Пачынаць заўсёды цяжка, але не менш складана ўтрымацца і адстаяць сваю рынкавую «нішу». Мабыць таму з «першай хвалі» айчынных фермераў, якія разгортваліся напачатку 1990‑х гадоў, «у справе» засталіся далёка не ўсе. Прычын таму можна назваць шмат, аднак, бадай, галоўная — з дыстанцыі сышлі выпадковыя людзі, якія паквапіліся на прывабныя крэдыты і магчымы «доўгі рубель». Стартавыя ўмовы ў дзевяностыя і сапраўды аказаліся надзвычай спрыяльныя, бо з‑за вялікай інфляцыі аддаваць грошы банку было вельмі проста. Такім чынам руплівыя гаспадары паспелі стварыць добрую вытворчую базу. Хто ўтрымаўся ў складаныя часы, зараз шмат у чым вызначаюць далейшы рух наперад — у чым пераканаўся, калі завітаў да вялікай працавітай сям’і ў адзін з маляўнічых куточкаў Чэрвеньшчыны.

Божы дар

Так раней называлася вёска. У чым сакрэт мілагучнай назвы? Сярод тутэйшых жыхароў наконт гэтага можна пачуць шмат самых розных версій. Адна з найбольш «папулярных» сцвярджае: усё з‑за зямлі, якая хоць і даволі праблемная (шмат камянёў на палетках), аднак вельмі ўдзячная. Калі дагледжаная. Да вялікіх ураджаяў мясцовых гаспадароў «абавязвае» і цяперашняя назва, якую вёска атрымала ў часы барацьбы з рэлігіяй, — Красны Дар. Адразу ўзнікае аналогія з вядомай расійскай жытніцай. Беларускі «цёзка» імкнецца свайму прызначэнню ні ў чым не саступаць. Змяняюцца і адносіны да зямлі — да сельскагаспадарчай вытворчасці актыўна падключыліся прыватнікі. Такім чынам людзі ўвасобілі сваю заўсёдную мару аб уласнай справе. Калі з’явілася магчымасць, то адразу пачалі ўтварацца фермерскія гаспадаркі.

Сям’я Дубаўцоў пачынала ў далёкім 1991‑м, калі ім выдзелілі для апрацоўкі 1,5 гектара зямлі. Хацелі арандаваць больш (сама меней пяць гектараў), аднак тады фермераў усур’ёз мала хто ўспрымаў, таму, мабыць, і апасаліся вялікія плошчы аддаваць. Праўда, ужо праз непрацяглы час патрэбны «кавалак» усё ж быў атрыманы — рэальныя справы аказаліся важкім аргументам. Так з’явілася фермерская гаспадарка «Вядрэцкае» (раней у тутэйшых мясцінах было такое мястэчка — Дубаўцы пажадалі і ў назве захаваць пераемнасць з мінуўшчынай), якая цяпер добра вядомая не толькі ў раёне, а і за яго межамі.

Спачатку і ў сям’і не было адзінага меркавання наконт новай, незвычайнай па сваіх маштабах, справы. Ініцыятыва стварэння фермерскай гаспадаркі належала Мікалаю Сяргеевічу Дубаўцу — менавіта ён першым пачаў «варушыцца». Жонка Алена Ануфрыеўна да такой ідэі спачатку паставілася даволі насцярожана: як цяпер узгадвае, разумела, што будзе вельмі складана «раскруціцца». Аднак калі пачатак пакладзены, то прыйшлося пакрысе ўцягвацца ў фермерскую справу, трэба ж даказаць сваю годнасць. Варта заўважыць, што Мікалай Сяргеевіч і Алена Ануфрыеўна родам з Гомельшчыны (ён — з Мазырскага раёна, а яна — з Хойніцкага). На Чэрвеньшчыну патрапілі пасля заканчэння ВНУ, па размеркаванню. Мікалай Сяргеевіч узгадвае, што ў 1970‑м (калі завяршыў вучобу ў Мінскім педінстытуце) на выбар прапанавалі паехаць на працу ў Маладзечанскі альбо ў Чэрвеньскі раён. Выбраў Чэрвеньскі, з усмешкай успамінае Дубавец, тады падалося, што адсюль да родных мясцін бліжэй. Аднак так ужо атрымалася, што ў Красным Дары яны пражылі ўжо трыццаць пяць гадоў, так што па праву могуць лічыцца тутэйшымі. Тут у Дубаўцоў з’явілася свая справа. І свая зямля. Выраслі дзеці, таму пакрысе гэтае месца стала для іх сям’і сапраўднай радзімай.

Місія выканальная

У 1972 годзе Мікалаю Дубаўцу даручылі вельмі адказную справу — яго прызначылі дырэктарам Краснадарскай школы‑васьмігодкі. Маладому дырэктару ўдалося сапраўды стварыць калектыў аднадумцаў, якія былі апантаныя адзінай ідэяй. Таму заняткі заўсёды праходзілі цікава і з карысцю… Настаўнікі разам з вучнямі і ў паходы хадзілі, аб’ездзілі шмат адметных мясцін (пабывалі нават на радзіме дзеда Талаша), падарожнічалі не толькі па Беларусі, а і па Расіі, Прыбалтыцы (тады была такая магчымасць). Карацей, жылі весела і дружна. Зразумела, як і ва ўсякай вясковай школе, у Краснадарскай васьмігодцы была свая «прысядзібная» гаспадарка. Напэўна, на ёй Мікалай Сяргеевіч у нечым таксама спасцігаў «зямельную навуку». Вядома, у Дубаўцоў таксама была ўласная хатняя гаспадарка, а на пачатку 1990‑х з’явілася і «Вядрэцкае». Спачатку ў выглядзе пяці гектараў, а пасля плошчы павялічыліся да 11 га. Як яны ўсюды паспявалі?

