Старшыня руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч пракаментаваў свой выступ 9 красавіка ў Еўрапарламенце, які выклікаў рэзкую крытыку з боку некаторых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.

«Я даўно ўжо не перажываю з-за таго, што пішуць у інтэрнэце, бо там такое супрацьстаянне жорсткае паміж сабой — больш, чым з дыктатурай, — сказаў ён. — Я сапраўды казаў пра тое, што не бачу іншай станоўчай альтэрнатывы дыялогу, што санкцыі — хоць, шчыра кажучы, гэта не санкцыі, а ізаляцыя Беларусі — ні да чаго добрага не прыводзяць: палітвязняў не выпускаюць, страху больш, уплыў апазіцыі меншы, праеўрапейскія настроі таксама падаюць».

Акрамя таго, эканамічныя санкцыі, да якіх ЕС заклікаюць некаторыя прадстаўнікі апазіцыі, на думку Мілінкевіча, «проста падштурхнула б Беларусь у Расею». «Пастаянна паўтараюць, каб Галандыя перастала купляць беларускі бензін. Дык Расія яго купіць, але гэта будзе страта нашага суверэнітэту і незалежнасці», — лічыць палітык.

Ён перакананы, што Беларусі і ЕС неабходны крытычны і абумоўлены дыялог. «Гэта значыць, выбудоўваецца пакрокавая дарожная карта. Кожны бок агаворвае, якія бярэ абавязацельствы на сябе: Беларусь — па дэмакратызацыі і мадэрнізацыі, Еўропа — па дапамозе ў рэформах, — растлумачыў Мілінкевіч. — І кожны бок ведае, што калі ён нейкі крок не зробіць, то і іншы спыняецца. Я разумею, што казаць прасцей, чым зрабіць, але ёсць прыклады ў гісторыі, калі гэта ўдавалася. Таму лічу, што калі мы хочам жыць у незалежнай краіне, то так і трэба дзейнічаць».

Мілінкевіч таксама адзначыў: «Калі хтосьці кіруецца толькі помстай Лукашэнкі ці свядома ці несвядома працуе ў расійскай стратэгіі па анэксіі Беларусі, тады, вядома, яму трэба заклікаць да санкцый. Лічу, што пара ўжо неяк спыніць гэтыя размовы, шкодныя для Беларусі».

Пры гэтым ён падкрэсліў: гаворка не ідзе пра тое, каб забыцца пра палітвязняў. «У ЕС не збіраюцца гэтага рабіць, нават думкі такой няма — адмовіцца ад ўмовы вызвалення палітвязняў да пачатку дыялогу, — сказаў Мілінкевіч. —

Гэта значыць, дыялог можа пачацца толькі тады, калі будуць вызваленыя ўсе палітвязні. Вызваляюцца палітвязні — пачынаецца супрацоўніцтва, патрэбнае для краіны. І ніяк інакш».

9 красавіка ў Еўрапарламенце прайшла дыскусія пра ініцыятыву «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі». Крытыку выклікалі словы Мілінкевіча пра тое, што ён не бачыць альтэрнатывы дыялогу паміж ЕС і Беларуссю, а санкцыі не даюць патрэбнага выніку.

У сваю чаргу, удзельнічала ў мерапрыемстве кіраўніца Офіса за дэмакратычную Беларусь Вольга Стужынская. Яна падкрэсліла, што ініцыятыва «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі» з’яўляецца дыялогам з беларускім грамадствам і з прафесійнымі групамі і была распачатая «ў тых умовах, калі палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі не змянялася».

«Я не зусім разумею, вакол чаго раптам вылілася такая бура, — сказала яна. — Не разумею, чаму так крытыкуецца выступ Мілінкевіча, які выказаў свой пункт гледжання, на якую мае права. У прыватнасці, ён сказаў, што ў Беларусі трэба большая прысутнасць Еўропы. Гэта бачанне Мілінкевіча: больш пазітыўнага на палітычнай сцэне было менавіта ў той перыяд, калі адносіны Беларусі з ЕС былі лепш. На яго погляд, палітвязні былі адпушчаныя пасля такіх крокаў (візітаў у Мінск высокапастаўленых прадстаўнікоў ЕС — БелаПАН), а не пасля ўвядзення санкцый. Гэта права Мілінкевіча так думаць».

Пры гэтым Стужынская падкрэсліла, што практычна ўсе выступоўцы на канферэнцыі гаварылі аб тым, што «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі» — добрая ініцыятыва для Беларусі, якая можа быць пашырана, і было б добра, калі б у ёй бралі ўдзел дзяржаўныя эксперты. «Былі канкрэтныя прапановы, як гэтая ініцыятыва магла б выглядаць у будучыні. Напрыклад, выказвалася прапанова, што акрамя дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй у рамках ЕДМ можна весці нейкія кансультацыі і з дзяржаўнымі экспертамі», — адзначыла яна.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў каментары, размешчаным на сайце АГП, заявіў, што адносіны Мінска і Брусэля — гэта рух па коле з паўтаральнымі цыкламі. «Цяпер мы ў кропцы пераходу ад ледавіковага перыяду да пацяплення. Трэнд абазначыўся, і ў шэрагу беларускіх структур, арганізацый паўстала спакуса ўбудавацца ў гэты трэнд. Адсюль адпаведная рыторыка і дзеянні», — сказаў ён.

Акрамя таго, на думку Лябедзькі, палітычныя партыі Беларусі неапраўдана дыстанцыяваліся ад дыялогу па мадэрнізацыі. «Гэта прывяло да таго, што яго ўдзельнікі ўжо падрыхтавалі прапановы па арганізацыі паралельнага дыялогу ўлад і Бруселя. Пра што і было заяўлена на канферэнцыі. Наступствы гэтага відавочныя: прыхільнікі пераменаў застануцца са сваімі напрацоўкамі і надзеямі на забытым пероне, а цягнік пойдзе далей па рэйках аўтарытарнай мадэрнізацыі Беларусі, — падкрэсліў Лябедзька. — Мы павінны фармуляваць попыт у беларускіх грамадзян не толькі на танныя візы, магчымасць наладзіць сваё асабістае жыццё за межамі Беларусі, але і на перамены ўнутры краіны з іх асабістым удзелам і адчуваннем персанальнай адказнасці. І гэта павінна быць мэтай дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?