Неаднаразовыя сцвярджэнні ўрада Беларусі аб тым, што санкцыі ЗША парушаюць Будапешцкі мемарандум аб гарантыях бяспекі 1994 года, з'яўляюцца неабгрунтаванымі. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай сёння заяве пасольства ЗША ў Мінску.

«Хоць мемарандум і не нясе прамой юрыдычнай сілы, мы сур'ёзна падыходзім да сваіх палітычных абавязацельстваў перад Беларуссю і лічым, што ўведзеныя ЗША санкцыі — будзе гэта ў сувязі з сітуацыяй з правамі чалавека ці з заклапочанасцю пытаннямі нераспаўсюджання — не падрываюць нашых абавязацельстваў і не ідуць з імі ўразрэз», — гаворыцца ў заяве.

Санкцыі, падкрэсліваецца ў дакуменце, скіраваныя на тое, каб забяспечыць у Беларусі выкананне правоў чалавека, а таксама на барацьбу з распаўсюджваннем зброі масавага знішчэння і іншай незаконнай дзейнасцю, а не на атрыманне якіх-небудзь пераваг для Злучаных Штатаў.

Нагадаем, першапачаткова эканамічныя санкцыі ў дачыненні да «Белнафтахіма» былі ўведзеныя ЗША ў лістападзе 2007 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.
У сакавіку 2008-га, пасля таго як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да ўсіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад канцэрна. Пазней былі ўведзеныя санкцыі супраць прадпрыемстваў «БелОМА», «Белтэхэкспарт», «Белзнешпрамсэрвіс».

Будапешцкі мемарандум падпісалі ў снежні 1994 года кіраўнікі Беларусі, Вялікабрытаніі, Расіі і ЗША Аляксандр Лукашэнка, Джон Мэйджар, Барыс Ельцын і Біл Клінтан. Паводле артыкула 3 дакумента названыя краіны ў сувязі з добраахвотнай адмовай Беларусі ад статусу ядзернай дзяржавы абавязаліся «ўстрымлівацца ад эканамічнага прымусу, скіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыццяўленне Рэспублікай Беларусь правоў, уласцівых яе суверэнітэту, і такім чынам забяспечыць сабе перавагу любога роду».

У снежні 2012 года ў МЗС Беларусі былі запрошаныя прадстаўнікі пасольстваў Вялікабрытаніі і ЗША. Дыпламатам заявілі, што, увёўшы аднабаковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі, іх краіны парушаюць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?