Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас лічыць, што адмова апазіцыі ад аб’яднання можа азначаць толькі адно — капітуляцыю. А ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі без кансалідацыі, ва ўмовах свядомай фальсіфікацыі выбараў, можа расцэньвацца толькі як ганебная імітацыя апазіцыйнай дзейнасці і падыгрыванне рэжыму.

«Без аб’яднання няма ніякай надзеі на перамогу»

— Не за гарамі прэзідэнцкая кампанія 2015 года. Апазіцыі час сур’ёзна задумацца, як супрацьстаяць Лукашэнку, які ўжо распрадае краіну расійскаму капіталу. Ці ёсць прыкметы яднання беларускай апазіцыі?

— Ёсць вельмі моцны пах нафталіну. Гэта значыць, калі ўсім гэтым будуць працягваць займацца тыя, хто вось ужо два дзясяткі гадоў безвынікова распрацоўвае нашу няшчасную апазіцыйную жылу, то, баюся, нейкіх прарываў чакаць не даводзіцца. Аднак, паколькі праблема, пра якую вы згадалі, датычыць нас усіх, то, лічу, варта падумаць пра тое, што і рашэнне гэтай праблемы — не іх манапольнае права.

— Ці зацікаўленая апазіцыя ў вылучэнні адзінага кандыдата? Многія кандыдаты мінулых выбараў кажуць, што шматгаловая кампанія аказалася нашмат больш паспяховай як двухгаловая. Пры гэтым забываюць пра яе трагічныя вынікі. Ці азначае гэта, што на наступных выбарах зноў імаверны парад апазіцыйных кандыдатаў?

— Думаю, ніхто сёння не можа гаварыць ад імя ўсёй апазіцыі. І хай Бог даруе тым, хто ганарыцца мінулай прэзідэнцкай кампаніяй.

З іншага боку, такія заявы — нагляднае тлумачэнне таго, што мы маем. Бо не дурныя ж яны людзі. І разумеюць, што без аб’яднання няма ніякай надзеі на перамогу.

Дарэчы, і ўлады гэта таксама разумеюць. І, калі хто не забыўся, стварэнне масоўкі кандыдатаў на апошніх прэзідэнцкіх выбарах усяляк віталася і падтрымлівалася менавіта ўладамі. Так што тая кампанія відавочна прайшла па сцэнары, напісаным на Кірава, 31. Дык як жа можна пасля гэтага ганарыцца тым, што дэмсілы аказаліся няздольнымі аб’яднацца, і пераконваць нас, што ўсё прайшло «паспяхова»? І кім трэба быць, каб верыць у такую лухту?

Здольнасць да кансалідаваных дзеянняў, уменне працаваць у камандзе, на агульны вынік — сёння крытэр прафесійнай прыдатнасці любога беларускага палітыка. Калі, вядома, разумець прафесіяналізм як дзейнасць, якая дае станоўчыя вынікі. У палітыцы станоўчым вынікам усё ж ёсць прыход да ўлады, а не толькі эфектныя пратэсты і красамоўнае выкрыццё злачынстваў рэжыму. Хоць і гэта, вядома, таксама важна, патрабуе вялікай мужнасці і да палітыкі мае непасрэднае дачыненне.

Таму скажу так: апазіцыя проста абавязаная адкінуць усё шкурнае і другараднае і пайсці на прэзідэнцкую кампанію адной калонай. Інакш перспектыва распродажу краіны, пра якую вы згадваеце, ператворыцца ў непазбежнасць. І віна за гэта будзе ляжаць не толькі на рэжыме, які, па сутнасці, не ведае, што творыць, але і на тых, хто ўсё разумее, але не робіць для прадухілення катастрофы таго, што ён можа і абавязаны рабіць.

— Уладзімір Някляеў заявіў, што ў 2013 годзе вызначаць адзінага кандыдата няма сэнсу — забалбочуць. Ці азначае гэта, што выпрацоўка механізму вылучэння адзінага кандыдата не вядзецца наогул?

— З Уладзімірам Някляевым магу пагадзіцца толькі ў той частцы, што, вядома ж, забалбочуць. Калі ўсё гэта зноў аддаць на водкуп тым, хто даўно зарэкамендаваў сябе як віртуозны «забалбатач» усяго, што можна і нельга. Так што ісці гэтым шляхам — сапраўды абы-што.