— Канешне, вельмі цяжка было «сумяшчаць» школу і фермерства, — кажа Мікалай Дубавец. — Аднак калі правільна размеркаваць, то з усім можна паспяхова справіцца. Гэта толькі адразу здаецца, што «місія невыканальная», а калі ўцягнешся і пачне атрымліваецца, то з’яўляецца стымул для працы.

Дубавец разважае як сапраўдны кіраўнік, па праву лічыць, што няма недасягальных вяршынь. Можна толькі ўявіць сабе, якія перашкоды краснадарскім фермерам давялося пераадолець на сваім шляху. Добра, што ім удалося адстаяць сваю пазіцыю і зямлю выдзелілі непадалёку ад вёскі, практычна ў адзіным «кавалку». Гэта крыху спрашчае справу, аднак вельмі няпроста як мае быць апрацаваць 11 гектараў, атрымаць на гэтых палетках прыстойны ўраджай і, бадай, самае складанае, выгадна рэалізаваць вырашчаную прадукцыю. Дубаўцы ўзгадваюць, што раней са збытам было лягчэй, паколькі не такая вялікая канкурэнцыя сярод вытворцаў існавала. Цяпер жа рынак проста насычаны самымі разнастайнымі прапановамі, таму рэалізаваць прадукцыю надзвычай няпроста. Трэба прыкласці шмат намаганняў, каб спажывец аддаў перавагу менавіта вам. Як гэтага дасягнуць? У кожнага гаспадара, напэўна ж, ёсць уласны «фірменны» рэцэпт, існуе свая «фішка» і ў Дубаўцоў.

Дачка за бацьку

Асноўны накірунак дзейнасці «Вядрэцкага» — вытворчасць агародніны. Спецыялізацыю можна лічыць традыцыйнай, паколькі яна характэрная для многіх фермерскіх гаспадарак. Гэта тая ніша, якую закрываюць прыватнікі, менавіта яны пастаўляюць большую частку адпаведнай прадукцыі на гарадскія рынкі. Як адзначыў Мікалай Дубавец, напрацаваны нядрэнны вопыт вырошчвання агародніны. Зараз фермеры выйшлі на даволі прыстойныя аб’ёмы, параўнальныя нават з буйнатаварным грамадскім сектарам: напрыклад, пад бульбай у гаспадарцы 6 гектараў (для параўнання: у мясцовым СВК адпаведныя плошчы складаюць 11 гектараў). Таксама вырошчваюць гектар памідораў, каля 5 га капусты. Пакрысе саджаюць і іншыя культуры — кабачкі, буракі, моркву, агуркі, перац і г.д. Асноўны рынак — сталічны, ён самы ёмісты і найбольш перспектыўны. Крыху прадукцыі разыходзіцца і ў раёне, аднак тут з рэалізацыяй не надта ўдала, тлумачыцца ўсё проста — у большасці мясцовых жыхароў ёсць уласныя «соткі».

Аднак гэтая акалічнасць ніколькі не змяншае перспектывы фермерскай справы. Такога меркавання прытрымліваецца і сям’я Дубаўцоў, мабыць, таму свае палеткі яны павялічылі да 33 гектараў. Бацькам дапамагаюць абедзве дачкі — Юля і Аня. Яны скончылі Сеніцкі каледж: адна вучылася на тэхнолага, другая — на эканаміста. Пасля Юля атрымала вышэйшую эканамічную адукацыю, аднак у Мінску не засталася, вярнулася да бацькоў. Яна лічыць, што менавіта тут яе веды прыйдуцца дарэчы. Аня адразу пасля заканчэння каледжа прыехала ў Красны Дар. Разам з мужам Сяргеем Навумчыкам. Зараз менавіта зяця Мікалай Сяргеевіч называе галоўным чалавекам у іх фермерскай справе. Яшчэ ў Дубаўцоў ёсць сын Юра, ён вучыўся на пчаляра, пасля працаваў на калгасным пчальніку. Зараз робіць у школе (выкладае працоўнае навучанне), да фермерства не імкнецца. «А ніхто і не прымушае, — кажа Алена Ануфрыеўна. — Гэта асабістая справа для кожнага».

— Бацька пачынаў справу, цяпер трэба яе працягваць, — лічыць Ганна Навумчык, — мы ўжо і «ўцягнуліся». Пасля заканчэння каледжа атрымала спецыяльнасць «тэхнолаг па вырошчванню, захоўванню і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі», вось цяпер і працую па перапрацоўцы і захоўванню. У горадзе, канешне, прыгожа, але шумна, неяк мітусліва, у вёсцы ціха і спакойна. Тут мне падабаецца, тым больш ёсць канкрэтная справа, якую ты выконваеш і бачыш вынікі сваёй працы. А наконт «лёгкага хлеба» скажу так: а дзе ён лёгкі? Пэўна, такіх месцаў і не адшукаеш. Цяпер мы і тэхніку сучасную пачалі набываць — раней аб гэтым нават і не марылі.

Маці ўважліва слухае сын Лёшка. Малы пакуль канчаткова яшчэ не вызначыўся наконт таго ці стане фермерам. «Перамераў» на сябе шмат прафесій, нават масажыстам хацеў стаць. Аднак мне ўсё ж падаецца, што расце краснадарскай талацэ надзейная дапамога.

Мікалай Літвінаў, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0