10.04.2013 / 19:46

Якая песня павінна быць гімнам Беларусі? Запісы + апытанка 114

На Дзень Волі «Наша Ніва» падрыхтавала для чытачоў сайта караоке-спеў гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ў выкананні Вальжыны Цярэшчанкі. У каментарах пачалася спрэчка, ці можна лічыць гэтую кампазіцыю гімнам краіны. Выказваліся процілеглыя меркаванні.

Згоды ў пытаннях гімну няма. А выбар, сапраўды, вялікі і добры. Прапануем вашай увазе асноўныя варыянты.

«Мы выйдзем шчыльнымі радамі»

Ваяцкі марш, гімн Беларускай Народнай Рэспублікі. Аўтар тэксту — дэлегат Усебеларускага кангрэса 1917 года, пазней удзельнік Слуцкага паўстання Макар Краўцоў. Музыку напісаў Уладзімір Тэраўскі. «Ваяцкі марш» гучаў у часе Слуцкага збройнага чыну. З таго часу яго пачалі называць таксама «маршам Слуцкай брыгады». Папулярны быў у эмігранцкім асяродку, а пасля і ў самой Беларусі.

«Магутны Божа»

У 2002 годзе на сходзе грамадскасці і інтэлігенцыі ў Палацы мастацтваў менавіта «Магутны Божа» быў вылучаны на гімн Беларусі. За яго прагаласавала большасць удзельнікаў. Словы напісала Наталля Арсеннева, а музыку — Мікола Равенскі. Рэлігійная тэма, дарэчы, прысутнічае і ў гімнах іншых краін: «Божа, дабраславі Латвію», «Божа, абарані Новую Зеландыю», «Бог не пакіне Сурынам».

«Пагоня»

Верш Максіма Багдановіча, што праходзіцца ў школьнай праграме. Ёсць шмат варыянтаў выкання. Музыку пісалі многія кампазітары (Шчаглоў-Куліковіч, Туранкоў, Равенскі, Мулявін). Надзвычай папулярнае выкананне «Пагоні» на мелодыю Марсэльезы.

«Полацкі сшытак»

Мелодыя з «Полацкага сшытка» (XVII ст.) прынятая як гімн арганізацыі беларусаў свету «Бацькаўшчына». Пад такую кампазіцыю не сорамна ўстаць ні міністру культуры, ні айцу Аляксандру Надсану. Оперны спявак Віктар Скарабагатаў кажа: «Хто чуў хоць раз гэтую рэч, у таго не будзе ніякіх сумненняў, што яна мусіць быць гімнам Беларусі».

«Не загаснуць зоркі ў небе»

Гэтая кампазіцыя мае нямнога шанцаў, але варта зазначыць, што нейкі час верш Янкі Купалы «На пяцігоддзе «Нашай Нівы» на музыку Міколы Янчука выконваўся менавіта як гімн. «Не загаснуць зоркі ў небе» гралі на Ўсебеларускім кангрэсе 1917 года, на з’ездзе БНФ у Вільні ў 1989, аднак апошнім часам не выкарыстоўваецца як гімн.

«Радзіма мая дарагая»

У канцы 1990-х, калі яшчэ не быў прыняты цяперашні гімн, менавіта «Радзіма мая дарагая» была надрукаваная ў дзённіках школьнікаў побач з дзяржаўнымі гербам і сцягам. Хаця сёння сацыялістычны верш Алеся Бачылы, хутчэй, успрымаецца як пазыўныя Беларускага радыё.

Дзве версіі «Радзімы…» ад Юрыя Дземідовіча…

…і Лявона Вольскага.

«Мы — беларусы, мірныя людзі»

Калі ў 1943 годзе ўрад БССР абвесціў конкурс на дзяржаўны гімн, то ў ім удзельнічалі многія вядомыя паэты (Куляшоў, Танк), але перамог варыянт Міхася Клімковіча на музыку Несцера Сакалоўскага. Словы з таго часу былі змененыя, прыбраная фраза «з братняю Руссю». Музыка ў сённяшняга гімна, сапраўды, досыць велічная.

«Жыве Беларусь»

Сярод іншых варыянтаў прапаноўваецца адносна новая мелодыя Васіля Раінчыка на словы Леаніда Пранчака «Жыве Беларусь».

«Развітанне з Радзімай»

Немагчыма прамінуць і паланэз Міхала Клеафаса Агінскага. Аднак трошку дзіўна, калі галоўная песня краіны будзе называцца «Развітанне з Радзімай». Музыка Паланэза…

…і на словы Сержука Сокалава-Воюша

Зміцер Панкавец

0
Дзмітрый / Адказаць
10.04.2013 / 19:54
З усіх адназначна Полацкі сшытак, альбо Развітанне з Радзімай.
0
боб / Адказаць
10.04.2013 / 19:58
вельмі падабаецца магутны божа. але гэта такі нестандартны гімн будзе)
0
Хведар / Адказаць
10.04.2013 / 20:00
Як можа быць гімнам твор з назвай "развітанне з радзімай"???
Паказаць усе каментары/ 114 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру