Сітуацыя з паводкамі пад кантролем, сіл і сродкаў для прыняцця неабходных мер у выпадку ўскладнення становішча дастаткова.
Пра гэта паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, адказваючы 2 красавіка ў Мінску на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Міністр сказаў, што ў Беларусі «прагназуюцца паводкі вышэйшыя за шматгадовыя назіранні».

«Найбольш схільныя да паводкі будуць раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей, але ёсць пытанні і па іншых абласцях.
Найбольш схільны да падтаплення Мазырскі раён. Падтоплены чатыры жылыя дамы, 227 падворкаў, 106 дачных дамоў. Але праблем, якія ўплываюць на жыццядзейнасць насельніцтва, няма», — паведаміў ён.

Паводле слоў Вашчанкі, «урад надае пытанню павышаную ўвагу». «Асаблівая ўвага звернута на тое, каб узяць на ўлік усе магчымыя дамы, якія могуць трапіць у зону падтаплення.

Вызначаны месцы ў выпадку неабходнасці эвакуацыі насельніцтва і свойскіх жывёл, маёмасці. Асаблівая трывога была выказана наконт утрымання штучных вадаёмаў, спраўнага ўтрымання гідразбудаванняў», — сказаў ён.

Як адзначыў кіраўнік МНС, «улічаны рэзервы матэрыяльных сродкаў, друз, пясок, тэхніка». «Пры неабходнасці будуць пераведзены на двухзменны рэжым працы падраздзяленні МНС. На сёння праведзена дадатковае аснашчэнне. У цэлым нашы падраздзяленні забяспечаны плыўсродкамі, вядзецца пастаянны маніторынг сітуацыі», — сказаў ён.

Паводле слоў Вашчанкі, супрацьпаводкавая праца вядзецца сумесна з іншымі органамі, у тым ліку суседніх краін, у прыватнасці Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?