Таму я хацеў бы з нагоды свята 25 Сакавіка паразважаць пра дзяржаўныя, нацыянальныя, патрыятычныя сімвалы — сцяг, герб і гімн.

Гэтыя сімвалы, як і звычайныя словы, самі па сабе яшчэ мала што значаць. Галоўнае — інтанацыя, інтэнцыя і кантэкст. Інтэнцыя — гэта значыць, з якой мэтай, з якімі думкамі мы хочам ужываць той ці іншы сімвал; інтанацыя — з якімі пачуццямі хочам гэта зрабіць: пасмяяцца ці ўрачыста падкрэсліць велічнасць, значнасць гэтага сімвала; кантэкст — у якой гістарычнай сітуацыі, побач з чым мы ўжываем гэты сімвал. Гэта надзвычай важна.

Вось узяць сцяг, напрыклад. Сцяг беларускі — бел-чырвона-белы — не адразу стаў такім, якім сёння мы яго ведаем, любім, узнімаем, за які змагаемся.
У Сярэднявеччы ён выглядаў як трохкутны сцяг з гарызантальным чырвоным крыжом. Менавіта гэткія сцягі мы бачым на славутай гістарычнай карціне «Бітва пад Воршай». Там беларускія ваяры трымаюць дзіды, а на гэтых дзідах — вось гэткія сцяжкі, якія нагадваюць сённяшнія скандынаўскія сцягі з крыжамі. Доўгая чырвоная паласа цягнецца праз увесь белы трохкутнічак. Самы першы бел-чырвона-белы сцяг быў з чорнымі стужачкамі паабапал чырвонай паласы, можа быць, каб чыста графічна, візуальна падкрэсліць контур. Гэта гістарычны факт, што спачатку, у 1917 годзе, наш сцяг выглядаў так: белы — потым цянюсенькая чорная палосачка — потым чырвоны — потым зноў чорная палосачка — потым зноў белае палотнішча. Пасля гэтыя чорныя стужачкі адпалі, і сцяг цяпер выглядае як бел-чырвона-белы. Мы ўжо не манархія, мы рэспубліка, і таму вось гэтая традыцыя французскага трыкалора й лозунгу «Свабода, роўнасць і братэрства» заключаецца і ў колеравай гаме нашага бел-чырвона-белага сцяга.
Адбылася эвалюцыя і з гербам. Выява гербу часоў Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі ўвесь час мянялася. Заставаўся дух, сутнасць — збройны рыцар на кані. Але форма мяча, узбраення рыцара, пастава каня ўвесь час мяняліся: то конь скакаў наўскач, то станавіўся на дыбы.
Гэта нармальны і натуральны працэс — мяняюцца дзяржавы, адпаведна карэктуюцца і сімвалы. Цяперашні нацыянальны герб «Пагоня» адрозніваецца ад сучаснага літоўскага дзяржаўнага гербу. А, напрыклад, гарадскі герб Беластока адрозніваецца і ад беларускага, і ад літоўскага дзяржаўных гербаў, хаця сутнасць і назва застаецца тая самая — «Пагоня». Так што змены ў сімвалах адбываюцца, хочам мы таго ці не хочам. Гэта непазбежна.
Мяне вельмі захапіла дыскусія ў амерыканскім парламенце пра сцяг. Некаторыя палітыкі прапаноўвалі прыняць папраўку ў канстытуцыю, што нельга здзеквацца, нельга паліць нацыянальны сцяг. А другія запярэчылі, што гэта — абмежаванне свабоды слова.
Хто хоча — хай паліць. «Як так?! — спачатку абурыўся я. — Нацыянальны сімвал, святое… Як жа гэтак можна?». А потым я праслухаў усю дыскусію і пераканаўся, што мелі рацыю непрыхільнікі канстытуцыйнае папраўкі. Мы не забяспечаныя ад нейкага неразумнага чалавека, які калі-небудзь спаліць ці інакш зьняважыць сьцяг. Але на кожны гэткі факт мы выйдзем з гэтым сцягам на вуліцы, і выйдзе нас не адзін мільён. І мы мусім быць гатовыя жыцьцё пакласці за гэты сцяг, што Сяргей Каваленка паказвае сваім прыкладам.

