У аўторак ва ўправе Партыі БНФ прайшла прэс‑канфэрэнцыя заяўнікаў «Эўрапейскага маршу». За некалькі гадзінаў перад гэтым старшыня аргкамітэту па правядзеньні акцыі Віктар Івашкевіч падаў заяўку ў Менгарвыканкам. Заяўнікі просяць дазволяць правядзеньне «Эўрапейскага маршу» 14 кастрычніка (нядзеля) а 14:00. Маршрут шэсьця наступны: ад Кастрычніцкай плошчы да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе павінен прайсьці мітынг.

Міжнародны каардынатар «Хартыі‑97» Андрэй Саньнікаў мяркуе, што акцыя 14 кастрычніка стане яшчэ адным сьведчаньнем ці гатовая беларуская ўлада пайсьці на дыялёг з апазыцыяй і Захадам. «Сталасьць улады будзе вымярацца гатоўнасьцю да кампрамісу», — адзначыў Саньнікаў.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька мае падобнае меркаваньне:

«Нельга ляцець толькі на адным крыле, — перафразаваў Лукашэнку старшыня АГП. — Мы мусім мець добрыя адносіны ня толькі з Расеяй, але з Захадам. Праўда, дзеля гэтага патрэбен дыялёг і канкрэтныя дзеяньні з боку афіцыйнага Менску, бо нельга ціснуць адну руку, калі другая трымае ключы ад вязьніцаў, дзе цяпер сядзяць Аляксандар Казулін і Зьміцер Дашкевіч».

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч кажа, што «Эўрапейскі марш» нельга лічыць традыцыйнай для беларускай апазыцыі акцыяй супраціву.

«Гэта будзе акцыя са знакам якасьці. «Эўрапейскі марш» ня будзе сымбалізаваць нейкую барацьбу супраць нечага, ён будзе сымбалізаваць вяртаньне Беларусі ў Эўропу. Перад намі стаіць пытаньне цывілізацыйнага выбару, ці мы будзем будаваць новую Бізантыйскую імпэрыю, ці ўключымся ў эўрапейскія інтэграцыйныя працэсы. Бо нягледзячы ні на што, расьце працэнт беларусаў, якія хочуць у Эўропу, хочуць жыць па‑эўрапейску. Я перакананы, што на акцыю 14 кастрычніка выйдзе шмат людзей, якія засьведчаць свой выбар. У мяне толькі пазытыўныя ўражаньні ад ўсяго гэтага. Зарана гаварыць пра сьмерць аб’яднанай апазыцыі. Калі мы ў стане праводзіць такія акцыі разам», — гаворыць Мілінкевіч.

Маніфэстацыя пройдзе на Пакроў, 14 кастрычніка. Гэта дзень малітваў да Маці Божай, нябеснай заступніцы.

Сацыял‑дэмакрат Мікола Статкевіч кажа, што «Эўрапейскі марш» у нейкай ступені стане адказам на агрэсіўную палітыку, якую апошнім часам вядзе супраць Беларусі Расея.

«Балянс між Захадам і Ўсходам ужо немагчымы, мы прапусьцілі гэты момант. Любы паварот Беларусі ў бок Эўропы Расея палічыць варожым для сябе. Таму цяпер выбар вельмі просты: Эўропа ці Азія», — сказаў Статкевіч.

Калі ўлады ўрэшце не дадуць дазвол на правядзеньне «Эўрапейскага маршу», то аргкамітэт стварыў перамоўную групу ў складзе Міхаіла Марыніча, Юр’я Хадыкі і іншых, якія будуць хадзіць па дзяржаўных установах і пераконваць даць дазвол.

Амаль усе заяўнікі адзначалі, што адной з галоўных тэмаў «Эўрапейскага маршу» стане пытаньне ўвядзеньня шэнгенскіх візаў краінамі, што мяжуюць з Беларусьсю, а таксама іх кошту. «Калі сям’я з чатырох чалавек зьбіраецца адпачыць у Польшчы, то толькі на візы ім трэба будзе аддаць 240 эўра — гэта непад’ёмныя грошы амаль для кожнай беларускай сям’і. Мы будзем весьці перамовы на гэты конт у розных эўрапейскіх структурах. Для нас вельмі важна, каб як мага болей людзей бачыла заходняе жыцьцё», — кажа А.Мілінкевіч. «Калі ва ўладаў не цікавасьці да праблемы візаў, то гэтым мусіць заняцца апазыцыя», — падкрэсьліў А.Лябедзька.

Таксама меркавалася напярэдадні «Эўрапейскага маршу» правесьці яшчэ і «Сацыяльны марш», якія быў заплянаваны на канец верасьня, але яго правядзеньне адкладваецца. Пакуль папярэдняй датай яго правядзеньня называецца 11 лістапада.

Віктар Івашкевіч паведаміў, што аргкамітэт зьбіраецца разаслаць шэраг запрашэньняў на акцыю 14 кастрычніка эўрапейскім палітыкам, але канкрэтныя прозьвішчы пакуль называцца ня будуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?