Доктар гістарычных навук, прафесар Захар Шыбека, які ў 2012 годзе іміграваў у Ізраіль, расказвае пра «савецкіх» рэпатрыянтаў і параўноўвае стаўленне беларусаў і яўрэяў да ўласнай гісторыі.

— Летась у ліпені вы пераехалі жыць у Ізраіль, пасяліліся ў Хайфе. Што вас падштурхнула да такога кроку?

— О, каб я дакладна ведаў. Каханне да жанчыны і любоў да свабоды. Збег абставінаў. Спакуса новага, незвычайнага ў асабістым жыцці і ў навуковай творчасці. Так атрымалася. Мая Беларусь магла адпусціць мяне. Я нічым не быў звязаны. Стаў вольным — і паляцеў. Мае бацькі і жонка даўно памерлі. Дачку выдаў замуж. А ў Ізраілі мяне чакала каханая жанчына. У эканамічным універсітэце больш працаваць не мог: вычарпаў сябе, надакучыла прыстасоўвацца. Гісторыя там не шануецца. А ў Ізраілі была магчымасць свабодна займацца вывучэннем гісторыі Беларусі. У грамадскай дзейнасці расчараваўся. Эфект яе ва ўмовах Беларусі вельмі малы. А ў Ізраілі тую ж справу на карысць Радзімы можна рабіць з большай аддачай.

Мог бы жыць і ў Беларусі — сядзець на былых лаўрах, хварэць, старэць. Але гэта не па мне. Маю сілы, маю патэнцыял, які немагчыма было рэалізаваць нават у беларускай сталіцы. Я мог сабе дазволіць эміграцыю, але не мог дазволіць сабе ціхую дэградацыю ў сваёй краіне.

— Якім вам здаўся Ізраіль пасля гадоў жыцця ў савецкім, а затым і ў постсавецкім грамадстве? Ці можна сказаць, што там жывуць «іншыя людзі»?

— Ізраіль — незвычайная краіна. Тут шмат сонца і свабоды. Вельмі разнастайная і прыгожая прырода. А ізраільцяне сапраўды іншыя. Ведаюць свае правы, умеюць абараніцца. Яны заўсёды ў пошуку карыснай для іх справы. Вельмі шануюць сябе. Ледзь што-небудзь не так, адразу бягуць да доктара. Любяць добра паесці, але шмат працуюць і займаюцца фізкультурай. Сумных і п’яных амаль не сустрэнеш на вуліцы. Людзі сталага веку вельмі жвавыя. Яны тут у вялікай пашане. Тэрарысты, ракеты над галовамі асабліва не турбуюць людзей. Кожны жыве сваімі клопатамі. Істэрыі, страху не існуе. Ізраільцяне пачуваюцца гаспадарамі сваёй зямлі.

— У Хайфе жыве шмат савецкіх рэпатрыянтаў. Многія з іх з'ехалі яшчэ ў гады развалу СССР і жывуць у Ізраілі больш за 20 гадоў. Як яны змяніліся за гэты час? Ці перамаглі яны «савецкае» ў сабе?