Гэта справа гонару — узняць свой сцяг над сваім домам у дзень нацыянальнага свята, мець гэты сцяг у сэрцы. І вось гэтаксама і з гімнам, і з гербам мы павінны дзейнічаць. Пры гэтым трэба разумець усю складаную, драматычную гісторыю, якая стаіць за гэтымі сцягамі. Ну і што, што за Пагоняй, і за гімнам, і за сцягам быў эпізод, як любяць камуністы крычаць, што гэта фашысцкія, калабарацыянісцкія сімвалы. Больш за мільён чалавек змагаліся са Сталіным, з Савецкім Саюзам у шэрагах нямецкай арміі падчас апошняй вайны.

Яны змагаліся пад сваім расійскім трыкалорам. І сёння гэты трыкалор з’яўляецца дзяржаўным сцягам Расіі, і ніхто не гаворыць, што гэта — крывавы сцяг калабарацыяністаў.
Таму бел-чырвона-белы сцяг — гэта сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі, герб «Пагоня» — герб Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі, незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Трэба зазначыць, што ў гэтым артыкуле я называю гэтыя сімвалы — герб, сцяг і гімн — дзяржаўнымі, бо яны былі такімі, і ў часы Полацкага княства, і БНР, і РБ. Сёння яны такімі ня ёсць. Цяпер яны з’яўляюцца гістарычнымі, нацыянальнымі. Але прыстаўка «экс-" да іх, на маю думку, не падыходзіць.

Янка Купала ў 1920 годзе ў адным са сваіх артыкулаў разглядаў розныя вершы, у тым ліку й свае тэксты, як версіі беларускага нацыянальнага гімну.

Першым гэтакім званнем быў ушанаваны верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» з урачыстай мелодыяй. Беларускім гімнам, беларускай Марсэльезай называлі такі рэвалюцыйны, камуністычны верш Аляксандра Мікульчыка «Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі». І «Пагоню» Багдановіча спявалі як гімн, на матыў Марсэльезы, бо не было адзінай, агульнапрынятай мелодыі.
Хтосьці прапануе зрабіць беларускім гімнам верш Наталлі Арсенневай «Магутны Божа». Выдатны верш, які, аднак, можа быць толькі рэлігійным гімнам, ніяк ня свецкім, які павінен быць прыдатным кожнаму грамадзяніну Беларусі, незалежна, ці ён хрысціянін, ці будыст, ці наогул атэіст. Таму верш Натальлі Арсеньневай не можа быць дзяржаўным гімнам.

Лена Глагоўская знайшла газету «Беларусь» за 1919 год, дзе быў апублікаваны верш Макара Краўцова зусім іншы, зь безьліччу дробных зменаў. Там пішацца пра «бедны народ», а потым ужо заменена на «вольны народ». Ці гэта сам Макар Краўцоў правіў, ці Хведар Ільяшэвіч, паводле версіі Лены Глагоўскай, ці іншыя літаратары ўжо пасля вайны — але факт, што беларускія студэнты Люблінскага ўніверсітэту спявалі гэты гімн ужо ў падкарэктаваным, шырока вядомым варыянце. Значыцца, ён мяняўся на працягу гістарычнага шляху, чаму б яму не памяняцца яшчэ раз? Гэта таксама сімвалічны тэкст і сімвалічная мелодыя, і тут таксама магчымыя і патрэбныя некаторыя змены, на маю думку. Шырока вядомы верш Макара Краўцова-Косцевіча «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…», вядомая і мэлёдыя Уладзіміра Тэраўскага — урачыстая мелодыя, якая якраз і не патрабуе, на маю думку, ніякіх зменаў. Вытрыманая часам, сакральная мелодыя.

Я катэгарычна супраць сённяшніх версій спяваньня гімна на іншы лад, як, да прыкладу, у славутым музычным альбоме «Я нарадзіўся тут».
Там аўтары непазнавальна зьмянілі мелодыю, паставілі нейкую цыганска-малдаванскую мяшанку, абсалютна недарэчную. Інтанацыя, інтэнцыя і кантэкст тут абсалютна недарэчныя.
Я прапаную штось зусім іншае: мелодыю пакінуць арыгінальную, урачыстую, Уладзіміра Тэраўскага, пакінуць дух Макара Краўцова ў тэксце, але трошкі яго падкарэктаваць: замест пяці зваротак пакінуць толькі тры і выканаць некаторыя праўкі ў самім тэксце.
Зноў жа, паўтараю, яны ніяк не мяняюць духу й сутнасці верша Макара Краўцова.

