады таму, бо ў арміі іх баяліся.
Хлопцы з мусульманскага Каўказа даспяваюць хутчэй за сваіх аднагодкаў са «славянскіх» губерняў. Каўказскія сем’і не нішчыць алкагалізм, а бацькі дбаюць пра дзяцей. Сярэдні 18-гадовы хлапец з Каўказа — гэта зусім дарослы, моцны мужчына, які фізічна пераўзыходзіць 18-гадовых з-пад Смаленска ці Масквы.

Пра тое, у якой кепскай форме бяруць рэкрутаў у расійскае войска, сведчыць і факт, што ў першыя тыдні службы маладых жаўнераў трымаюць на спецыяльнай дыеце, каб прывесці іх вагу да нормы.

Дагестанцы, акрамя таго, салідарныя. Яны аб’ядноўваюцца ў групоўкі, прымушаючы сваіх слабейшых славянскіх таварышаў выконваць за іх большасць работ. Некалькі гадоў таму матросы, набраныя з той рэспублікі, загадалі службоўцам з іншых рэгіёнаў легчы так, каб з целаў атрымаўся надпіс «Дагестан». Гэта было сфатаграфавана з карабельнай мачты і выкладзена ў інтэрнэце. Здымак выклікаў хвалю абурэння ў Расіі.

Аднак войску страшэнна бракуе навабранцаў.

Сёння прызыўныя камісіі бяруць хлопцаў, народжаных у 90-я гады мінулага стагоддзя, калі ў Расіі была глыбокая дэмаграфічная яма і нараджалася катастрафічна мала дзяцей.

Вясновы набор дасць расійскім Узброеным сілам не больш за 153 тысячы чалавек. Летась увосень на гадавую службу ў Расіі прыйшло 140 тысяч. Разам з кантрактнікамі (241 тысяча) і афіцэрамі (220 тысяч) армія нашага суседа складае 754 тысячы вайскоўцаў — на чвэрць мільёна менш за мінімум, які, паводле кіраўніцтва краіны, павінен захоўваць бяспеку Расійскай Фэдэрацыі.

Вырашэнне кадравых праблем з дапамогай каўказскіх рэкрутаў палохае сваякоў навабранцаў з іншых рэгіёнаў. Людзі баяцца, што іх дзеці стануць ахвярамі крывавых канфліктаў ў кашарах.

Валянціна Мельнікава з Камітэта салдацкіх маці адкрыта кажа, што навабранцаў з Каўказа, а перадусім з Чачні, на службу ва Узброеныя сілы Расіі браць нельга.

— Нам не пазбегнуць канфліктаў. Уявіце сабе, як афіцэры, якія маюць за плячыма чачэнскую вайну і былі на ёй параненыя, зрэагуюць, пабачыўшы ў шэрагах салдата-чачэнца. Яны ж ненавідзяць усіх, хто там жыве. Гэта факт! А навабранцы адтуль — гэта дзеці вайны. Нарадзіліся, раслі пад бомбамі, якія кідала на іх гарады і вёскі армія Расіі. Як можна браць іх у войска, з якім ваявалі іх бацькі, браты? Гэтага нельга рабіць», — засцерагае Мельнікава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?