18‑гадовы гомельскі хакеіст Міхаіл Сьцефановіч едзе гуляць у Канаду.

За хакеістам «Гомеля» Міхаілам Сцефановічам нядаўна спецыяльна прылятаў легендарны варатар Патрык Руа — па мянушцы Сцяна, уладальнік чатырох Кубкаў Стэнлі. У верасні Сцефановіч разам з бацькам Ігарам, які, дарэчы, у мінулым таксама хакеіст, адправіцца працаваць у Квебеку, гуляць у тамтэйшай юнацкай камандзе. А пакуль будуць уладжаны ўсе фармальнасці з пашпартамі і візамі, Міхаіл будзе дапамагаць «Гомелю» змагацца за кубак Беларусі.

Пазнаць Сцефановіча ў натоўпе вельмі проста. Са сваім аднаклубнікам Дзмітрыем Корабавым на фоне астатніх нізкарослых ігракоў яны выглядаюць такімі Гуліверамі ў краіне ліліпутаў. Каб галоўнаму трэнеру Уладзіміру Сініцыну з яго метрам у шапцы «дастукацца» да розуму сваіх падапечных, трэба будзе не раз спрактыкавацца ў скачках у вышыню. А ў Гомелі, калі Корабаў і Сцефановіч проста гуляюць па вуліцы разам, ніхто нават не адважыцца парушыць іх спакой. Палохае адзін выгляд гэтых «целаахоўнікаў».

Але хто б мог падумаць, што гэтыя два двухметровыя веліканы ёсць будучыя зоркі нашага хакея? Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Курт Фрэйзер ужо ўпісаў іх прозвішчы сабе ў блакнот. І Сцефановіч, і Корабаў — кандыдаты ў галоўную каманду краіны.

І сапраўды кажуць, што нумар адзін — ва ўсім нумар адзін. Пакуль з раздзявалкі на раскатку выкатваюцца астатнія хакеісты «Гомеля», Сцефановіч першым гатовы выехаць на лёд. Але чакае ўсіх хлопцаў адзін, ля борта. Апраўданні знаходзіць у тым, што за два тыдні вельмі засумаваў па жывому хакею. А ўсё з‑за таго, што выпадкова траўміраваў нагу. Гісторыя нагадвае Сямёна Сямёнавіча Гарбункова з «Брыльянтавай рукі»: паслізнуўся — упаў — прачнуўся — гіпс.

— З Куртам Фрэйзерам мне так і не ўдалося пазнаёміцца, — расказвае Міхаіл. — За дзень да таго як ён павінен быў прыехаць у Гомель паглядзець на маю гульню, я ляжаў дома, у мяне была парэзана нага. Ну як назло! Позна вяртаўся дадому пасля трэніроўкі. Цёмна, ліхтароў — ніякіх! Паслізнуўся на бардзюры ў спартыўных сланцах і «раскроіў» нагу. Дзікі боль — і паўмесяца без хакея. Так што назіраў за хакеем сваёй каманды з трыбуны. Праўда, часта ўпускаў з віду забітыя галы. Усё з‑за таго, што балельшчыкі, даведаўшыся аб няшчасці, збегліся, і кожнаму з іх даводзілася дэталёва тлумачыць, што ж здарылася. Прыемна, калі за цябе так перажываюць.

— Дык вы б дома закрыліся на ключ — і ніякіх дэталяў! Глядзі сабе хакей па тэлевізары!

— Ага. Я, мабыць, не прыхільнік нашага экраннага хакея. Проста пару разоў спрабаваў глядзець беларускія трансляцыі і браў жах. У мяне складвалася такое адчуванне, што аператар здымае матч або з даху, або з апошняга рада трыбуны. Разгледзець што‑небудзь немагчыма. Усё таму, што адна камера здымае цэлае спартыўнае дзеянне, у той час як у тым жа НХЛ або расійскай суперлізе на адзін матч даводзіцца не менш як дзесяць тэлекамер.

— Ну, вы параўналі! Дык там жа цікавасць да хакея намнога вышэйшая, чым у Беларусі.

— Можа быць. Ва ўсякім разе ў Гомелі, у адрозненне ад таго ж Мінска, на хакей збіраюцца цэлыя трыбуны. Прыемна ўсведамляць, што ты, акрамя сябе, камусьці яшчэ робіш задавальненне. Зараз у сталіцы будуецца «Мінск—Арэна», і мне здаецца, каб сабраць там аншлаг, спатрэбіцца шмат папрацаваць. Можа, сталічны жыхар настолькі спакушаны рознымі забавамі, што яму зусім не да хакея. Трэба разумна зацікавіць народ, патрэбна шоў.

— Хакейная «Санта‑Барбара»: скандалы, інтрыгі, сенсацыі. Першая серыя пачалася яшчэ ў пачатку гэтага года ў Гомелі. Галоўныя героі — абаронца Алег Лявонцьеў з «Юнацтва» і Міхаіл Сцефановіч. Эфектная бойка, вынікам якой стала масавае закідванне лёду бутэлькамі, коркамі і запальнічкамі!

— Проста гульнявы эпізод. Лявонцьеў не мог уявіць, як такі малакасос асмеліўся прымяніць супраць яго сілавы прыём. У кожнага «старога», і тым, каму за 30, вялікія амбіцыі. І што вы думаеце? Я стаяў недалёка ад сваіх варотаў, а ён пад’ехаў ззаду і стукнуў мне ў галаву. Я рухнуў на лёд і некалькі хвілін не мог зразумець, што са мной здарылася. Такога пушачнага ўдару, прызнацца, не чакаў. Завёўся!

— У НХЛ ёсць тафгаі — ігракі, якія спецыяльна правакуюць бойкі. У Расіі некалі славіліся Аляксандр Юдзін і Андрэй Назараў, якія «малацілі» ўсіх крыўдзіцеляў без разбору. Можа, і ў Беларусі патрэбныя такія байцы?

— У нас бойкі не вітаюцца. У той час як у НХЛ за такое парушэнне выдаляюць на дзве або максімум на чатыры хвіліны, у нас — адразу ж да канца гульні. І да ўсяго ты, хутчэй за ўсё, прапусціш наступны матч. Скажыце, каму ў беларускай камандзе патрэбны такі тафгай? Можа, таму і цікавасць да чэмпіянату ў нас не такая высокая? У Канадзе, у НХЛ усё інакш...

— Дык там такіх жадаючых — вунь колькі!

— Чуў. Яшчэ Сяргей Касціцын расказваў, што «зубамі давядзецца грызці лёд». Я гатовы! Мой бацька спачатку і чуць не хацеў, што я паеду зараз у Канаду. Казаў: ранавата табе яшчэ, сынок, паспееш! Мне ж здаецца, што ў самы раз. Усё роўна ж трэба некалі ехаць. Тым больш ёсць такі шанц — паглядзець, што ўяўляе сабой тая ліга і праверыць у ёй свае сілы. Ведаю, што многія адтуль вяртаюцца: хтосьці не змог прабіцца ў каманду, камусьці не пашанцавала, а камусьці проста паабяцалі больш грошай у іншым месцы. Але для мяне зараз галоўнае — гуляць на больш высокім узроўні.

— У любога кругам пайшла б галава, калі б за ім прымчаўся з‑за акіяна сам Патрык Руа. Напэўна, Сцефановіч прыглянуўся яму не за прыгожыя вочы?

— Удалося паказаць сябе на юнацкім чэмпіянаце свету! І калі я быў на зборах у Маскве, мне патэлефанавалі. Званок раздаўся глыбокай ноччу. Я ўжо спаў у гэты час. Мой агент радасна крычыць у трубку: не палохайся, страшнага нічога не здарылася, віншую, цябе паставілі на юніёрскі драфт, можаш смела ехаць у Канаду. Я спачатку нічога не зразумеў, думаў, што сон. Пасля гэтага маці тэлефануе, бацька... тады да мяне дайшло. Праз некалькі дзён на сувязь зноў выйшаў агент і сказаў, што ў Гомель за мной прыедзе сам Патрык Руа.

— Мабыць, у госці да вас з начлегам?

— У нас двухпакаёвая кватэра. Дзе там размесціш усіх гасцей? Руа з агентам спыніліся ў гасцініцы «Турыст», знялі там VІР‑залу, заказалі вячэру. Вось так і гутарылі за круглым сталом: Руа, агент Аляксандр Тыжных, я, бацька і маці. Руа расказваў пра маю новую каманду, пра горад, дзе палова насельніцтва — французы, астатнія — канадцы, крыху ёсць амерыканцаў. Квебек — невялікі па маштабах гарадок, на беразе нейкай рэчкі. Там у іх лядовая арэна, школа, комплекс. Расказваў пра персанал, хто як працуе, пра ігракоў. У камандзе, дарэчы, іграе сын знакамітага Эспазіта.

— Для Гомеля прыезд Руа быў значнай падзеяй?

— Не ведаю, як для ўсяго горада, але для нашай каманды — дакладна. Хлопцы пачалі жартаваць з мяне: як, маўляў, будзеш размаўляць з Руа, на беларускай мове, ці што? (Смяецца.)

— Чаму б і не?! Наш прэзідэнт нядаўна сказаў, што спартсменам самы час вывучаць беларускую мову, бо нават кітайцы ўзяліся яе вывучаць.

— Па‑беларуску лягчэй пісаць, чым размаўляць — як чуеш, так і пішаш. Мову я разумею, але размаўляю з цяжкасцю. У школе неяк прымусілі вывучыць беларускі верш. Дык я вечарам вызубрыў, а раніцай прачнуўся з пустой галавой. Як здаваць? Даводзілася падманваць.

— Падманваць — нядобра!

— Да пятага класа я вучыўся добра. Маці пастаянна сачыла за маёй вучобай, правярала дзённік. Там усе прадметы былі на «выдатна», акрамя дысцыпліны. Мае паводзіны — суцэльнае «нездавальняюча». А што хацець? У адным класе — усе хакеісты. Увесь урок смяешся або наогул нічога не робіш, а потым на трэніроўку.

— Што было невыносным у школе?

— Калі на фізкультуры прымушалі што‑небудзь рабіць і нарматывы здаваць. Навошта мне гэта? Мне трэніровак хапае, а тут фізрук з секундамерам і лінейкай...

— Вы з дзяцінства былі такім змагаром за справядлівасць?

— Не. Па натуры я чалавек спакойны, ніколі не любіў шумных кампаній. Зараз, напрыклад, гляджу на дзяцей, як яны на вуліцы бегаюць, крычаць... З боку гэта непрыстойна.

— Вы ў дзяцінстве не сваволілі? Яркія эпізоды дзяцінства памятаеце?

— Памятаю, як нагу зламаў. Карусель у двары была, сабралася шмат дзяцей. Разагнаўся, раскруціў карусель — і нага нечакана засела.

— Бацька асаблівых вышынь у кар’еры не дасягнуў?

— Ну чаму ж? Пару разоў быў чэмпіёнам Беларусі. Гуляў за «Гродна», у «Цівалі». Яшчэ, па‑мойму, служыў у спартыўнай часці недзе ў Расіі.

— Ён быў абаронцам ці нападаючым?

— Нападаючым.

— Такі ж мабільны?

— Ён цяжэйшы. (Смяецца.) Большы вагой і меншы ростам. Мне падабалася, калі гуляў мой бацька, я праводзіў з ім увесь свой час, пастаянна бегаў глядзець трэніроўкі, матчы. З класа дзевятага закінуў школу, вучобу. На першым месцы быў толькі хакей.

— Як вы перабраліся з Гродна, дзе пачыналі гуляць у хакей, на берагі Сожа, у Гомель?

— Гэта доўгая гісторыя. Два гады да Гродна мы жылі ў Польшчы.

— Колькі вам гадоў было, калі жылі ў Польшчы?