У гэтым гімне, як вядома, вельмі ўрачыста, прыгожа спяваецца пра бел-чырвона-белы сцяг. Я прапаную побач згадаць і герб «Пагоня»: увесці такі радок «Пагоня кліча на прастор!». Як быццам-бы мы заселі ў сваіх балотах-лясах, а Пагоня можа разгарнуцца, яна скача па чыстым, роўным полі, дзе ні цесна, ні душна, не турма — Пагоня можа толькі на волі скакаць. Вось яна, гэтая гістарычная слаўная Пагоня, і кліча нас, сённяшніх, на вольны прастор.

Другая замена — паліткарэктная. У арыгінале гучыць: «Наш беларускі вольны дух». Я пакінуў-бы толькі «вольны дух». Чаму выключна беларускі? Ён і жыдоўскі, і татарскі, і хто толькі сёння ў Беларусі ні жыве: і палякі, і рускія, і армяне, і кітайцы хутка будуць жыць. Любы грамадзянін Беларусі павінен заспяваць гэты гімн як свой. Трэба, каб там спявалася пра вольны, дэмакратычны дух і пра краіну Беларусь як наш супольны дом. А беларускі дух мы пакінем ужо ў музеі. Тады, у 1917–1918, калі паўставала Беларуская Рэспубліка, калі мы аддзяляліся ад Польшчы, ад Літвы, ад Расеі, тады было актуальна падкрэсліць гэта. А сёння ўжо мы ёсць і нікуды не дзенемся з незалежнай Беларусі, таму трэба зрабіць акцэнт на тым, чаго нам ніколі не будзе залішне — волі як рысы характару і волі як свабоды і дэмакратыі.

Трэцяя замена: варта адмовіцца ад радка «У крывавых муках мы адродзім жыццё рэспублікі сваёй», а замест яго дадаць «Уласнай працай мы збудуем сваю Радзіму Беларусь». Або «…сваю краіну Беларусь». Натуральна, што нараджэнне заўсёды адбываецца з крывавымі мукамі. І кожная жанчына, і кожны ўважлівы мужчына гэта можа пацвердзіць, так што іншым чынам ніхто на гэты свет не нараджаецца. Толькі ў крывавых муках. Але ўжо потым, як мы нарадзіліся, навошта на гэтым рабіць акцэнт? Мы ўжо сваёй працаю будуем свой дом, свой характар, свой лёс, таму й акцэнт варта было б зрабіць на гэтым. «Уласнай працай мы збудуем…». Яны, Макар Краўцоў і ягоныя паплечнікі, гэта рабілі: уласнай працай, уласнай творчасцю будавалі незалежную Беларусь.

Я прашу, каб беларускія паэты-песняры, Ніл Гілевіч, і Рыгор Барадулін, і Уладзімір Някляеў, і ўсе, хто здатны, прапанавалі свае версіі, і напэўна, нехта прапануе яшчэ лепей, чым я, і тады трэба будзе сабрацца вечам, такой грамадой, спецыяльна для гэтага, і спыніцца на нейкім варыянце. І хай будзе вось такі гімн, сучасны, мадэрновы, але й гістарычны, гімн аўтарства Макара Краўцова і Уладзіміра Тэраўскага. Мая ж версія, з улікам зменаў, выглядае такім чынам:

Мы выйдзем шчыльнымі радамі,

Пагоня кліча на прастор!

Хай воля вечна будзе з намі,

А гвалту мы дамо адпор!

Над родным краем вее смела,

Магутна вее вольны дух.

Штандар наш бел-чырвона-белы,

Пакрый сабой народны рух!

Няхай нас цэлы свет пачуе,

Ляціце, песні, угару!

Уласнай працай мы збудуем

Сваю Радзіму — Беларусь!

Яшчэ ў мяне просьба да гісторыкаў, каб пашукалі ў архівах інфармацыю, калі й дзе Рада БНР абмяркоўвала гэтае пытанне, калі і дзе зацвярджаўся гэты гімн, каб не было ніякіх розначытанняў. Тут трэба праводзіць такую даследчыцкую працу і ўстанавіць, чаму менавіта за гэтым вершам замацавалася слава беларускага нацыянальнага гімну. Тым больш іншыя версіі.

* * *

Сяржук Вітушка (1965 — 2012). Ён нарадзіўся 10 красавіка 1965, у пасёлку Чысць, Маладзечанскага раёна. Сяржук быў лідарам моладзевага руху, кіраўніком мінскай «Талакі». Педагог, гісторык, аўтар казак для дзяцей і дарослых. Сёння яму магло споўніцца 48 гадоў. Пахаваны ён у у родавай вёсцы Рагава Мінскага раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?