Ой, не хацеў бы я аказацца зараз на месцы дырэктара сацыялягічнага цэнтру, які нядаўна падсунуў бацьку вынікі апытаньняў наконт пэрспэктываў ягонага пераабраньня. Будзе яму сякір-башка па вяртаньні прэзыдэнта з Паднябеснай. Гэта ж трэба — за храніцеля крыштальнага сасуду гатовыя сёньня падпісацца 87% выбаршчыкаў, гэтая лічба ўжо сарвалася з вуснаў правадыра крывічоў і была старанна занатавана газэтчыкамі. І раптам у панядзелак казаская Ярмошына па імені Оналсын Жумабэкаў паведаміла, што па выніках выбараў прэзыдэнта краіны ў 91-м адсотку макулятуры, якая была выцягнутая з скрыняў, насупраць прозьвішча Жармахан Туякбай (казаскі Вайтовіч) стаяла «Так». Жартую. Натуральна насупраць «Нурсултан Абішавіч Назарбаеў».

На фоне 91,1 лічба 87, пагадзіцеся, выглядае гэтак жаласьліва, як беларускі беспант у параўнаньні з прадуктам з Чуйскай даліны.

Магчыма, Оналсын абпіўся кумысу, бо выбрык Астаны — парушэньне ўсіх міжурадавых дамоваў у рамках СНД і адначасова смачны плявок у таблёіды Менску, Ташкенту, Баку і іншых цытадэляў постсавецкай дэмакратыі. Недзе зь сярэдзіны 1990-х у краінах, дзе слова Сорас сынанімічна слову Шайтан, склалася сакрэтнае правіла — любімы кіраўнік перамагае, набраўшы прыблізна 85% галасоў.

Такая практыка дазваляла, з аднаго боку, падтрымліваць імідж краіны, якая рушыла далёка наперад ад стрэснэраўскага Парагваю і хаджаісцкай Албаніі (там звычайна «за» былі 99,9%). І адначасова прадэманстраваць, што тут апазыцыянэры пачуваюць сябе гэтак жа вольна, як караеды ў Пушчы. А што за дэмакратаў ніхто не галасуе, то таму, што ў адрозьненьне, напрыклад, ад Назарбаева, як піша казаская саўбелка — «Казаская праўда», тыя не зьяўляюцца «цэнтральным захавальнікам энэргетыкі старажытнага стэпу, яе магучым рэтрансьлятарам на будучыя трасы жыцьця».

Навіны з Казахстану ставяць шмат палітыкаў СНД у фармат больш пікантны, чым пазыцыя партнэра-мужчыны ў камасутраўскай позе за нумарам 103: «мужчына ляжыць на сьпіне і ўздымае ногі да гары, прыціскаючы калені да грудзяў». Мандарыны апынуліся перад дылемай: не ўзьняць плянкі рэйтынгу за 91,1% — значыць вызнаць, што ты ня так любімы піплам, як Абішавіч. Узьняць — рызыкуеш запісаць сябе ў поўныя сатрапы.

Што скажа Менск на ход Астаны? «Мы пас. Энэргетыка балота не такая моцная, як стэпу». Або «Прымаю і павышаю свой рэйтынг да 91,2%». Азартная гульня ў покер амбіцый пачалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?