Паміж радкамі sms можна расчытаць не толькі рысы характару вашага каханага, але і яго стаўленне да вас, кажуць псіхолагі. Варта толькі звярнуць увагу на некаторыя дробязі.

«Безназоўнае»

Смску, якая пачынаецца са слоў «Мілы (-ая)», «Дарлінг» ці нават «Адзіны (-ая)», вельмі зручна рассылаць па ўсім спісе кантактаў. Таму не ўскладайце вялікіх спадзяванняў на партнёра, што аддае перавагу такому звароту. Калі вы пакуль яшчэ «проста знаёмыя», а ён ужо называе вас не меней як «пуся», то, хутчэй за ўсё, вы маеце справу з асобай лёгкіх паводзінаў, якая прагне адносін без абавязкаў. Такі чалавек спрабуе зачараваць усё, што рухаецца, «на ўсялякі выпадак». Будзьце асцярожнымі, у гэтым выпадку вы — не мэта, а сродак для самасцвярджэння.

Засілле смайлаў

У прынцыпе, смайлы ў смсках — годная замена кропкам ды коскам. Яны не толькі б’юць тэкст на сэнсавыя кавалкі, але яшчэ і няблага перадаюць эмоцыі. У смайлах няма нічога заганнага, калі толькі іх колькасць не «зашкальвае». Бо гэта значыць, што вам «пашанцавала» адхапіць «вялікае дзіця» — незалежна ад таго, які год нараджэння стаіць у ягоным пашпарце.

Калі з’явілася такое падазрэнне — звярніце пільную ўвагу на жарты вашай сімпатыі. Амерыканскія навукоўцы лічаць, што за злоснымі кепікамі можа хавацца агульная незадаволенасць уласным жыццём. Да прыкладу, смс з тэкстам «Ты — дасканаласць:-)« — цалкам прыймальны (і нават болей). А вось «Ты — маё вушастае хараство:-)», пры наяўнасці ў вас нестандартных вушэй, сігналізуе пра магчымую праблему. Калі толькі цынікі — не вашая асабістая слабасць.

Залішняя педантычнасць

Ваш партнёр старанна расстаўляе ўсе знакі прыпынку і не выкарыстоўвае скарачэнняў? Пашыраная з’ява сярод педантаў ды занудаў, для якіх галоўнае — навучыць жыццю ўсіх навокал. Вам вырашаць, ці варта згаджацца на чыста фармальныя патрабаванні (а іх будзе ну вельмі шмат!) у абмен на добрасумленнасць і надзейнасць, уласцівыя такому чалавеку.

Процьма клічнікаў

Падчас асабістай сустрэчы гэтыя асобы часам паводзяць сябе досыць халодна. І толькі падчас дыстанцыйных стасункаў іх паведамленні міжволі выдаюць сакрэты гаспадароў. За падкрэсленай стрыманасцю часта хаваюцца вельмі пяшчотная душа і мноства самых розных эмоцый.

Напусціць туману

Нягледзячы на ўсе вашы смс-намаганні даведацца хоць нешта канкрэтнае пра вашага сябра (сяброўку) — у адказ не чытаеце амаль нічога, апроч смешачак ды сустрэчных пытанняў. Жаданне напусціць туману ды таямнічасці ў адносіны з галавою выдае залётнікаў, цвёрда упэўненых, што процілеглы пол вар’яцее ад іх рамантычных таямніцаў. Такім чынам яны спрабуюць павысіць свой рэйтынг.

Такое доўгае чаканне

Не спяшайцеся меркаваць, што ваш партнёр зусім абыякавы да вас, калі не атрымліваеце адказ на смску ў наступную ж секунду. Магчыма, ён не спяшаецца адказваць, бо ўпэўнены, што гэта надасць яму VIP-статус. Праўда, іншая падстава выглядае не гэтак весела. Калі ён, атрымаўшы вашае паведамленне, спачатку робіць «больш важныя» справы і толькі потым узгадвае пра адказ, задумайцеся, ці трэба вам такі «нетаропкі» прыхільнік.

І ўсё ж, як лічаць эксперты, галоўны паказальнік узаемнай зацікаўленасці партнёраў адно ў адным — своечасовы пераход ад смс-перапіскі да камунікацыі ўжывую

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0