— У Хайфе паўсюль гучыць руская мова. Можа скласціся ўражанне, што ты трапіў у расійскі горад. Выхадцы з былога Савецкага Саюза і постсавецкіх краін, так званыя “рускія яўрэі”, дагэтуль трымаюцца адасоблена, утвараючы асобную субкультуру. Яны істотна падвысілі эканоміку і культуру Ізраіля. І дзяржава вельмі моцна дапамагае эмігрантам. Існуе цэлае міністэрства, якое займаецца праблемамі абсорбцыі, адаптацыі новых грамадзян краіны да ізраільскіх парадкаў. Таму былыя дзеячы камуністычнай партыі тут упэўнена вядуць справу ў адміністрацыйным апараце Ізраіля, займаюцца бізнэсам. “Савецкасць” часам усё ж праяўляецца. У краме можна сутыкнуцца з грубасцю працаўніц сталага веку. У дзяржаўных установах пазнаецца часам савецкая абыякавасць да людзей. Сустракаюцца людзі, якім не падабаецца Ізраіль. Для іх усё дрэнна. Гэта тыя людзі з былога Савецкага Саюза, якія так і не змаглі прыстасавацца да новых умоваў. А вось дзеці выхадцаў з зоны савецкай культуры ўжо нічым не адрозніваюцца ад ізраільцян-старажылаў. Савецкасць знікае, а субкультура застаецца. Дзяржава вельмі талерантна ставіцца да розных супольнасцяў: ашкеназі, сефарды, эфіопы, арабы. Усіх іх, нават арабаў, лучыць агульнадзяржаўны патрыятызм. А вось іудаізм, які захаваў яўрэяў праз стагоддзі, паступова страчвае свой уплыў. Немалы ўнёсак у пашырэнне атэізму ў ізраільскім грамадстве зрабілі савецкія яўрэі.

— Што агульнага ў Беларусі і Ізраіля?

— Гэта маленькія краіны. У іх вельмі мала карысных выкапняў. Эканоміка Ізраіля можа быць узорам для Беларусі. Гэта эканоміка, нацэленая на выпрацоўку і на экспарт высокіх тэхналогій. Нашы краіны лучыць агульная гісторыя беларусаў і яўрэяў на працягу стагоддзяў. У нас агульная камунікацыйная мова — руская. У той жа час мы розныя, а значыць, цікавыя адно для аднаго. Нашым краінам проста наканавана быць у шчыльным кантакце і актыўна супрацоўнічаць.

— Цяпер вы працуеце пры Тэль-Авіўскім універсітэце, дзе вывучаеце гісторыю яўрэяў Беларусі. Ці цяжка вам было ўладкавацца на працу? Чаму вы абралі менавіта гэтую тэму для даследавання? Яна цікавая Ізраілю?

— Уладкавацца мне было не так проста. Паўгода давялося інтэнсіўна вывучаць дзяржаўную мову Ізраіля — іўрыт. Праўда, прафесараў прыязджае ў Ізраіль, ды і ў любую іншую краіну, не так ужо і шмат. Пошукам працы для навукоўцаў займаецца спецыяльная ўстанова — Цэнтр абсорбцыі навукоўцаў пры Міністэрстве абсорбцыі. Але патрэбная і ўласная ініцыятыва. Важна знайсці працадаўцу. Тады міністэрства заключае з ім дамову аб падзеле выдаткаў на ўтрыманне навукоўца. Мае блуканні маглі б цягнуцца доўга, каб не дапамога сябра і калегі доктара Леаніда Смілавіцкага, ураджэнца Мінска, цудоўнага чалавека. Ён прэзентаваў мяне і мае навуковыя заслугі перад дырэктарам Цэнтра дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэце. За мяне паручыліся яшчэ некалькі вядомых гісторыкаў Ізраіля. І толькі пасля гэтага я атрымаў працу.

У Ізраілі вельмі шануюць сваю гісторыю. Яна складаецца з эпохі старажытнага Ізраіля, эпохі яўрэйскіх дыяспар (рассеянасці яўрэяў па свеце, калі народ Торы страціў сваю дзяржаўнасць) і эпохі новага Ізраіля, адроджанага ў 1948 годзе. Вывучэнне гісторыяў яўрэйскіх дыяспар у розных краінах дазваляе ўяўляць гісторыю яўрэйскага народа бесперапыннай.

Цікавасць да яўрэяў Вялікага Княства Літоўскага (“літвакоў”), да яўрэяў Польшчы і Расіі — вялікая. А вось яўрэі Беларусі губляюцца. Дакладней, іх залічаюць да Польшчы, Літвы, Расіі. Нават рубрык асобных няма ў картатэках ізраільскіх архіваў і бібліятэк.

