На гэтым тыдні ў Беларусі пройдзе V фэст экскурсаводаў, падчас якога ўсе ахвотныя змогуць абсалютна бясплатна паўдзельнічаць у экскурсіях па славутых мясцінах краіны. «НН» пагутарыла з адным з арганізатараў мерапрыемства, прадстаўніком ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС» Цімохам Акудовічам пра асаблівасці фэсту сёлета.

«НН»: Колькі экскурсій запланавана ў праграме фэсту?

Цімох Акудовіч: Сёлета пройдзе каля 100 экскурсій. 50 з іх запланавана ў Мінску, яшчэ палова — у рэгіёнах. Пры гэтым у рэгіёнах некаторыя экскурсіі можна будзе наведаць у чацвер і пятніцу, а таксама на выхадных. У Мінску ж усе экскурсіі пройдуць у суботу і нядзелю.

«НН»: Пяты фэст падтрымала Міністэрства спорту і турызму. У чым заключаецца падтрымка?

ЦА: Так, сёлета дэпартамент па турызме аказвае нам інфармацыйную падтрымку і таксама выдасць афіцыйныя падзякі экскурсаводам.

«НН»: У мінулым годзе некаторыя экскурсіі не адбыліся праз забарону ўладаў. Ці магчыма паўтарэнне сітуацыі?

ЦА: Насамрэч, у мінулым годзе некалькі экскурсій па Гродне не адбыліся, бо іх палічылі масавымі мерапрыемствамі. Сёлета мы ўжо паклапаціліся аб узгадненні экскурсій з мясцовым кіраўніцтвам.

«НН» На якой мове будуць праводзіцца экскурсіі?

ЦА: Большасць — па-беларуску. Аднак ёсць экскурсіі па-расейску, а таксама спецыяльны блок экскурсій для замежнікаў па-англійску, па-французску, па-нямецку, па-польску. Усе гэтыя экскурсіі пройдуць у Мінску.

«НН»: Паведамлялася, што ў 2013 годзе асобы акцэнт зробяць на магчымасць доступу да экскурсій людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

ЦА: Сёлета з аргкамітэтам фэсту супрцоўнічалі адмысловыя арганізацыі, якія распрацавалі экскурсійныя маршруты для інвалідаў па слыху і зроку, а таксама для інвалідаў вазочнікаў. Усе спецыялізаваныя экскурсіі пройдуць у Мінску, а пасля перспектыва развіцця падобных маршрутаў будзе абмеркавана на круглым стале.

Расклад экскурсій глядзіце тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?