Пятніца прынесла кадравыя прызначэнні ў КДБ. З’явіўся першы намеснік і проста намеснік Валерыя Вакульчыка.

Ігар Сергяенка.

Ігар Сергяенка.

Першым намеснікам замест Віктара Вягеры (звольнены афіцыйна праз узрост) стаў старшыня Магілёўскага абласнога КДБ Ігар Сергяенка. Яму 50 гадоў. Родам з вёскі Сталіца Шаркаўшчынскі раён.

Скончыў гістфак БДУ (1984), Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Ад 1988 – у органах дзяржбяспекі. Жанаты, мае дваіх дзяцей. Генерал-маёр.

Ігар Сергяенка атрымаў вядомасць не працай у Магілёве, а ў Гродна. У 2008 менавіта пад ягоным кантролем праходзіў працэс прызнання экстрэмісцкімі кніг «Лісты з леса» Паўла Севярынца, «Выпадковы прэзідэнт» (Калінкінай і Шарамета), а таксама газеты польскай меншасці «Глас з-над Немна».
Друкаваную прадукцыю канфіскоўвалі на мяжы ў моладзі. Аднак да прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі справа так і не дайшла.

«Гродна выглядае добрая пляцоўка для кадраў у рэспубліканскім КДБ, – кажа журналіст Андрэй Пачобут. – Перад Сергеенкам з Гродна на павышэнне пайшлі ў Мінск Мікалай Свораб і Віктар Вягера. Што датычыць працы Сергяенкі, то нічога новага ён не прынёс. Усё было адпрацавана яшчэ папярэднікамі».

«У мужчынах цаню ўменне трымаць слова, гонар і абавязкі. А ў жанчынах – розум і духоўныя якасці», – казаў ён у адным з інтэрв’ю.

Дарэчы, Ігар Сергяенка, як і яшчэ адзін новы намеснік – Ігар Бусько – уваходзіць у «чорны спіс» Еўрасаюза, чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.
Што датычыць Ігара Бусько, то ён сам з Мінску. У КДБ ад 1985 года. Узначальваў упраўленне контрвыведкі. Ад 2010 – старшыня Брэсцкага абласнога КДБ. Летась атрымаў званне генерал-маёра.

Ранейшы старшыня брэсцкага КДБ – Леанід Дзядкоў – таксама з’яўляецца намеснікам у Валерыя Вакульчыка.

Бусько ў Брэсце замяніў ягоны намеснік Вячаслаў Язерскі. А Сергяенку ў Магілёве – Аляксандр Невяроўскі. Раней ён працаваў начальнікам аператыўнага ўпраўлення ААЦ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?