Дзейнасць грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» скіравана на перамогу ў прэзідэнцкіх выбарах, заявіў лідар кампаніі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў, адкрываючы 13 красавіка ўстаноўчы сход арганізацыі ў Мінску.

«Наша мэта — прэзідэнцкія выбары 2015 года праз мясцовыя выбары 2014 года. Байкатаванне выбараў у мясцовыя саветы з палітычнага пункту гледжання — абсалютная бязглуздзіца. Рэжым нелегітымны ўжо шмат гадоў, і байкот ці ўдзел у выбарах не зробяць яго больш ці менш легітымным, — перакананы Някляеў.

Палітык, асуджаны за падзеі 19 снежня 2010 года, нагадаў, што ў ліпені над ім павінен адбыцца суд, на якім улада можа заявіць, што ён не стаў на шлях выпраўлення, і адправіць яго ў турму або прадоўжыць нагляд.
«Але нават у такіх умовах мы тады будзем шукаць новае аблічча кампаніі», — заявіў Някляеў.

Ён не бачыць праблемы ў тым, будзе апазіцыя прапаноўваць Еўрасаюзу супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі ці іх байкот.

«На сёння праблема ў тым, што пасылы розных апазіцыйных структур скіраваныя не ўнутр краіны, да беларусаў, а да ЕС ці Расіі. Мы зможам перамагчы, толькі калі самі зможам штосьці зрабіць у нашай краіне», — падкрэсліў Уладзімір Някляеў.

Цяперашні ўстаноўчы сход грамадскага аб'яднання «Гавары праўду!» — ужо трэцяя спроба грамадзянскай кампаніі атрымаць афіцыйную рэгістрацыю.

Першы ўстаноўчы сход рэспубліканскай даследча-асветніцкай установы «Гавары праўду!» адбыўся ў канцы 2010 года. Тады Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі аб'яднання на той падставе, што заснавальнікі не падалі дадаткова запытаныя матэрыялы. Матэрыялы сапраўды не былі пададзеныя, бо на той момант знаходзіліся ў офісе кампаніі "Гавары праўду!», апячатаным пасля падзей 19 снежня.

Другі ўстаноўчы сход па стварэнні рэспубліканскага даследча-асветніцкага аб'яднання «Гавары праўду!» прайшоў ў чэрвені 2011 года. І зноў Мінюст адмовіў у рэгістрацыі — з-за таго, што заснавальнікі павінны былі падаць не толькі гарантыйны ліст аб даванні «Гавары праўду!» юрыдычнага адраса (такі ліст у Мінюст быў перададзены разам з іншымі рэгістрацыйнымі дакументамі), але і дакументы, што пацвярджаюць права ўласнасці на гэта памяшканне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?