У Варшаве адкрылі школу практычнай палітыкі. Падчас уступнай лекцыі «Грамадзянін як актывіст у ЗША» Фрэнкі Сторм, намеснік аташэ па пытаннях культуры пасольства ЗША ў Польшчы, расказаў пра свой досвед грамадзяніна. Мерапрыемства цяжка было назваць лекцыяй. Хутчэй гэта была нефармальная размова. Я доўга шукала адказу на пытанне, у чым прычына нашай агульнай пасіўнасці, безадказнасці ды абыякавасці. Здаецца, знайшла.

Калі арганізатары прадставілі вядоўцу, некаторыя здзівіліся. Малады чалавек, якому з выгляду няма і трыццаці, расказвае пра свой жыццёвы досвед.
Некалькі грамадскіх арганізацый у сябе на радзіме, праца ў перадвыбарчым штабе ў Чылі, валанцёрства ў навучанні ангельскай мове імігрантаў… У свае маладыя гады хлопец займае пасаду намесніка аташэ ў пасольстве сваёй краіны. І гэта пры тым, што на Захадзе маладыя людзі працяглы час атрымліваюць адукацыю, падарожнічаюць, «жывуць для сябе», як модна казаць, а не робяць кар’еру ў нашым разуменні гэтага слова.
Беларуская моладзь мае іншыя прыярытэты. Дарослае жыццё мы пачынаем раней.
У 17 гадоў заканчвае школу, пасля ўніверсітэт, праца, сям’я… Мы жывём паводле загадзя падрыхтаванага для нас плана, і рэдкія людзі, якія жывуць па-іншаму, выклікаюць здзіўленне ў грамадства. Замкнёныя ў сабе, мы вельмі дрэнна ўяўляем, што такое ўзаемадапамога, салідарнасць, падтрымка, засяроджваемся на ўласных праблемах, не ведаючы, як знайсці рашэнне. Больш за тое, мы любім скідваць нашыя праблемы на дзяржаву, неспрыяльныя умовы, сонечнае зацьменне ці штосьці яшчэ, не жадаючы змяняцца і вырашаць свае праблемы самастойна. Калі заходняя моладзь кажа: «Я магу», мы кажам: «Калі б (далей доўгі спіс умоваў), я б, можа, і зрабіў». Толькі ўмовы самі не з’явяцца, а страчаны час — гэта страчаныя магчымасці.

Фрэнкі адразу ж прапанаваў перайсці на «ты», ён не адгароджваецца ад удзельнікаў сваёй пасадай, больш за тое, шчыра хоча, каб пасля сустрэчы засталося нешта большае, чым сказаныя ім словы. Ён шчыра хоча падзяліцца досведам. Усмешлівы, ён расказваў пра вельмі простыя рэчы, якія цяжка зразумець беларускаму слухачу.

Замест любімай беларусамі рыторыкі накшталт «Еўропа зрабіла чарговыя крокі…», «Расія хоча адабраць нашу незалежнасць…» гэты малады амерыканскі дыпламат на добрай польскай мове спрабаваў растлумачыць вельмі простае: не хтосьці прыйдзе і зробіць за мяне, а я павінен устаць і зрабіць.
Але гэта ж так складана, бо трэба зрабіць, а не ныць пра тое, што «гэта не ў нашай краіне» і «ўсе, апроч мяне». Пакуль у нашай ментальнасці словы «валанцёрства», «узаемадапамога», «салідарнасць» застаюцца толькі словамі, амерыканцы зрабілі гэта цэнтрам свайго маленькага свету і збудавалі на гэтым падмурку сваё жыццё, якое свет ахрысціў «амерыканскай марай».
Усе змены пачынаюцца з сябе. З адказнасці, якую мы бярэм на сябе штодня. За саміх сябе, за нашых каханых, дарагіх і блізкіх.
За нашыя сем’і і супольнасці і, урэшце, за краіну. З салідарнасці і падтрымкі, з узаемадапамогі, калі мы будзем гатовыя аддаваць частачку проста так, не патрабуючы нічога ўзамен. Калі будзем больш аддаваць, чым браць. Так будуецца грамадзянская супольнасць. Так з абывацеля чалавек ператвараецца ў грамадзяніна. Калі амерыканцы заклалі гэты прынцып у фундамент сваёй дзяржаўнасці, то нам гэта здаецца невыканальнай марай.
Быць як хтосьці, жыць як хтосьці… А навошта пражываць не сваё жыццё? Можа, час ажыццяўляць мары? Гэта ж так проста.
Хочаш жыць лепш? Пачынай дзейнічаць! Хочаш быць шчаслівым? Будзь ім! Хочаш, каб твая краіна была іншай, лепшай — зрабі яе такой, якой хочаш бачыць. Зрэшты, адзін чалавек так і зрабіў 19 гадоў таму. І заўсёды, што б ні здарылася, памятай, што змены пачынаюцца з цябе!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?