«Сваю заяву кіраўнікі трох арганізацый — БНФ, „Гавары праўду“ і „За свабоду“ — назвалі „Больш Еўропы для Беларусі“, хоць чытаецца яно як „Хочам легітымную дыктатуру“. Менавіта гэтая мэта стаіць за ўсімі слоўнымі практыкаваннямі.

Цалкам відавочна, што сёння ў Еўропе зноў спрабуюць вярнуцца да не раз выпрабаванага і не раз праваленага сцэнара дыялогу з дыктатарам. Некаторыя еўрапейскія палітыкі і чыноўнікі ЕС „моцна стаміліся“ адстойваць свае ж прынцыпы свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Беларускія палітвязні з’яўляюцца ўсяго толькі прыкрай перашкодай на шляху да аднаўлення ранейшых адносін, сутнасць якіх зводзілася да слоўнай крытыцы парушэнняў правоў чалавека, але пры гэтым да нарошчвання дзелавой актыўнасці ў Беларусі пад кантролем дыктатуры. Усё гэта нязменна прыводзіла да ўмацавання дыктатуры і ўзмацнення рэпрэсій».

Андрэй Саннікаў перакананы: пасля 2010 года дыктатура ў Беларусі перайшла чарговую мяжу, перш за ўсё ў тым, што адкрыта пайшла на знішчэнне ўсёй апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

«Калі сёння стаўленне Еўропы да Лукашэнкі зменіцца, дыктатура лёгка дасягне сваёй мэты. Еўрасаюз заслугоўвае падзякі за сваю пазіцыю ў 2011 годзе і ў пачатку 2012 года. Яна была прынцыповай і ратавала жыцця тых, хто знаходзіўся за кратамі за свае перакананні. Нават рэзкія заявы, не кажучы ўжо пра кропкавыя санкцыі, дапамагалі нам выжыць у турмах і калоніях. Аднак сёння мы ўжо даўно не чуем такіх заяваў: ні з боку Еўрасаюза, ні з боку асобных дзяржаў. Наадварот, усё больш эмісараў спрабуюць нас супакоіць, пераканаць у тым, што палітвязняў вось-вось выпусцяць. Але нічога не адбываецца. Дакладней, адбываецца жахлівы ціск на нашых таварышаў, выбіванне памілаванняў, псіхалагічнае і фізічнае іх знішчэнне. Адбываюцца таксама гульні са спісамі палітвязняў, у якія ўцягнуліся і беларускія праваабарончыя арганізацыі. Дыктатар, падобна, мае поспех у гандлі жывымі людзьмі», — заявіў лідар «Еўрапейскай Беларусі».

Палітвязні працягваюць знаходзіцца за кратамі, а кантакты з дыктатурай актывізуюцца, канстатуе Саннікаў.

«Заява трох палітыкаў складзена па ўсіх правілах падобных дакументаў: выразна фармулюецца мэта, а потым рабі што хочаш. Можна, выстаўляючы ўмовы, спрачацца з самай мэтай, гаварыць аб абароне інтарэсаў народа, аб высокіх прынцыпах дэмакратыі — у астатку захаваецца сам пасыл, і менавіта ён будзе выкарыстоўвацца для апраўдання здачы пазіцый. Мэта ў заяве сфармуляваная выразна: поўнамаштабны дыялог і супрацоўніцтва з дыктатурай. Ну, а тое, што выдаецца за пернік, і так абмяркоўваецца сёння ў Еўропе: і візы, і навучанне студэнтаў, і памежныя паездкі і г.д. і да т.п.», — кажа палітык.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі адзначае, што час для заявы выбраны не выпадкова:

«Заўтра ў Брусэлі адбудзецца стратэгічнае пасяджэнне па Беларусі. Рашэнне аб аднаўленні дыялогу з дыктатарам некаторымі еўрачыноўнікамі ўжо падрыхтаванае. Патрэбен „голас грамадскасці“ з Беларусі. І гэты голас не прымусіў сябе чакаць у выглядзе заявы трох аб неабходнасці ўзнаўлення „поўнамаштабнага дыялогу“ з дыктатарам. Адразу скажу, што ні „Еўрапейскую Беларусь“, ні нашых непасрэдных саюзнікаў на гэтую сустрэчу не запрашалі і зрабілі ўсё, каб нас там не было».

Паколькі «Еўрапейская Беларусь» не будзе прысутнічаць на абмеркаванні стратэгічных рашэнняў, Андрэй Саннікаў зрабіў «сустрэчную прапанову» Еўрасаюзу:

«Запатрабуйце неадкладнага вызвалення ўсіх 13-ці палітвязняў і да іх вызвалення спыніце ўсе адносіны з дыктатурай, прыпыніце гандаль нафтапрадуктамі і імпарт калійных угнаенняў, замарозьце банкаўскія рахункі, не прымайце эмісараў дыктатуры і не адпраўляйце сваіх. Паверце, гэта спрацуе, калі вы сапраўды хочаце дапамагчы вызвалення палітвязняў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?