Андрэя і Руслана мы сустрэлі ў цэнтры горада. Пабачыўшы журналістак з камерай, яны захацелі распавесці штосьці важнае. Выгляд суразмоўцаў наводзіў на думку, што перад намі бяздомнікі. Імаверна, пасля чаркі-другой. Скептычна ацэньваючы важнасць таго, што яны нам могуць распавесці, мы ўсё ж уключылі камеру.

Як высветлілася, абодва мужчыны сапраўды ўжо колькі гадоў не маюць сталага месца жыхарства. Ночаць у прытулку на Ваўпшасава, 42.
А падзяліцца яны хацелі пра набалелае — бясхатнікі скардзіліся на бяспраўе асобных супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Адзін з іх, Руслан Нябукін, распавёў, што міліцыянер спачатку абакраў, а потым збіў яго.
Справа выглядала так: на ўваходзе ў метро «Міхалова» Руслана спыніў супрацоўнік міліцыі для праверкі дакументаў.

Пасля праверкі з пашпарта зніклі 200 тысяч беларускіх рублёў. На пытанне, куды падзеліся грошы, міліцыянер усміхнуўся і сказаў: «Забудзь». Затым, па словах мужчыны, праваахоўнік вывеў яго з метро ўбок вуліцы Уманскай і там ударыў дубінкай.

Бяздомнік зняў пабоі і напісаў заяву ў Следчы камітэт. Цяпер вядзецца разбор.
Руслан Нябукін — інвалід 2-ой групы, хворы на эпілепсію. Яму 47 год. Атрымлівае пенсію па інваліднасці, мільён трыста тысяч у месяц:

«Няхай аддасць, няхай аддасць!» — усё паўтараў наш выпадковы суразмоўца, спадзеючыся, што зможа вярнуць свае грошы.

Таварыш Руслана, Андрэй Ціханаў, сцвярджае, што міліцыянты збілі яго каля Чырвонага касцёла. Ды гэтак, што давялося выклікаць «хуткую»:

Распавёўшы пра набалелае, мужчына падзяліўся думкамі пра жыццё ў краіне:

Словы бяздомнага мужчыны супярэчныя, не без самаіроніі.

Ён скардзіцца, што «ў нас для людзей нічога не робіцца». Аднак пры гэтым жыве ў дзяржаўным прытулку на вуліцы Ваўпшасава.
Чалавек, які апынуўся на сацыяльным «дне», сцвярджае, што «ў нас людзі альбо алкаголікі, альбо «недалёкія».

Так, бясхатнікі не дадаюць камфорту іншых людзям, таму іх не любяць. Але яны таксама людзі і грамадзяне, таму гуманізм патрабуе, каб і іх скаргі ўважліва правяралі, і іх правы выконваліся.

Колькі ўсяго ў Беларусі такіх людзей, як нашы выпадковыя суразмоўцы?

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, бяздомнымі назвалі сябе ўсяго 587 беларусаў.
Яшчэ каля 5 тысяч пражываюць у «нежылых памяшканнях» і «іншых жылых памяшканнях» (вагонах, трэйлерах і да т.п.). А ў студзені гэтага года міністр працы і сацыяльнай абароны агучыла іншую колькасць бяздомных: 4 тысячы чалавек.

Больш па тэме: Бяздомныя: шкадаваць нельга асуджаць (відэаапытанне на вуліцах Мінска)

* * *

Ці варта верыць такім скаргам бясхатнікаў? Выказвайцеся ў каментах.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?