Першым тут пачаў гаварыць пра яўрэяў Беларусі, вылучаць беларускую дыяспару мой калега Леанід Смілавіцкі. Цяпер я прыйшоў яму на дапамогу. Думаю, што цікавасць ізраільцян да гісторыі яўрэяў Беларусі будзе расці ўслед за пашырэннем міждзяржаўных стасункаў. Усе выхадцы з Беларусі добра ведаюць, з якіх мясцін яны родам і перадаюць памяць пра гэта сваім дзецям. Ураджэнцамі Беларусі былі продкі многіх яўрэйскіх талентаў і вядомых палітыкаў, у тым ліку і продкі Нетаньяху, цяперашняга прэм’ера Ізраіля.

— Яўрэі трымаюцца сваёй гісторыі, збіраюць яе, як пазл, нават калі гаворка ідзе пра такую лакальную тэму, як «яўрэі Беларусі». Цяжка ўявіць, каб у беларускай акадэміі навук вывучалі гісторыю беларусаў ЗША, Канады ці Ізраіля. Часам складаецца ўражанне, што беларусы жывуць у гістарычным бяспамяцтве: без гісторыі, мовы, ідэнтычнасці. З чым, на вашую думку, звязаныя два такія дыяметральна розныя падыходы да ўласнай гісторыі?

— Пэўны адказ на гэтае пытанне можа даць параўнаўчы аналіз гісторыі беларускага і яўрэйскага народаў. Гэта акурат тая праблема, над асэнсаваннем якой я буду працаваць. А пакуль можна выказаць толькі папярэднія заўвагі.

На яўрэйскім календары цяпер 5773 год. У гонар біблейскіх герояў-яўрэяў усталяваныя рэлігійныя святы. Гістарычная традыцыя народа Торы стагоддзямі адточвалася і шліфавалася ў сінагогах, ешывах, а цяпер свята захоўваецца ізраільскай дзяржавай.

У беларусаў не было такой доўгай гісторыі, такой бліскучай рэлігіі — іудаізму, які забяспечваў адзінства яўрэйскага народа ва ўмовах страты ўласнай дзяржаўнасці. У Беларусі было мала нацыянальных прапаведнікаў. А ілжэпрапаведнікі даводзяць беларусам, што іх гісторыя пачынаецца ад Леніна-Сталіна, што Кастусь Каліноўскі не быў нацыянальным героям Беларусі, і інш.

Яўрэям ёсць чым ганарыцца, і яны ўмеюць гэта рабіць. А беларусы нават не ведаюць, хто былі іх продкі. Уласнай Торы мы не маем. А летапісы, дзе гаворка ішла пра наша мінулае, не захаваліся. Іх вынішчалі ці фальсіфікавалі на загад расійскіх правіцеляў (ад Кацярыны ІІ да бальшавіцкіх лідараў), каб выставіць беларусаў рускімі і апраўдаць захопніцкія планы Расіі.

— Калі мы гаворым пра гісторыю беларускага яўрэйства, прыгадваюцца «рыса аселасці», літвакі, жыццё яўрэяў у гарадах. У Беларусі быццам бы нават практычна не было яўрэйскіх пагромаў. Ці можна сказаць, што для яўрэяў на нашай тэрыторыі ўсё было гладка? Як ім тут жылося?

— Міф пра добразычлівасць і рахманасць беларусаў навязаны звонку. Насамрэч гэта не так. Антысемітызм праяўляўся на кожным кроку. Яго выказвалі нават адукаваныя людзі. Можна прывесці мноства прыкладаў добрага стаўлення да яўрэяў. Але непрыязнасці было больш.

Добрыя адносіны паміж яўрэямі і сялянамі, паміж яўрэямі і памешчыкамі сапраўды існавалі. Але добразычлівасць трымаліся не на любві да яўрэяў, а на прагматычным разліку. Яны былі патрэбныя адно аднаму для паспяховай эканамічнай дзейнасці, для выжывання.

