У Нямеччыне адчыняецца пэрсанальная выстава фотакарэспандэнта «Нашай Нівы».

«Фокус на Беларусі» — такую назву будзе мець выстава Андрэя Лянкевіча, якая адчыніцца 14 жніўня ў Дрэздэне (Нямеччына). Здымкі фотажурналіста — вытрымкі зь беларускай штодзённасьці: «простыя» людзі ў вёсках, міліцыянты на вуліцах, незалежныя мастакі, моладзь, незадаволеная сучаснасьцю, і мінулае, якое ніяк ня хоча сысьці ў нябыт.

Арганізатар выставы — Свэн Стайнбэрг, кіраўнік дрэздэнскага аб’яднаньня «оmpreuna — масты ва Ўсходнюю Эўропу», падкрэсьлівае: «Мы вельмі цешымся з магчымасьці прэзэнтаваць фотаздымкі Андрэя Лянкевіча ў Дрэздэне. Ён, несумненна, належыць да найбольш яскравых маладых талентаў сваёй краіны, якая, на жаль, успрымаецца ў Заходняй Эўропе кан’юнктурна і абмежавана — найперш у палітычным кантэксьце».

Мэта выставы — паказаць шматлікія вымярэньні рэальнасьці Беларусі, забытай краіны Эўропы. «Зь іншага боку, мы таксама хочам паказаць шырокай грамадзкасьці, які патэнцыял мае маладая Беларусь, найперш — на прыкладзе працаў Андрэя Лянкевіча, — кажа Свэн Стайнбэрг. — У любым выпадку, будучыня Беларусі адкрываецца ў новай пэрспэктыве, пра якую варта паразважаць глыбей». У ад¬крыцьці выставы, якая будзе суправаджацца шырокай культурніцкай праграмай, прыме ўдзел сам аўтар здымкаў. Працы Андрэя Лянкевіча, фотажурналіста, прэзэнтаваныя на выставе, будуць таксама выдадзеныя каталёгам (наклад 1300 асобнікаў).

Алесь Кудрыцкі

Позiрк у невядомую краiну

Часам вобразы эпохі, а часам — гогалеўскія гратэскі. Пра працы Андрэя Лянкевіча піша нямецкі журналіст Інго Пэтц.

Icнуе ня так шмат фатографаў, якiя могуць аб’ектыўна, без уплыву розных клiшэ адлюстраваць сёньняшнюю Беларусь, ды яшчэ паказаць пры гэтым яе гiстарычную i культурную раздробленасьць, палiтычную пасіўнасьць i адначасовую прагу зьменаў, яе няўстойлiвы аптымізм, бязьмежную весялосьць i крыклiвую лёгкасьць. Фатографу Андрэю Лянкевічу ўсё гэта ўдаецца. Ён стварае хронiку схаваных зьменаў, якiя пакiдаюць старую Беларусь па‑за сабой i адчыняюць новыя дзьверы.

У свае маладыя гады Лянкевіч валодае вялiкiм мастацкiм талентам, якi ўжо сёньня дазваляе назваць яго адным з найлепшых фатографаў краiны.

Лянкевіч мае востры кампазыцыйны позірк, ён умее бачыць і ствараць сцэны і выявы. Часьцяком падаецца, што ён нібыта рыхтуе невялiчкія тэатральныя сцэны. Але вынiк выходзіць ня столькi структураваным, колькi імправiзаваным. Аўтар захоўвае паэзiю натуральнага, валодае магiяй быць у патрэбны час у патрэбным месцы настолькi, што часам ажно захоплiвае дух.

Спалучэньне мастацтва i журналiстыкi лучыць Лянкевіча з такiмi вядомым фотарэпартэрамi, як Робэрт Капа або Генры Картэр Брэсан, якiх ён сам называе сваiмi прыкладaмi. Лянкевіч не прымае паставы палітычнага ці маральнага абвінаваўцы. Дакумэнтальнасьць — яго асноўны прынцып. Пры гэтым Лянкевіч стварае настолькі вялікую прастору для інтэрпрэтацыяў, што ў гледача застаецца права выбару. Гэта сьведчыць ня толькi пра дэмакратычнасьць фатографа, але i пра яго павагу да iншых людзей.

Фотаздымкi адлюстроўваюць нечаканыя моманты паўсядзённага жыцьця. Ён зьяўляецца адным з працiўнiкаў iнсцэнiраваных фотаздымкаў. У аўтакратычнай Беларусі, якая вонкі прэзэнтуе сябе хутчэй як інсцэніроўка, фасад, работы Лянкевіча адкрываюць від на рэчы, якiя ня так проста ўбачыць, робяць схаванае яўным, разбураюць фасад i паказваюць рэчаiснасьць: беларускае жыцьцё i яго дзiўныя кветкi.

