11.04.2013 / 12:57

Урад верыць, што паводка на Палессі будзе не крытычнай 1

Крытычнага ўзроўню паводка ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях не дасягне. Такія высновы ва ўрадзе Беларусі робяць па выніках інспекцыі некаторых рэгіёнаў гэтых абласцей намеснікам прэм’ер-міністра Анатолем Калініным.

Як адзначаюць у прэс-службе Савета міністраў, «у гэтых абласцях крытычных узроўняў „вялікай вады“ не чакаюць, падтапленні жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў фіксуюцца толькі ў адзінкавых выпадках». «Выканкамы і адказныя службы эфектыўна вырашаюць узніклыя пытанні, а рэалізацыя дзяржаўных праграм у Палескім рэгіёне дазволіла ў значнай ступені станоўча паўплываць на паводкавую сітуацыю», — сцвярджаецца ў паведамленні прэс-службы.

Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, 10 красавіка ў населеных пунктах Гомельскай вобласці талыя воды сталі прычынай падтаплення 41 падворка, 20 гаспабудоў, 9 жылых і 2 дачных домікаў.

За мінулыя суткі паводкавыя воды Прыпяці падтапілі 7 падворкаў, 4 жылыя дамы і 4 гаспадарчыя пабудовы ў вёсках і гарадах Гомельскай вобласці; Гарыні — 25 падворкаў у шэрагу вёсак Брэсцкай вобласці.

З-за пад’ёму ўзроўню вады ў рэках Прыпяць, Гарынь, Простыр, Уза, Убарць, Ведрыч, Харапуць, Пціч (Брэсцкая і Гомельская вобласці) усяго падтопленымі паводкавымі і талымі водамі застаюцца 512 падворкаў, 336 гаспадарчых пабудоў, 117 дачных дамоў, 50 жылых дамоў, будынак аптэкі, 8 участкаў дарог. МНС вядзе пастаянны маніторынг паводкавай сітуацыі і канстатуе нармальнае жыццезабеспячэнне населеных пунктаў.

0
DzED / Адказаць
12.04.2013 / 11:16
Чамусьцi у беларускiх навiнах нiколi не паведамляюць стан вады у асноуных рэках краiны, як гэта робяць напрыклад у польскiх навiнах адначасова з надвор'ем, а шкада.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру