Міністры замежных спраў Беларусі і Латвіі Уладзімір Макей і Эдгарс Рынкевічс сустрэнуцца 10 красавіка ў Віцебску. Пра гэта паінфармавала прэс-служба МЗС Беларусі.

Як паведамляецца, Макей і Рынкевіч абмяркуюць «увесь спектр актуальных пытанняў, якія тычацца развіцця беларуска-латвійскага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай галінах, а таксама ўзаемадзеяння па лініі Беларусь-ЕС».

У сустрэчы ў Віцебску ўдзел возьмуць таксама кіраўнікі памежных ведамстваў дзвюх краін Аляксандр Боечка і Нормундс Гарбарс.

Ад пэўнага часу беларускае замежнапалітычнае ведамства інтэнсіфікавала дыпламатычныя кантакты з мэтай вывесці кіраўніцтва краіны з-пад санкцый ЕС, уведзеных у адказ на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і несяброўскую палітыку Мінска.

Латвія традыцыйна была найбольшым праціўнікам санкцый супраць лукашэнкаўцаў. Беларускі і латвійскі бізнэс маюць прывілеяваныя сувязі. Гаворка ідзе пра экспарт нафты і нафтапрадуктаў, у тым ліку славутых растваральнікаў, праз латвійскія порты. 2-мільённая Латвія займае парадаксальнае 4-е месца сярод усіх краін, з якімі гандлюе Беларусь, па аб’ёме экспарту ў гэтую краіну. У 2012-м беларускі экспарт у Латвію склаў амаль 3,3 млрд даляраў, пры гэтым імпарт — усяго 0,15 млрд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?