Адмова ад ідэі аб’яднання можа азначаць толькі адно — капітуляцыю. Прычым не толькі перад рэжымам, але і перад уласнымі амбіцыямі, абмежаванасцю, эгаізмам. А ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі без кансалідацыі, ва ўмовах свядомай фальсіфікацыі выбараў, можа расцэньвацца толькі як ганебна імітацыя апазіцыйнай дзейнасці і падыгрыванне рэжыму. Трэба пра ўсё гэта думаць. Што мы цяпер і робім.

«Апазіцыя проста абавязаная была выйграваць папярэднія прэзідэнцкія кампаніі»

— Традыцыйная памылка апазіцыі: адзіны кандыдат з’яўляецца перад самымі выбарамі, калі не застаецца ні сіл, ні часу на яго раскрутку. Бо нават сур’ёзна пахіснуты рэйтынг Лукашэнкі складае 33,4%, а найбольшы рэйтынг сярод лідараў апазіцыі — 5,1%, ва Уладзіміра Някляева. Што перашкаджае ўжо цяпер раскручваць найбольш папулярнага палітыка?

— Перашкаджае ўсё тое ж, пра што мы ўжо казалі. Дарэчы, гэтая памылка паўтаралася практычна на ўсіх прэзідэнцкіх выбарах за Аляксандрам Лукашэнкам. Народ так захапляецца ўсімі гэтымі манеўрамі, перамовамі з дуляй у кішэні, пераліваннем з пустога ў парожняе, што выбары і звязаныя з імі праблемы адыходзяць на другі план. І ўжо даходзіць да таго, што некаторыя апазіцыйныя мудрацы, якія не вылазяць з Брусэля і Страсбурга, з важным выглядам пачынаюць нас пераконваць, што «не трэба зацыклівацца на выбарах». Пры гэтым нельга выключаць імавернасці, што хтосьці проста шуміць і завальвае гэты працэс цалкам свядома, пераследуючы свае мэты.

— Ці магчымыя іншыя сцэнары ўдзелу апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі — без адзінага? Ці здолее апазіцыя сваімі сціплымі раз’яднанымі рэсурсамі працаваць, скажам, на двух кандыдатаў?

— Ведаеце, сцэнары можна пісаць якія заўгодна. Але, як некалі сказаў класік французскага кіно Ганс Абель, паміж сцэнаром і яго ўвасабленнем ляжыць прорва, у якую нярэдка правальваецца той, хто спрабуе яго рэалізаваць. А ў выпадку, калі сцэнар кепскі, такі вынік практычна гарантаваны.

Праводзячы гэтую кінематаграфічную паралель далей, можна параўнаць працэс удзелу нашай апазіцыі ў прэзідэнцкіх кампаніях са здымкамі фільма, у якіх спрабуюць удзельнічаць адразу некалькі рэжысёраў, прычым кожны са сваім сцэнаром, а некаторыя — і зусім не маючы ніякага сцэнару. Няцяжка ўявіць, які «прадукт» можа атрымацца ў выніку. А некаторыя нашы палітыкі лічаць такое «кіно» нормай, а вынік — «паспяховым»…

«Сцэнар» з дзвюма калонамі, як на мяне, — загадзя пройгрышны ўжо таму, што ён зноў расколвае апазіцыю. Такім чынам, тыя, хто падсоўвае нам такія сцэнарыі, зноў спрабуюць навязаць дэмакратычнаму актыву думку, што раз’яднанасць і ўнутраная канкурэнцыя — гэта нармальна, што цалкам можна праіснаваць і без кансалідацыі. Ну, а дзе дзве калоны, — там і тры, і пайшло-паехала.

— Паводле апошняга апытання НІСЭПД, 74,8% лічаць, што Беларусь мае патрэбу ў пераменах. Пры гэтым 43,4% давяраюць Лукашэнку, і толькі 13,01% давяраюць апазіцыйным палітычным партыям. Што павінная зрабіць апазіцыя, каб вярнуць давер народа?

— Складанасць сітуацыі ў тым, што беларуская апазіцыя выцесненая са сферы нармальнай грамадскай жыццядзейнасці. Гэта значыць, калі ты адэкватна рэагуеш на праявы свінства і ідыятызму, якія даволі часта маюць месца ў нашай краіне, ты падвяргаешся шальмаванню ў афіцыйных СМІ, пазбаўляешся шанцаў на прафесійны рост, і, вядома ж, цябе «заказваюць» на выбарах любога ўзроўню. У такой сітуацыі шанцы на павышэнне грамадскага рэйтынгу скарачаюцца да мінімуму. Яны ёсць, але патрабуюць мудрасці, вынаходлівасці, свежых рашэнняў і нечаканых хадоў. Вельмі важныя пры гэтым пачуццё локця, усеагульная падтрымка талковых і перспектыўных прапановаў і ініцыятываў.