Яўрэйскія пагромы заўсёды былі і ў Беларусі. У 1881 годзе, калі пасля забойства Аляксандра ІІ па Расіі пракацілася хваля пагромаў, беларусы хоць і не забівалі яўрэяў, але шкодзілі цішком, па-беларуску: падпальвалі іх сядзібы. Тады выгаралі гарадскія кварталы, цэлыя мястэчкі. Яўрэяў Беларусі ратавала не талерантнасць беларусаў, а іх страх перад начальствам ды масавая беднасць саміх яўрэйскіх сем’яў. Не было чаго асабліва рабаваць.

Праўда, у пачатку ХХ ст. ужо было што — і рабавалі, забівалі. А заможныя беларусы падбухторвалі. У яўрэях яны бачылі сваіх канкурэнтаў. Так што яўрэям у Беларусі, можа, і жылося трошкі спакайней, чым ва Украіне, але царскі гнёт усюды быў аднолькавы. Сярод яўрэяў на Украіне было больш багацеяў, у Беларусі — больш жабракоў. Гэта і была адна з прычын масавых пагромаў на Украіне і поўдні Расіі ў 1905 г.

— Ці існавалі сур’ёзныя адрозненні паміж тым, як жылі яўрэі на тэрыторыі Беларусі, да Кастрычніцкай рэвалюцыі і пасля? Як змянілася іх жыццё ў Савецкім Саюзе?

— Апошні рускі цар Мікалай ІІ быў страшным антысемітам. Тым не менш пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг., у часы паслярэвалюцыйнага эканамічнага ўздыму, яўрэям у Расіі жылося непараўнальна лепш, чым у Савецкім Саюзе. Лютаўская буржуазная рэвалюцыя 1917 г. ліквідавала дыскрымінацыю іудзеяў. Адкрываліся рэальныя перспектывы. А вось разлік яўрэйскіх радыкалаў на тое, каб палепшыць становішча свайго народа з дапамогай расійскіх бальшавікоў, не апраўдаўся.

Савецкая ўлада пазбавіла яўрэяў права на прыватную ўласнасць, права на спавяданне сваёй рэлігіі, права на нацыянальныя школы і на родную мову. Яны страцілі і тыя палітычныя свабоды, якія ім дала Лютаўская рэвалюцыя. З гэтай прычыны далёка не ўсе яўрэі сталі камуністамі, прынялі савецкую ўладу і аддана ёй служылі, як гэта часам уяўляецца. Нароўні з іншымі народамі былой царскай Расіі яны перажылі бальшавіцкую нацыяналізацыю, бальшавіцкую русіфікацыю і бальшавіцкія рэпрэсіі.

— У адным інтэрв'ю вы расказвалі, што вашая былая жонка адчула на сабе дыскрымінацыю праз «пятую графу». Чаму ў СССР існаваў антысемітызм, і ў якія гады ён быў найбольш вострым?

— Антысемітызм — гэта феномен, які цяжка растлумачыць з пазіцый рацыяналізму. Ёсць людзі, якія вінаватых ва ўсіх сваіх праліках і памылках знаходзяць вакол сябе. А ёсць такія, якія бяруць на сябе віну нават іншых. Яўрэі, з пункту гледжання першых, вінаватыя ва ўсім, таму што яны былі ўсюды і мелі, на зайздрасць іншым, поспех ва ўсім.

Яўрэі, як правіла, пераўзыходзілі іншых адукаванасцю і спрытам. Для дасягнення мэты яны ўмеюць мабілізаваць свае сілы, абмежаваць сябе ў многім. Слабыя, няўдачнікі абвінавачваюць яўрэяў. Моцныя бяруць з іх прыклад, выклікаюць, так бы мовіць, на спаборніцтва і шмат чаго дабіваюцца ў жыцці.

