Грамадзянка Польшчы Тэрэза Стшэлец, якой забаронены выезд з Беларусі, аб’явіла ў будынку польскага консульства ў Брэсце галадоўку, паведамляе Польскае радыё.

Стшэлец пратэстуе не толькі супраць незаконных дзеянняў беларускіх улад, але таксама з-за адсутнасці належнай, на яе думку, рэакцыі з боку Варшавы. У консульстве Польшчы ў Брэсце не сталі каментаваць інфармацыю аб галадоўцы Стшэлец.

Нагадаем, 20 сакавіка стала вядома, што ўжо два тыдні грамадзянку Польшчы Тэрэзу Стшэлец не выпускаюць з Беларусі — ад яе патрабуюць заплаціць падатак і пошліну за яе ж аўтамабіль, раней канфіскаваны і прададзены на падставе рашэння беларускага суда.

Стшэлец год таму пабывала ў Беларусі на экскурсіі і пакінула тут сваю машыну, якая сапсавалася ў дарозе.
Без дазволу Стшэлец аўтамабілем карыстаўся сын механіка, які рамантаваў машыну. Сына затрымала міліцыя, а машыну канфіскавалі і перадалі на склад мытні.
У студзені суд пастанавіў, што аўтамабіль павінен быць вернуты ўладальнікам, але яшчэ да пачатку судовага працэсу мытнікі прадалі машыну Стшэлец.

Зараз яны заявілі аб гатоўнасці вярнуць грошы за аўтамабіль, але адначасова запатрабавалі ад грамадзянкі Польшчы заплаціць 173,3 млн. рублёў — штрафныя санкцыі за тое, што транспартны сродак не быў вывезены ва ўстаноўленым парадку і ва ўстаноўлены тэрмін з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і пені за яго нявыплату.

Стшэлец адмовілася плаціць, і беларускі бок ануляваў яе візу, не дазволіўшы выехаць з краіны.

Пасольства Польшчы адправіла ў МЗС Беларусі дыпламатычную ноту аб лёсе затрыманай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?