«Міралюбнасць і шматвектарнасць, прагматызм і паслядоўнасць — нарожныя камяні замежнай палітыкі Беларусі», — гэтак Лукашэнка кажа, атрымліваючы даверчыя граматы дыпламатаў замежных краін.
Падобныя прамовы гучаць падчас прэс-канферэнцый і выступаў у парламенце. Мантру пра «шматвектарнасць» паўтараюць дзяржаўныя СМІ.

Чарговая нагода загаварыць пра шматвектарнасць — візіты Лукашэнкі ў Інданэзію, Сінгапур і ААЭ. Вядома, падаецца гэта як вялікае дасягненне кіраўніцтва краіны ў цэлым і беларускай дыпламатыі ў прыватнасці.

«Наша Ніва» вырашыла падлічыць вектары беларускай дыпламатыі ў сапраўднасці. Для гэтага мы прааналізавалі сто апошніх візітаў Аляксандра Лукашэнкі ў замежжа.
Браліся і тыя, што сумяшчаліся з адпачынкам, бо фактычна ніколі прэс-служба не дае простым тэкстам, што лідар краіны накіраваўся ў адпачынак. Найчасцей гэта суправаджаецца нейкімі сустрэчамі.

«Сотым па даўнасці» візітам аказалася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна 5 чэрвеня 2004 у Сочы. Атрымліваецца, што ў сярэднім за год кіраўнік краіны здзяйсняе больш за 10 візітаў. Гэта звычайная лічба для прэзідэнтаў іншых краін. Прыкладна столькі ж разоў межы сваёй радзімы перасякаюць Уладзімір Пуцін ці Барак Абама.

Але, відаць, не бывае такога, каб кіраўнік незалежнай дзяржавы іншую краіну за год наведаў аж восем (!) разоў. А менавіта столькі разоў Лукашэнка быў у Расіі ў 2008. Найчасцей гэта суправаджалася сустрэчамі з кіраўніцтвам Расіі (за той год прэзідэнтамі пабылі і Пуцін, і Мядзведзеў). Але ездзіў Лукашэнка ў Белакаменную таксама на пахаванне патрыярха Аляксія ІІ (з жалобных мерапрыемстваў Лукашэнка яшчэ наведваў пахаванне Ельцына і Каракас, каб развітацца з Чавэсам) і для ўдзелу ў хакейным турніры.

У 2005 візітаў у Расію было сем, у 2006, 2009 — шэсць. У 2010, калі адносіны Беларусі і Расіі былі найгоршымі, НТВ паказвала разгромныя стужкі пра кіраўніка Беларусі, Лукашэнка ўсё адно прыязджаў да Мядзведзева аж тры разы.
У тым ліку адбылася сустрэча ў Маскве за дзевяць дзён да выбараў. Тады Расія паабяцала Беларусі грашовую дапамогу. А многія апазіцыйныя кандыдаты ў Беларусі развіталіся з ілюзіяй, што «Масква нам паможа».

Агулам ад 2004 года Лукашэнка быў у Расіі аж 46 разоў. Мабыць, гэта сусветны рэкорд. Фактычна, кожны другі візіт. Гэта паказчык нармальны для сатрапіі, але не для незалежнай краіны.

Для параўнання. Пуцін быў у Мінску восем разоў. Лічба таксама немалая, але відавочнага перакосу няма. У суседняй Украіне Пуцін быў 15 разоў, 11 разоў — у Нямеччыне, сем — у Італіі, шэсць — у Кітаі, пяць — у ЗША.

Дзмітрый Мядзведзеў за свой тэрмін увогуле наведаў Беларусь толькі двойчы. Роўна столькі ж, як Польшчу, Чэхію, Фінляндыю ці Японію. Нават у Азербайджане быў часцей у два разы, не кажучы ўжо пра ЗША, Нямеччыну ці Францыю.

СНД

Увогуле, з сотні візітаў тры чвэрці прыходзяцца ў краіны СНД. На другім месцы пасля Расіі ідзе Казахстан (10 разоў). Гэта і ўдзел ва ўсялякіх самітах, і асабістыя сустрэчы з Назарбаевым, і адпачынак на лыжным курорце Чымбулак.

Чатыры разы Лукашэнка быў у Туркменістане. Добра бачна, што інтэнсіўнасць візітаў павялічылася пасля прыходу да ўлады ў азіяцкай краіне прадказальнага Бердымухамедава, які некалькі разоў быў у Мінску. Пры Ніязаву такія сустрэчы былі радзейшымі.

Столькі ж, як у Туркменістане, Лукашэнка быў ва Украіне. Адна сустрэча была яшчэ з Віктарам Юшчанкам. Лукашэнка быў у Кіеве адразу пасля абрання Януковіча. Пасля сустракаўся з ім яшчэ. Але пасля таго, як украінскае кіраўніцтва не захацела бачыць кіраўніка Беларусі на 25-годдзі Чарнобыльскай трагедыі, кантакты пайшлі ўніз. Лукашэнка тады назваў Януковіча «вашывым».

