02.04.2013 / 14:00

Прафесар Швед выступіў з адкрытым лістом: Маё звальненне — палітычнае 49

Прыводзім адкрыты ліст прафесара Вячаслава Шведа цалкам.

Доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед фактычна звольнены з Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. Спачатку яго звольнілі з пасады загадчыка кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, а 1 красавіка Рада ўніверсітэта не абрала яго на пасаду прафесара па конкурсе.

Прафесар Вячаслаў Швед выступіў з адкрытым лістом да выкладчыкаў Гродзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы.

Шаноўныя калегі!

У канцы сакавіка 2013 г. скончыўся мой кантракт на пасадзе загадчыка кафедры і мне прапанавалі перайсці на пасаду прафесара. Я прайшоў усе патрэбныя працэдуры. Конкурсная камісія, прааналізаваўшы маю працу за апошнія 5 гадоў, адзінагалосна рэкамендавала маю кандыдатуру да ўдзелу ў конкурсе на радзе ўніверсітэту.

1 красавіка 2013 г. на радзе ўніверсітэту адбылося галасаванне. Вынікі яго (30 — «за», 41 — «супраць») відавочна сфальсіфікаваныя.

Так галасаваць людзі, якія мяне добра ведаюць, не маглі. Лічу, што ніякіх падстаў для такога выніку не было, бо за чарговыя 5 гадоў працы мной было надрукавана 28 навуковых і 3 навукова-метадычныя працы (у тым ліку з грыфам Міністэрства адукацыі). Я кірую дзяржбюджэтнай тэмай «Турыстычная ацэнка помнікаў гісторыі і культуры Панямоння». Удзельнічаў у некалькіх камерцыйных тэмах. Дапамог гарвыканкаму і ўніверсітэту атрымаць міжнародныя праекты, фінансаванне якіх ужо пачалося. Папулярызую гісторыю Гарадзеншчыны і яе турыстычныя рэсурсы.

Я працаваў з Вамі звыш 30 гадоў. За гэты час я прайшоў шлях ад асістэнта да загадчыка кафедры, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Па маёй ініцыятыве была створана кафедра турызму, а затым і факультэт турызму і сэрвісу, на якім цяпер адныя з самых вялікіх конкурсаў сярод абітурыентаў.
Кафедра ў 2012 г. дала прыбытак універсітэту на суму 286 млн руб. Дзякуючы маёй ідэі, універсітэт удзельнічае ў праекце праграмы «Трансграничное сотрудничество «Польша–Беларусь–Украина – 2007–2013» — «Повышение привлекательности трансграничного региона путём включения этнокультурных ресурсов в туристическую деятельность (акроним – Путешествие в этносказку)».

За 30 гадоў працы я маю наступныя навуковыя дасягненні: публікацыяў — усяго 287, сярод іх 4 манаграфіі, 10 кніг, 5 навучальных дапаможнікаў.

А таму ўпэўнены, што маё звальненне з’яўляецца палітычным рашэннем — помстай за выдадзеную кнігу “Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада”. Гэтая кніга была напісана па маёй ідэі, я стварыў калектыў аўтараў, кіраваў ім, напісаў больш за палову кнігі, рэдагаваў яе.
Кніга была напісана па просьбе настаўнікаў Горадні, якія працавалі са школьнікамі па факультатыўнаму курсе «Гродназнаўства». Курс быў уведзены рашэннем сесіі гарсавету па ініцыятыве яго дэпутата А. Ласьмінскага, які ўхваліў і напісанне падручніка. Апошні быў выданы двума выданнямі ў Гарадзенскім універсітэце пасля двухгадовых хаджэнняў у аблвыканкам, які так і не знайшоў грошай на выданне. Затым толькі было здзейснена трэцяе выданне ў Вроцлаве, у друкарні Польскай акадэміі навук.
Абвінавачанні аўтараў у падпольным выданні такім чынам беспадстаўныя. Падкрэсліваю, што ў Польшчы выдадзена кніга, а не падручнік, у чым таксама абвінавачваюць аўтараў. Мы таксама мелі права выбраць храналагічны перыяд гісторыі Горадні, пра які і напісалі тэкст — да 1994 г., што ставяць нам у віну.

Паважаныя калегі, я не прашу Вашай дапамогі. Я хачу растлумачыць сваю пазіцыю і каб Вы ведалі, што я заўсёды пісаў свае творы, абапіраючыся на гістарычныя факты. За што сярод сваіх калег-гісторыкаў заслужыў прызнанне глыбокага і аб’ектыўнага гісторыка.

Прафесар Вячаслаў Швед

***

«У сваім універсітэце і ў Гродне ўвогуле я нічога не даб’юся. Ёсць загад і ён выконваецца вельмі жорстка. Не возьмуць нават дворнікам», — падзяліўся сваімі перспектывамі з карэспандэнтам «НН» прафесар Швед.

Ён кажа, што звольнены дэ-факта, калі ж будзе звольнены дэ-юрэ. пакуль не ведае. «Паводле ўніверсітэцкіх правілаў выкладчык, які не прайшоў на пасаду прафесара па конкурсе, аўтаматычна звальняецца з працы. Я ведаю, што буду звольнены абавязкова. гэта пытанне часу».

Вячаслаў Швед пакуль не мае варыянтаў працаўладкавання. «Мушу ўсё абдумаць, абмеркаваць».

nn.by

0
голас з цемры / Адказаць
02.04.2013 / 14:20
На жаль, такая сітуацыя тыповая для нашых вну. На словах будуць падтрымліваць, выказваць спачуванні, а за спінай - кукіш трымаць. Такія недарэчныя вынікі галасавання відавочна сведчаць аб змове, а магчыма і прафесійнай зайздрасці. Трымайцеся, шаноўны доктар, і не схіляйце галаву! Што тут зробіш, подласць была ва ўсе часы...
0
Kus / Адказаць
02.04.2013 / 14:21
http://www.grsu.by/ru/contacts/appeal/ пішам просьбу спыніць пераслед па палітычных матывах
0
Павел / Адказаць
02.04.2013 / 14:34
Не совсем четко понимаю в чем заключается колкость книги в глазах чиновников, но за эти совковые 'понятия' стыдно. Человек работал в своей области науки десятилетия, выдал большое количество литературы, а его просто списывают. У такой государственной системы нет будущего и народ обречен деградировать.
Паказаць усе каментары/ 49 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру