10.08.2007 / 15:27

Выгнаньне ў рай 1

Новымі межамі ня быў задаволены ніхто. Палякі атрымалі Ўроцлаў, Гданьск, Ольштын, але дагэтуль бядуюць па страчаных Вільні і Львове Беларусы атрымалі Заходнюю Беларусь, але марылі пра Вільню.

Жыў-быў вясковы шавец. І вырушыў ён аднойчы ў пілігрымку да Сьвятой зямлі. І спаткаў па дарозе арханёла Гаўрыіла. Захацелася шаўцу пры такой нагодзе даведацца, а дзе ж ёсьць рай і як ён выглядае.

«Найперш убачыш карчму», — кажа арханёл. Дзіўна стала шаўцу, што і ў раі ёсьць корчмы, але маўчыць, далей слухае. А ягоны незвычайны суразмоўнік далей апавядае, якія там дарогі, хаты, сады. «Дык то ж мая вёска!» — вырвалася ў зьдзіўленага шаўца. «То вяртайся, чалавеча, назад, — мо пасьпееш, бо нядоўга засталося твайму раю існаваць на зямлі».

Такую казачку прыводзіць нямецкі пісьменьнік Арно Сурмінскі ў адной са сваіх кніг пра Мазуры — цяпер польскія землі, а калісь, да вайны, — нямецкія. Дзяцінства аўтара там і прайшло.

Нядаўна давялося і мне наведаць гэтыя мясьціны. А раней — бываў і на іншых землях, якія былі аддадзены Польшчы вялікадушнымі пераможцамі. Гадоў шэсьцьсот таму яны належалі польскай кароне, і, вядома ж, польскія патрыёты пра гэта ніколі не забываліся. Як і нямецкія, якія за гэты час стараліся «выцерабіць» і найменшыя парасткі польскасьці.

Новымі межамі ня быў задаволены ніхто. Палякі атрымалі Ўроцлаў, Гданьск, Ольштын і іншыя гарады, але дагэтуль бядуюць па страчаных Вільні і Львове («У Літве няма польскага гандлёвага прадстаўніцтва празь неабгрунтаваныя прэтэнзіі літоўцаў на Вільню» — радок зь міжваеннага польскага школьнага падручніка геаграфіі). Беларусы атрымалі Заходнюю Беларусь, але марылі пра Вільню. Літоўцы атрымалі Вільню і Клайпеду, але хацелі б мець і Сувалкі. Ну і, вядома, немцы ня могуць забыцца, адкуль Сталін, бы крошкі са стала, змахнуў ажно 15 мільёнаў.

Старыя-новыя землі трэба было кімсьці засяліць. Было прынятае рашэньне дазволіць усім каталікам з заходніх абласьцей СССР перасяліцца на вызваленыя тэрыторыі. Хто ехаў і праўда па сваёй ахвоце, марачы выратавацца ад сталінскага пекла, а хто ў «добровольно-принудительном» парадку. Саветы пазбаўляліся «гнілога элемэнту», а палякі займелі новых грамадзян.

І вось падарожнічаеш цяпер па гэтых вёсках зь нязвыклымі для беларускага вока цаглянымі дамамі, крытымі дахоўкай, і ўсюды заўважаеш адзін і той жа абразок: як пасяліліся тут людзі паўстагодзьдзя таму назад, так і не дакрануліся ні да чаго. Стаіць домік — добра, развальваецца — няхай. Рукі ня горнуцца. Чужое. А ў падсьвядомасьці варушыцца думка — як далі, так і адабраць могуць. Сёньня прывезьлі — заўтра вывезуць. То што пуп ірваць. Тым болей, ня тут ён рэзаны, гэты пупок. А значыць, і старонка нямілая. Дый высьветлілася, што й тут «калхозы», хай і называюцца іначай. І ўсё — чужое ўдвая.

Едзеш звыклай палявой дарогай. Звыклай, ды не зусім — бо выкладзена бэтоннымі плітамі. Дзе-нідзе — прагалы. Спатрэбіліся камусь будаўнічыя матэрыялы. Дарога абсаджана старымі вербамі, але ніводнай цэлай — або абрэзаны па камель, або яшчэ й выпаленыя зь сярэдзіны. Няма чаго шкадаваць фашыстоўскія дрэвы.

З дрэвамі ля дарог дагэтуль вядзецца вайна, як і ў Беларусі. Бо часта даводзіцца ад стогадовага камля адшкрабаць якую «мазду» ці «таёту», на якой п’яныя маладзёны вярталіся з «забавы» (так у Польшчы называюцца «танцулькі»). Але да перамогі над дрэвамі далёка. Бач, у немцаў такія дарогі былі ўсе. Да адной.

Я гляджу на гэтыя краявіды асаблівым позіркам. Бо гэта магла быць і мая радзіма. Мой бацька таксама хацеў выехаць. Яму, досыць заможнаму гаспадару, а ў вайну яшчэ й «рагулёўцу», нічога добрага ад бальшавікоў не «сьвяціла». Але ў апошні момант — ці то пісар памыліўся, ці «органы» паклапаціліся — не аказалася яго ў сьпісах…

І не давялося мне нарадзіцца ў чужым раі. І ня ведаю, дзе яго шукаць — свой.

Але варта ўспомніць, што давялося перажыць нашым бацькам і дзядам — усе войны, ГУЛАГі, высяленьні й пакуты, каб зразумець: мы з вамі жывем калі не ў раі, дык ня ў пекле дакладна. Пекла ўжо было.

Алег Аблажэй, газэта Свабода

0
vaukalak / Адказаць
14.08.2007 / 18:57
Dlia amatarau "arx-aniolau" isnue kniha "Noch Svaroga". http://suncharion.narod.ru
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру