5 жніўня вядомы палітоляг Андрэй Суздальцаў на сваім сайце www.politoboz.com зрабіў наступны допіс: «Паважаныя сябры, калегі, наведвальнікі сайту. Цяжкая хвароба вырывае мяне, я спадзяюся, што толькі на нейкі час, з Вашых шэрагаў. Колькі дзён ці тыдняў зойме гэтая барацьба — невядома… Асаблівае прывітаньне маім недругам і ворагам. Для іх гэта добрая навіна…»

Ад гэтага часу ніякіх новых вестак пра стан здароўя сп.Суздальцава не было. Зьявілася вэрсія, што палітоляг мог быць атручаны, аднак ніякай яснасьці не было. Каб зьняць узьніклыя пытаньні, мы вырашылі патэлефанаваць непасрэдна Андрэю Суздальцаву ў Маскву.

Палітоляг відавочна ўзрадаваўся званку зь Менску, бо, паводле ягоных словаў, зь Беларусі даўно ўжо ніхто не тэлефанаваў. Сп. Суздальцаў пацьвердзіў, што ягоны стан насамрэч цяжкі, але больш нічога сказаць ня можа, бо пакуль дыягназ не паставілі самі дактары.

«Ужо тыдзень знаходжуся ў адным са шпіталёў Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі. Тут добрыя дактары і ўзровень мэдыцыны, аднак нават яны ня могуць зразумець, што са мной такое адбываецца. Па маім пытаньні прайшло ўжо два кансыліюмы — выніку ніякага. З прычыны таго што няма дыягназу, немагчыма пачаць і курс лячэньня. Аналізы вельмі кепскія. Нават ня ведаю на які тэрмін выпаў з грамадзкага жыцьця і працы праз гэтую хваробу. Што тычыць чутак пра тое, што мяне маглі атруціць, то я іх катэгарычна хачу аспрэчыць праз «Нашу Ніву». Вакол маёй асобы заўсёды хадзіла вельмі шмат чутак і легенд — гэта адна зь іх», — сказаў Суздальцаў.

Напрыканцы размовы Андрэй Суздальцаў запытаўся, што новага цяпер у Беларусі, якое стаіць надвор’е, а таксама папрасіў перадаць прывітаньне ўсім сваім менскім сябрам.

***

Андрэй Суздальцаў нарадзіўся ў 1960 г. ва Ўладзівастоку. Скончыў Далёкаўсходні ўнівэрсытэт, асьпірантуру Акадэміі працы (Масква). З 1993 г. жыў у Менску. У сакавіку 2006 г. быў пазбаўлены віду на жыхарства і дэпартаваны ў Расею. Яму на пяць гадоў забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі, бо ўяўляе сабой «пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі». Кандыдат гістарычных навук, палітоляг, спэцыялізуецца на праблемах геапалітыкі.

У Менску засталася жонка Суздальцава, а таксама двое дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?