Адзін са здымкаў зьяўляецца асабліва яскравым прыкладам мастацтва Лянкевіча. На ім мы бачым Кастрычніцкую плошчу ў Менску. Жанчына нясе савецкi сьцяг, і яго зьзяючы чырвоны колер зьяўляецца ледзьве не адзiнай каляровай плямай на малочна‑шэрым фоне перад Палацам Рэспублiкi. Жанчына трымае сьцяг у выпрастанай руцэ, быццам бярэ ўдзел у ваенным паходзе ці ідзе на чале параднай калёны. Але яна зусiм адна на гэтай вялiзнай плошчы перад манумэнтальным будынкам, захутаным у вэлюм туману, якi бязьлiтасна прарастае з фону i перабiрае пальцамi па каменьнях плошчы, нiбы па магiльных плiтах. Нам не вядома нi куды гэта жанчына iдзе, нi адкуль прыйшла, але дакладна ясна адно — яна мае свой iдэал, якi абараняе. I робiць яна гэта ня проста з гонарам, а нават зь нейкай дзiцячай упартасьцю. Нават гэтая мёртвая цiшыня, адзiнота, падкрэсьленыя манумэнтальнай архi¬тэктурай i туманам, ня могуць яе стрымаць.

Туман сымбалiзуе пагрозу, небясьпеку, нешта невядомае, магчыма, — адсутнасьць арыенціраў, якую беларусы адчулi на сабе пасьля распаду СССР, i якая прымусіла іх ухапіцца за старыя ідэалы і за нэасавецкасьць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Прычына гэтаму — боязь зьменаў. У гэтай жанчыне можна пабачыць вобраз сучаснай Беларусі, якая ізалявана, аднак самаўпэўнена крочыць у будучыню празь нежывую сучаснасьць. Але тут таксама схаваная iронiя. Ёсьць пэўная камічнасьць у тым, наколькі мэтанакiравана i цьвёрда крочыць па бязьлюднай плошчы гэтая жанчына са сьцягам мiнулых часоў у руках. Вялiзарныя пазбаўленыя знакаў жыцьця будынкi, ахінутыя туманам, ствараюць атмасфэру дэфармаванай фантастычнай казачнасьцi, якая быццам зьбiраецца нам паведамiць, што ў сьвеце, адлюстраваным на гэтым здымку, ня дзейнiчаюць звычайныя зямныя правiлы.

Наколькі шматузроўневая, наколькі шматзначная гэтая праца! Яе ары¬гiнальнасьць заключаецца ў спа¬лу¬чэньнi казачнага i фантастычнага, тая¬мнiчага, змрочнага, вясёлага, сьмешнага i мэлянхалiчнага. Яна падкрэсь¬лiвае ўпартую прагу да жыцьця, якую адчуваеш, прыехаўшы ў Беларусь, краiну часам падобную да Краiны цудаў, у якую трапiла Алiса.

Разам з фатографам мы наведваем вясельлi, таямнiчыя кабiнэты, мы iдзем на сустрэчу з працaўнiкaмi фабрыкi, на вясковае поле назiраць за пазбаўленымi фальшывай рамантыкi сялянамi. Не абыходзiцца i без смажаньня парасяці; той, хто ўжо ведае, што гэта такое, пацьвердзiць: сьвяты рытуал. I менавiта так Лянкевіч адлюстроўвае гэту працэдуру на фотаздымку, амаль як на iконе.

На iншым фотаздымку можна ўбачыць зухаватага маладога чалавека пад вялiзарным нацыянальным гербам. Маладое пакаленьне, якое не дазваляе дыктаваць сабе правiлы i якое нават пры моцным дзяржаўным кантролi адваявала сабе выспачку свабоды, таксама знаходзiць адлюстраваньне на фотаздымках. І гэта ня дзіўна: Лянкевіч сам да яго належыць.

Наступны прыпынак — дэманстрацыя, удзельнiкi якой шчыльна пры¬цiснуліся адзiн да аднаго. Пакрытыя сьнегам, у бледна‑аранжавым сьвятле лiхтароў, яны выглядаюць як несьмяротныя духі на карціне мастака‑рамантыка.

Фатограф паказвае нам дзяцей, якiя гуляюць з аўтаматам, дзяўчат, якiя шумна сьвяткуюць заканчэньне школы.