Двойчы кіраўнік краіны лётаў у Азербайджан. Адзін з візітаў прыйшоўся на складаны чэрвень 2010, тады менавіта ў Баку Лукашэнка шукаў грошы, каб разлічыцца з расейскімі пазыкамі.

Цікава, што за гэтыя 10 гадоў Лукашэнка ніводнага разу не быў у Грузіі і Узбекістане.
Хоць Лукашэнка і сімпатызаваў Міхаілу Саакашвілі, некалькі разоў сустракаўся з ім на нейтральнай тэрыторыі, але ехаць у Тбілісі ў піку Маскве не рашыўся. Што датычыць Узбекістана, то ў Лукашэнкі і Карымава вельмі нацягнутыя адносіны яшчэ з першых гадоў прэзідэнцтва. У Мінску нават няма ўзбекскага пасольства (адзінага з постсавецкіх краін).

Сябра Уга

З іншых візітаў вылучаюцца ваяжы Аляксандра Лукашэнкі ў Лацінскую Амерыку. На другім канцы зямлі быў знойдзены венесуэльскі аміга. У Каракасе кіраўнік Беларусі гасціў чатыры разы.
Венесуэла разглядалася лукашэнкаўцамі як альтэрнатыва для паставак расійскай нафты. З Карыбскага мора ў бок Беларусі нават паплылі танкеры з палівам, але праз нейкі час ад гэтай ідэі было вырашана адмовіцца.

Разам з Венесуэлай былі наведванні і іншых краін рэгіёна — Бразіліі і Эквадора.

Вялікім дасягненнем Лукашэнка заўсёды падае сяброўства з Кітаем. У Паднябеснай беларускі лідар быў тройчы: у 2005, 2010, а таксама на адкрыцці Алімпіяды ў 2008.

Зразумела, што многія краіны, куды накіроўваюцца афіцыйныя дэлегацыі Беларусі, маюць не надта добрую рэпутацыю ў свеце. Іран і Куба таму пацверджанне.

Звяртае ўвагу, што на афрыканскім кантыненце Лукашэнка за 10 гадоў так і не пабываў.

Еўрапейскі прабел

Што даюць візіты ў Ліван ці В’етнам — сказаць цяжка. Таваразварот паміж нашымі краінамі зусім невялікі. Асноўныя нашы гандлёвыя партнёры Беларусі знаходзяцца ў Еўропе.

Наведваць гэтыя краіны Лукашэнка меў магчымасць у кароткі перыяд паміж 2009 — 2010. Тады кіраўнік краіны пабываў у Італіі, Літве, Сербіі, Турцыі. Пасля падзеяў 19 снежня 2010 такая магчымасць у Лукашэнкі знікла.

Таваразварот з Германіяй у 2011 склаў 4,3 мільярда даляраў, з Латвіяй — 3,2, з Польшчай — 2,4, з Італіяй — 1,5, з Літвой — 1,5. Вядома, гэтыя лічбы можна і трэба павялічваць. Гэта ўсё ж самы багаты рэгіён і самы ёмісты рынак свету. Але Беларусь упарта шукае шчасця недзе за краем свету.

А вось, напрыклад, у такой багатай, важнай і ўплывовай краіне, як Германія, Лукашэнка за апошняе дзесяцігоддзе не быў ні разу! У Польшчы — вялікі сусед і немалы рынак — таксама ні разу.
У Швецыі — краіне з перадавымі індустрыйнымі і сацыяльнымі тэхналогіямі, якая, нібы магутны цягнік, падцягвае да свайго ўзроўню краіны Балтыі, — таксама ні разу.

Паездка ў ЗША не павінна нікога ўводзіць у зман. У верасні 2005 Лукашэнка быў у Нью-Ёрку на пасяджэнні генеральнай асамблеі ААН. Што датычыць Швейцарыі, то там кіраўнік краіны адпачываў у пачатку 2010.

Выглядае, што рэальная шматвектарнасць зводзіцца да простай формулы: Расія, Расія, яшчэ Расія і трохі Казахстана.

100 апошніх замежных візітаў Лукашэнкі

Казахстан - 10
Венесуэла - 4
Украіна - 4
Кітай - 3
Куба - 2
ААЭ -- 2
Азербайджан - 2
Таджыкістан - 2
Кыргызстан - 2
Арменія - 2
ЗША (ААН) — 1
Іран — 1
Аман — 1
Індыя — 1
В’етнам — 1
Сербія — 1
Італія — 1
Літва — 1
Малдова — 1
Ліван — 1
Швейцарыя — 1
Бразілія — 1
Турцыя — 1
Катар — 1
Эквадор — 1
Інданэзія — 1
Сінгапур — 1

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?