— Гадоў пяць было. Там я пачаў катацца. Потым мы пераехалі ў Гродна, пасля гэтага ў Мінску жылі паўтара года. Бацька гуляў у «Дынама». Калі скончыў сваю кар’еру, яму прапанавалі стаць трэнерам. Я ў гэты час гуляў у фарм‑клубе «Дынама». Потым увесь трэнерскі штаб звольнілі разам з бацькам. Так мы апынуліся ў «Гомелі». Мяне туды яшчэ і раней клікаў мой трэнер, з якім я пачынаў займацца, але бацька катэгарычна адмаўляўся адпускаць мяне аднаго. Калі бацька стаў працаваць у клубе «Гомель», то дамовіўся з «Дынама» аб маім пераходзе.

— Усё роўна ў якім клубе гуляць, без розніцы?

— Не скажу, што ў «Дынама» былі ўсе ўмовы, якія ёсць у «Гомелі». Тыя ж раздзявальні. У Мінску адна на ўсіх, а ў Гомелі ў хакеістаў кожнага ўзросту свая раздзявальня. І не трэба хадзіць сюды‑туды з клюшкай і канькамі. Мне там больш падабаецца, чым у любым іншым горадзе.

— Няважна, дзе чалавек нарадзіўся — у Мінску, Канадзе або Швецыі, каб стаць класным хакеістам?

— Лічу, што гэта больш ад прыроды даецца. Але ўсё астатняе, канешне ж, — жаданне і работа. За кошт упартай працы можна дабіцца ўсяго, чаго захочаш. Але як быць, калі хакеіст не разумее і не чытае гульню? Канешне, тут ужо і прыродны дар не дапаможа. Можна заўважыць, хто халтурыць, а хто добрасумленна гуляе. Галоўнае — вынік.

— Не дзіўна, што ў матчы з «Віцебскам» вам удалося забіць чатыры шайбы.

— Бацька сказаў: не зазнавайся! Ён больш сварыцца на мяне, чым хваліць. Спачатку трэнер накрычыць, а потым яшчэ дома бацька ўваліць у два разы больш — за ўсе памылкі і пралікі.

— Трэнер Уладзімір Сініцын, мабыць, крычыць таму, што хоча, каб з вас выйшаў толк. Можа лічыць, што вы на «зорную» хваробу хварэеце?

— Я просты хлопец. Якія зоркі? А нядаўна наогул камічны эпізод здарыўся. Я стаяў за бортам і не пачуў, як ён мне штосьці сказаў. Жартам пракрычаў: «Сцефановіч! «Зоркай» сябе адчуў? Зойдзеш пасля трэніроўкі, пагаворым».

— Бывае, што ў матчах памыляецеся? Ці заўсёды ўсё атрымліваецца?

— Я заўважыў, што калі ў пачатку гульні ў мяне нічога не клеіцца, то так будзе да канца матча: не заб’ю ніводнага гола. Калі гульня пайшла, то мяне не спыніць, пастаянна рвуся ў атаку. А вось абараняць свае вароты пакуль не навучыўся. Я думаю, з часам усё будзе нармальна. Ад настрою таксама многае залежыць.

— Бачу, на трэніроўках усміхаецеся. Значыць, усё добра?

— Гэта я так, ад няма чаго рабіць. (Смяецца.) Стаіш гадзіну, пакуль да цябе чарга дойдзе.

— Што‑небудзь асабіста вас адрознівае ад вашых партнёраў па лядовай пляцоўцы?

— Можа, крыху большы, ды і ростам вымахаў будзь здароў — пад два метры. Але я ніколі не камплексаваў з‑за гэтага.

— Чым харчуецца наш волат?

— Макаронай. Рыс не люблю, хіба толькі калі плоў маці прыгатуе. Рыбу ем, філе курыцы.

— А бульбу?

— Калі на абед бульбу ўмінаць, а праз тры гадзіны гульня, то гэта не вельмі добра. Таму ў дзень матча доктар заказвае ўсім макарону і філе курыцы. А бацька пастаянна падкормлівае бананамі.

— Дык на бананах такім вялікім вымахалі?

— Можа быць.

— Па камплекцыі вы больш на абаронцу змахваеце.

— Я і пачынаў гуляць у хакеі абаронцам, але трэнер паставіў у нападзенне.

— З чаго пачынаецца ў вас камандная раніца, у раздзявальні?

— Хто каву п’е, хто есць, хто ў більярд гуляе. Музыка грыміць на ўсю, галава яшчэ нічога не варыць, спіш. Потым пабегаеш — і ўсё становіцца на свае месцы.

— Верыце ў Бога?

— Няма часу верыць (усміхаецца).

— Лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

— Ва ўсякім разе задаволены, як складваецца маё жыццё.

— Многія мараць гуляць у хакей, але сёння цэны на форму хакеіста проста касмічныя.

— Цалкам згодны. Але мне заўсёды бацька дапамагаў, за што я яму ўдзячны.

— Колькі каштуе клюшка, якой вы гуляеце?

— Долараў 400. Агент прывёз у падарунак клюшку Мікалая Жэрдзева, які ў «Каламбусе» гуляе.

— А форма ваша на колькі цягне?

— Усе рэчы па‑рознаму: шчыткі, майкі, гольфы... Самыя дарагія ў мяне канькі — долараў на 500 пацягнуць. А наогул ёсць намнога даражэйшыя. Асабліва новыя мадэлі.

— У вас канькі, напэўна, таксама асаблівыя?

— Звычайныя. Хтосьці любіць вастрэйшыя. Але на вельмі вострых каньках цяжка катацца, бо яны пастаянна правальваюцца ў лёд. Лепш, калі проста слізгаюць. Галоўнае — не падаць. У дзяцінстве я падаў, але потым набраўся вопыту. Ужо ведаю, як трэба.

— Цяжкая артылерыя!

— Я форму ўзважваў — кілаграмаў сем—восем.

— Не цяжка ў такіх даспехах?

— Цяжка ў пачатку сезона выходзіць на лёд. Такое адчуванне, быццам у скафандры знаходзішся (смяецца).

— У вас тата, мама, я — спартыўная сям’я?

— Мама расказвала, што таксама ў дзяцінстве спрабавала заняцца спортам — баскетболам. Нешта не склалася. Сястра яшчэ малодшая расце, ёй чатыры з паловай гады. Я яе аддаў бы ў які‑небудзь бег, марафон. У яе столькі энергіі, па кватэры, як па ўзлётнай!

— Вы дапамагаеце бацькам па гаспадарцы?

— Калі толькі смецце вынесці, заліць вадой локшыну, пасмажыць яечню і зварыць пельмені.

— Не цяжка будзе аднаму ў Канадзе?

— Мне не прывыкаць. Буду настойліва вучыць англійскую, з Сяргеем Касціцыным сябраваць, калі мяне на забудзе (смяецца). Там, акрамя яго, нікога не ведаю.

— Клубы ўжо дамовіліся аб грашовай кампенсацыі за ваш ад’езд?

— Дамаўляюцца яшчэ.

— А ў вашага партнёра Дзмітрыя Корабава якія шанцы паехаць у Канаду?

— Я не ведаю, чаго сам Дзіма хоча. Будзе жаданне — паедзе.

— Мы зараз размаўляем у такі гістарычны момант: вам 18 гадоў, нашай газеце — 90. Давайце заглянем у будучае і ўявім, што будзе праз 10 гадоў, калі вам стукне 28, а «Звяздзе» будзе ўжо 100?

— Дай Бог кожнаму дажыць да ста і заставацца заўсёды жывым і цікавым, як ваша газета. Спачатку хачу перадаць прывітанне ўсім чытачам «Звязды» і сказаць, што ў свае 28 я спадзяюся таксама стаць яркай зоркай. Але самае галоўнае, што хоць я і паеду ў Канаду, а сваю Радзіму ні на што не прамяняю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?