У пакоі мы сустракаем салдата, які, упрыгожаны рагамі аленя, знаёміць нас са сваімі дзецьмі. Ідылія. Дакладней — амаль ідылія.

Мы перажываем каталіцкія мшы і паганскія сьвяты.

На наступнай працы — шампанскае, нарэзаная кілбаса на стале перад тэлевізарам, у якім прамаўляе Лукашэнка.

Потым перад намі паўстае Дзед Мароз, якога сярод глыбокага сьнегу цкуюць аўчаркамі два аўтаматчыкі. Iзноў камiзм абсурду i фантастыкi, у які захутаныя фотаздымкi, які сваім зьместам нагадвае гогалеўскiя гратэскi. У гледачоў гэта можа выклiкаць як пачуцьцё дыскамфорту, няёмкасьцi, так i ўсьмешку. Не застаецца нічога іншага, як шукаць карані разбуранай ідыліі.

Такiя здымкi могуць выйсьці толькi тады, калi фатограф вызваляе сябе ад страхаў, прынудаў, абмежаваньняў, калi ён застаецца назiральнiкам, які здольны і хоча перакрочваць межы. Для гэтага патрэбныя стойкасьць, сьмеласьць i ўнутраная свабода. У Андрэя Лянкевіча ўсё гэта ёсьць. Ён належыць да новага пакаленьня беларусаў, чые творчыя здольнасьцi зьяўляюцца доказам таго, што, насуперак усім перашкодам, гэтая краiна зьменiцца. Гэтае пакаленьне марыць пра iншую, вольную i адкрытую Беларусь. Гэтыя мары ўжо доўгi час знаходзяць адлюстраваньне на жывой культурнай сцэне: у лiтаратуры, у мастацтве, у песьнях. Там таксама можна сустрэць фантастычныя, казачныя элемэнты, якiя або ўсхваляюць недасягальную краiну‑мару альбо сьмяюцца з псэўдасавецкіх дэкарацый, пабудаваных Лукашэнкам. Бадай, справа вось у чым: не такая гэта простая задача як для турыстаў, так i для самiх беларусаў — спазнаць i ўбачыць сапраўдную Беларусь.

Лянкевіч бярэ з сабой гледача, калi iдзе з фотакамэрай на сваё памежжа, туды, дзе сустракаюцца старая i новая Беларусь, дзе разбураецца iснуючая рэальнасьць i за былымi дэкарацыямi паўстае дзiўная i невядомая краiна. Як гарадзенец, Лянкевіч мае ідэальныя магчымасьці для таго, каб адкрываць гэтыя тонкія пераходы. З часоў заснаваньня Горадня зьмяніла шмат уладароў. Места вандравала паміж рознымі краінамі і культурамі, зьмянялася i самасьцьвярджалася. I ў сёньняшняй Беларусi гэты горад зьяўляцца выспай, населенай тымі, хто прагне зьменаў. Цяжка супрацьстаяць вятрам гiсторыi, не згу¬бiўшы пры гэтым галаву і, у вы¬ніку, самога сябе. Найлепш гэта ўдаецца тым, хто сам зьяўляецца востравам. Таму працы Лянкевіча маюць такое вялiкае значэньне. Яны — востраў, абдзіманы ветрам волi.

Інго Пэц

«Фокус на Беларусі»

Выстава працуе: 14.08—06.09.2007

Месца правядзеньня выставы: Kulturverein riesa efau, Adlergasse 14, 01067 Dresden
http://www.riesa‑efau.de

Расклад мерапрыемстваў:

Чацьвер, 16.08. 17.00
Адкрыцьцё выставы

Пятніца 17.08. 10.30—20.30

Дыскусія «Правы чалавека ў беларускай сучаснасьці»

Панядзелак 27.08. 20.00

Чытаньні «Фокус на Беларусі — маладая літаратура зь Беларусі і пра Беларусь»

Творы Надзеі Лажко, Артура Клінава, Інго Пэтца

Чацьвер 30.08. 20.00

«Фокус на Беларусі — 53! Вечарынка на дзень нараджэньня — для і без Аляксандра Лукашэнкі». Дыскатэка

Панядзелак 03.09. 20.00

Паказ дакумэнтальнага фільму «89 мм — жыцьцё ў апошняй дыктатуры Эўропы». Выступ рэжысэра Сэбасьцяна Хайнцэля

Чацьвер 06.09. 19.30

Закрыцьцё вэрнісажу.

Канцэрт гуртоў «Solche» і «Expertus» (Нямеччына). Дыскатэка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0