А што адбываецца ў нас? Вось Рада БНР сабрала ў Вільні лідараў большасці апазіцыйных структур, якія падпісалі там Мемарандум за незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, найбольш важная частка якога — якраз супрацьстаянне згаданаму вамі распродажу краіны. Што ж робяць у дачыненні да гэтай важнай кансалідавальнай ініцыятывы некаторыя нашы апазіцыйныя дзеячы?

Адзін абрынае на Мемарандум абвінавачанні ў тым, што там не так расстаўленыя коскі.

Другі збірае ў Мінску былых дэпутатаў Вярхоўнага Савета і падпісвае з імі аналагічны тэкст, ні разу пры гэтым не згадаўшы пра Мемарандуме Рады БНР. Гэта значыць, дае зразумець, што ён і гэты Мемарандум, і тых, хто яго падпісаў, «ва ўпор не бачыць». Відавочна, што абодва пры гэтым імкнуцца перавесці фокус грамадскай увагі на сябе і павялічыць такім чынам асабісты палітычны капітал. Аднак насамрэч абодва робяць некалькі новых удараў сякерай па суку, на якім яны самі сядзяць.

Ну, і хто ж будзе такім давяраць свой лёс?

«Беларусы яшчэ не звар’яцелі канчаткова»

— Ці магчымыя наогул перамены ў грамадстве, дзе 70% адказалі, што трэба быць вельмі асцярожным у адносінах з людзьмі, і толькі 23,1% — што большасці людзей можна давяраць?

— Гэтыя лічбы кажуць пра тое, што беларусы, дзякуй Богу, яшчэ не звар’яцелі канчаткова. Сапраўды, у нашай сітуацыі з людзьмі трэба асцярожна. Не варта кідацца на шыю і раскрываць душу кожнаму сустрэчнаму. Цяпер, калі беларусы, дзякуй Богу, пачынаюць разумець сапраўдную «цану» таннага папулізму, іх давер можна заслужыць толькі канкрэтнымі справамі і канкрэтнымі вынікамі. Упэўнены, што выразна сфармуляваныя прапановы па пераменах, якія ўжо даўно і жыццёва нам усім неабходныя, знойдуць у нашага народа шырокую падтрымку. І прынясуць кандыдату, які выступае з такой праграмай, большасць галасоў. Я маю на ўвазе не афіцыйна замоўленыя «вынікі», а рэальна аддадзеныя галасы нашых грамадзян.

Ну, а калі кандыдат ад дэмакратычных сіл рэальна набярэ на выбарах большасць галасоў, то і людзі, і ўлада будуць паводзіць сябе зусім па-іншаму. Гэта магло адбыцца і на мінулай, і на ўсіх папярэдніх кампаніях. Апазіцыя проста абавязаная была на іх выйграваць. І значную частку адказнасці за тое, што гэтага не здарылася, павінныя ўзяць на сябе тыя, хто стаяў тады ля стырна апазіцыйных сіл.

Прадбачачы аргументы не згодных з гэтым сцверджаннем, адразу адкажу, што вынік кампаніі 2006 года мае прычынай зусім не тое, што на прэзідэнцкія выбары быў тады выстаўлены адзіны кандыдат ад дэмсілаў, а тое, што гэта здарылася, як вы ўжо правільна адзначылі вышэй, занадта позна. Ды і сапраўднай кансалідацыі тады так і не адбылося. Многія ўспрынялі перамогу Мілінкевіча проста як асабістую паразу і потым удзельнічалі ў працэсе чыста фармальна, «з халодным носам». А наогул высветліць, хто мае рацыю, а хто не, можа толькі рэальная справа. Дык чаму б хоць бы раз, хоць бы для разнастайнасці не аб’яднацца і не спрацаваць адной камандай?

— Ці можа Рада беларускай інтэлігенцыі прапанаваць апазіцыі свой сцэнар удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі?

— Прапановы ёсць, і, спадзяюся, хутка мы іх агучым. Хоць асноўныя тэзісы я ўжо выказаў падчас гэтага інтэрв’ю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?