Праблемы ў дзяржаве. Хто вінаваты? Зразумела — яўрэі. Спачатку яўрэйскі талент і працавітасць былі патрэбныя Сталіну. Замкнутыя ў межах СССР, яўрэі цярпелі, прыстасоўваліся, выжывалі. Ратаваў і “яўрэйскі блат”. А што было рабіць, калі законы не працавалі? Чакаць справядлівасці ад уладаў не даводзілася.

Пасля вайны Сталін адчуў упэўненасць у сваіх сілах, купаўся ў славе пераможцы, але, як і Гітлер, баяўся яўрэяў. Ён ведаў, што такое яўрэйская салідарнасць у барацьбе з царызмам. А таму рыхтаваў грандыёзны яўрэйскі пагром. Пасляваенныя гады са Сталіным былі самымі страшнымі для яўрэйскага насельніцтва СССР. У найлепшым выпадку чакалі масавага перасялення ў Бірабіджан.

Новая хваля антысемітызму ўзнялася за Брэжневым, калі ў вайне 1967 г. Ізраіль перамог Егіпет і яго саюзніка — Савецкі Саюз. Яўрэі адказалі на дзяржаўны антысемітызм масавай эміграцыяй. Ім было дазволена. Пасля масавага высялення яўрэяў распаўся і Савецкі Саюз.

— Як прэзентаваная яўрэйская культура ў сучасных беларускіх гарадах?

— Ні яўрэі, ні іх культура практычна не захаваліся ў нашых гарадах. Жменька яўрэяў сучаснай Беларусі ўшчэнт русіфікаваная і прытрымліваецца атэістычных поглядаў. Маладое пакаленне не ведае ні ідышу, ні іўрыту, ні яўрэйскай традыцыі, але з першай мажлівасцю пераязджае ў Ізраіль пераважна з прагматычных меркаванняў.

Пасля яўрэяў засталіся разбураныя сінагогі, закінутыя могілкі ды стосы газет, часопісаў і кніг на ідышы, якія пакрываюцца пылам у сховішчах цэнтральных бібліятэк краіны. Мы не маем нават дзяржаўнага музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі. Прыватны музей, створаны Інай Герасімавай, займае, калі не памыляюся, два невялікія пакоі. А яўрэйскія асветныя і дабрачынныя ўстановы абслугоўваюць пераважна пенсіянераў. Пры сучаснай уладзе праз нейкі час жыхары Беларусі будуць сустракацца толькі з яўрэямі-турыстамі.

— Ваш пераезд у Ізраіль — гэта канчатковае рашэнне? Ці вы яшчэ гатовыя вярнуцца ў Беларусь?

— Сур’ёзныя людзі прымаюць сур’ёзныя рашэнні і не кідаюцца з боку ў бок. Калі я пакідаў Беларусь, то разумеў, што надоўга. Перамены ў Беларусі будуць няхутка. Хто ведае, калі скончыцца тая расійская нафта. Да часоў дэмакратыі, а яны ўсё ж наступяць, я буду ўжо даволі старым чалавекам, каб маё вяртанне мела нейкі сэнс для Айчыны. Таму пакуль ёсць сілы, буду працаваць тут на карысць Беларусі і Ізраіля. У інтэрв’ю “Еўрарадыё” я сказаў, што гатовы быць паслом Беларусі ў Ізраілі. Некаторыя маладыя людзі не зразумелі майго гумару і назвалі мяне ідэалістам. А калі без гумару, то мяне задавальняе і статус народнага пасланца ад Беларусі.

Даведка:

Захар Шыбека нарадзіўся 30 ліпеня 1948. Працаваў дырэктарам Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. Займаў пасаду прафесара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Доктар гістарычных навук. Даследчык беларускага нацыянальнага руху, гісторыі беларускіх гарадоў і беларускіх габрэяў. У 2012 годзе іміграваў у Ізраіль. Працуе ў Цэнтры дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?