За сваю гісторыю «Советская Белоруссия» некалькі разоў зьмяняла аблічча. Выходзіла і па‑беларуску і па‑расейску, была памочніцай беларусізацыі ў 1920‑я гады і інструмэнтам сталінскіх рэпрэсіяў у 1930‑я, рупарам камуністычнай прапаганды і люстэркам нараджэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Сёньняшняя «СБ» створана паводле вобразу й падабенства свайго нязьменнага галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча — вядомага за савецкім часам фэльетаніста й футбольнага аглядальніка.

У «СБ» спадар Якубовіч выпрацаваў канцэпцыю масавага грамадзка‑палітычнага выданьня, узяўшы на ўзбраеньне мэтады «нізкай прэсы» — папулярных часопісаў, якія пішуць пра кухню, спорт, здароўе ці аўтамабілі. Кожны нумар цяперашняй прэзыдэнцкай газэты поўны характэрных загалоўкаў: «В Кабуле все спокойно», «Два мгновения весны…», «Шенгенная инженерия», «Жатва не терпит суеты», «Паркуй железо, пока горячо!», «Не в бровь, а в Глазго», «В чем правда, блат?», «Если человек не идет к суррогату…», «Особенности национальной заботы», «Тоска объявлений», «Сайт уполномочен заявить», «Не верь, не бойся, не дрожи»…

Для параўнаньня варта ўзяць які‑небудзь расейскі часопіс зь вялікага мноства тых, што прызначаны для чытаньня ў цягніку і прадаюцца, галоўным чынам, на вакзалах, а там — цэлыя россыпы падобнай журналістыкі: «Кашель бьет без промаха» ці «Без права на лишний килограмм» ці «Пицца — застолья птица» ці «ОСАГО с человеческим лицом»… Стыль загалоўкаў — той самы, стыль артыкулаў — таксама. У літаратуры гэты стыль называюць перасьмешніцтвам. Бярэцца знаёмы кожнай постсавецкай галаве штамп і перакручваецца на свой лад. Некалі такім перасьмешніцтвам і займаліся савецкія фэльетаністы. Але ў савецкіх газэтах яны займалі строга вызначанае для іх месца — на апошняй паласе. У выпадку ж «Советской Белоруссии» гэты прыём быў ужыты татальна — для ўсіх палос і тэм. Фактычна гэта адна вялікая «Пятніца» з колішняй «Знамя Юности». Як вынік — шалёная папулярнасьць у публікі і… пустата пасьля прачытаньня.

Перасьмешніцтва заўжды другаснае, бо адштурхоўваецца ад першаўзору. Нічога арыгінальнага ці эксклюзіўнага ў такім жанры ня можа быць паводле вызначэньня. Таму ўся «СБ» ператварылася ў адзін фэльетон савецкага кшталту — лёгка і масава чытаецца, але нічога не пакідае ані ў думках, ані ў душы. Як той красворд.

У цалкам забаўляльным кантэксьце «СБ» немагчыма ўявіць сабе сур’ёзны аналітычны матэрыял, які б выклікаў палеміку ў грамадзтве. Бо аналітыкі «СБ» — таксама перасьмешнікі. Напрыклад, калі жанчына‑мэдык скардзіцца ў рэдакцыю на нізкія заробкі лекараў, дасужы газэтны «аналітык» заўважае: дык і ня ўсе ж лекары працуюць у мэдыцыне паводле прызваньня! Калі б «аналітык» меў прозьвішча Петрасян, чытачам упару было б разрагатацца над такой «аналітыкай». Але прозьвішча незнаёмае, і застаецца толькі неўразумела сьцепануць плячыма.

У «СБ» ня можа выказацца Асоба, якую хвалюе лёс краіны. Напрыклад, папулярны ў незалежных СМІ філёзаф Валянцін Акудовіч ці народны паэт Ніл Гілевіч альбо знакаміты музыка Лявон Вольскі. Іх там ня можа быць, бо яны — зь іншага жанру, не перасьмешнікі. Нават панылыя даклады ідэолягаў адміністрацыі Лукашэнкі, як зрэшты і сьпічы самога прэзыдэнта, тут не ўспрымаюцца сур’ёзна — як тое бывала ў савецкія часы, калі фэльетону было адведзенае сваё месца, дырэктыве — сваё, а на палосах іншы раз зьяўляліся сапраўды праблемныя тэксты.

Нават русіфікатарская роля, якую мусіць выконваць «Советская Белоруссия», падкрэсьлена несур’ёзная. Да прыкладу, кожны беларус, паводле «СБ», павінен ведаць, хто такі Гальцаў і ўспрымаць яго як свайго.

Фэльетон чытаецца ўзахапкі, падымае настрой, але зараз жа вылятае з галавы, бо ня мае дачыненьня да рэальнага жыцьця.

Фармальна «СБ» можна было б аднесьці да карнавальнай культуры постсавецкага часу. У прынцыпе гэта нармальна, бо й цыркавы балаган на базары — таксама патрэбная зьява. Але — у свой час і ў сваім месцы. Калі ж гэты цырк называюць органам адміністрацыі прэзыдэнта, робіцца яшчэ «весялей». Стваральнікі «СБ» гэта ўсё, вядома, разумеюць. І каб адначасова ня страціць сваёй масавасьці і захаваць апеку першай асобы краіны, выстаўляюць рэклямны контрслоган: «СБ» — салідная газэта!»

Насамрэч «СБ» ня толькі не салідная, а падкрэсьлена несалідная газэта. На яе аўтарытэт ніколі не спасылаюцца рэальна салідныя СМІ за мяжой, бо аўтарытэту ў «СБ» няма. Нельга, аналізуючы палітыку, эканоміку ці культуру, спасылацца на часопіс красвордаў ці газэту кулінарных рэцэптаў. Але тое, што «СБ» несалідная, для яе самой і для чысьціні жанру — добра. Бо ніхто ня пойдзе ў «салідны» цырк і не прыпыніцца каля «саліднага» базарнага балагану. Адсюль і неапраўданыя вінавачаньні «СБ» у хлусьні. Вы ж ня станеце вінаваціць факіра, які выдыхае агнём пасярод базарнага балагану, што ён вас падманвае. Як нармальны чалавек, вы пазахапляецеся відовішчам і ўкінеце ў факіраву шапку свае тры, а можа, нават, і трыццаць тысяч.

Напрыканцы нам застаецца павіншаваць калег з круглай датай і пажадаць далейшага поступу ў разьвіцьці савецкага фэльетоннага жанру. Помніцца, найвышэйшым пілятажам гэтага жанру лічылася пісаць рытмізаванай прозай, што мела ашаламляльны посьпех у публікі, а то нават і вершам.

Сымон Музыка, газэта Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0