Рэфлексіі Віталя Тараса на тэму, узьнятую Янкам Запруднікам у артыкуле «Ўдзячнасьць — мастацтва душы»

Янка Запруднік закрануў, па-мойму, вельмі актуальную й значную тэму. За што аўтару шчыры дзякуй!

Хацеў бы, скарыстаўшыся нагодай, крыху гэтую тэму разьвіць.

Польская тэлевізія «Палёнія» паказвае цыкль перадачаў «Дзякуй за Салідарнасьць». У гэтых перадачах палякі выказваюць падзяку тым, хто дапамагаў іх краіне ў гады камуністычных рэпрэсіяў супраць прафсаюзу «Салідарнасьць» і яго прыхільнікаў у1980?я. Дапамагалі тады ня толькі ўрадавыя ды няўрадавыя арганізацыі Захаду, бескарысьліва дапамагалі сваімі грашыма грамадзяне розных краінаў, людзі розных нацынальнасьцяў. Дапамога ішла ня столькі на падтрымку апазыцыі, колькі канкрэтным сем’ям палякаў, што апынуліся ў турмах ці былі пазбаўленыя праз свае погляды магчымасьці зарабляць на хлеб. Больш як чвэрць стагодзьдзя мінула з таго часу, а ўдзячнасьць за салідарнасьць у сэрцах многіх палякаў жыве.

За апошнія пятнаццаць гадоў палякі нямала зрабілі для беларускай апазыцыі і для ахвяраў рэпрэсіяў. Дастаткова ўспомніць хаця б праграму Каліноўскага. Ды, зразумела, не адны толькі палякі зрабілі шмат добрага беларусам за апошні час — і амэрыканцы, і немцы, і чэхі, і латышы, і літоўцы. І ўсю замежную дапамогу пераважная большасьць беларускіх апазыцыянэраў успрымаюць як НАЛЕЖНАЕ.

Знаходзяцца й такія, што папракаюць замежнікаў за тое, што яны МАЛА дапамагаюць ва ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі.

Наўрад ці падобнае стаўленьне можна патлумчыць толькі комплексам беднасьці (пра які піша Янка Запруднік). Даволі многія апазыцыйныя дзеячы займелі добрыя кватэры, машыны, магчымасьць езьдзіць за мяжу, аплочваць адукацыю сваіх дзяцей у замежных навучальных установах.

Зразумела, людзі паўсюль ёсьць людзі. І на Захадзе, нават у дабрачынных установах, ёсьць такія, хто кіруецца выключна карысьлівымі памкненьнямі. Беларусаў можа раздражняць пыха некаторых замежнікаў пры кантактах зь імі, іх манера размаўляць нібы паглядаючы на суразмоўцу зьверху.

Трапляюцца й звычайныя авантурысты, прайдзісьветы, якія, даючы нешта «на падтрымку дэмакратыі й культуры» , адразу даюць зразумець, што разьлічваюць на «адкат».

Многім маім калегам, думаю, не аднойчы даводзілася сустракацца з праявамі, так бы мовіць, марсіянства з боку замежных гасьцей. Гэта калі, нічога ня ведаючы пра рэальныя ўмовы жыцьця ў Беларусі, пра яе гісторыю і культуру, а таксама актуаліі сёньняшняга дня, госьці пачынаюць адразу павучаць беларусаў, як ім трэба жыць, якім чынам будаваць дэмакратыю, дзе браць грошы і на што іх выдаткоўваць.

Але гэта нічога не мяняе. Прынамсі — ніякім чынам не апраўдвае нас, беларусаў, за няўменьне і яшчэ часьцей нежаданьне дзякаваць. У народзе падобны стыль паводзінаў называюць ня вельмі літаратурна, але трапна: «Ні нас…, ні дзякуй».

Выглядае на тое, што беларусы апошнім часам актыўна пераймаюць досьвед свайго «старэйшага брата» ў дачыненьнях з замежнікамі.

Колькі мільёнаў тон гуманітарнай дапамогі атрымалі расейцы ад Захаду ў 90-я гады, колькі мільярдаў крэдытаў ад самых розных установаў і арганізацыяў, колькі зь іх было незваротна сьпісана…А ў адказ? Не цішыня, не! Крык і стогн стаіць: як Захад прынізіў Расею, як ён хацеў паставіць яе на калені! І гэты пры тым, што самы лепшы амэрыканец (піндос, як цяпер любяць казаць у Расеі) ня варты мезенца самага апошняга расейскага чалавека!

Такі стандарт грамадзкіх (калі так іх можна назваць) паводзінаў прымушае згадаць і іншы, але вельмі падобны чын дзеяньняў. Апынуўшыся на Захадзе, скарыстаўшыся палітычным прытулкам і артымаўшы сацыяльную падтрымку цывілізаванай дзяржавы, палітычны эмігрант нярэдка на другі дзень пачынае выкрываць «жахі капіталізму» ў бяздушнай дзяржаве, якая яго прытуліла. Якая яна, маўляў, недасканалая, гэтая заходняя дэмакратыя, як не адпавядае высокаму ладу славянскае душы. Пасьлядоўнікаў такой крытыкі пасьля ўсім вядомага «вэрмонцкага адсельніка», на жаль, хапае ня толькі сярод расейскіх эмігрантаў.

Гэта вяртае нас да тэмы, закранутай на самым пачатку. Калі ты атрымліваеш нешта ад чалавека (ці дзяржавы, ці ўстановы), загадзя падазраючы, што акт падтрымкі ёсьць крывадушным, замаскаваным пад дабрачыннасьць актам падману альбо подкупу — дык ці варта прымаць такі дарунак? А калі ты яго прымаеш, дык якая тады розьніца паміж табой, любімым, і тым «нягоднікам», які хоча цябе падмануць? Не прадавайся — і ніхто цябе ня купіць. Попыт заўсёды нараджае прапанову.

Ёсьць і яшчэ адзін немалаважны аспэкт праблемы, узьнятай Янкам Запруднікам. Часам кажуць — усе гэтыя дзякаваньні, усьмешкі ў крамах і на вуліцах на Захадзе ёсьць усяго толькі звычайнай ветлівасьцю. За якой стаяць, нібыта, фальш і няшчырасьць. Калі нават у некаторых выпадках яно так і ёсьць, дык няма нічога кепскага ў тым, каб лішні раз сказаць дзякуй, хай сабе мэханічна. Што кепскага ў тым, калі мы зь дзяцінства прызвычаіліся есьці відэльцам і выціраць рот сурвэткай?

Давайце мы ўсе зробім выгляд, што мы выхаваныя, што мы ўжо жывём у Эўропе, што мы любім і паважаем саміх сябе, а значыць, і нашых блізкіх. І тады мы ўбачым, як хутка зьменіцца нашае жыцьцё да лепшага. А гаварыць «дзякуй» лёгка і прыемна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?