У славацкім выдавецтве Kalligram (Браціслава) выйшаў у свет англійскі пераклад папулярнай кнігі Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча «Краіна Беларусь» — «This country called Belarus. An illustrated history».
Аўтар перакладу і ўступнага слова да англійскамоўных чытачоў — брытанскі беларусіст прафесар Джым Дынглі. Ідэя гэтага выдання з’явілася даўно, але набыла рэальныя абрысы, калі ёю натхнілася грамадcкая дзяячка Вольга Стужынская.
Кніга ўводзіць у свет нашай мінуўшчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя. Гісторыя Беларусі разглядаецца як частка агульнаеўрапейскага развіцця цывілізацыі. Тэкст суправаджаюць каля дзвюх тысяч ілюстрацый, у тым ліку ўнікальныя летапісныя мініяцюры, сярэднявечныя гравюры, рэдкія фотаздымкі. Кніга пераканаўча сцвярджае, што беларусы гістарычна, культурна і ментальна належаць да Еўропы.
Гэта — першае англійскамоўнае выданне такога кшталту, прысвечанае гісторыі Беларусі і створанае беларускімі аўтарамі.
Прэзентацыі кнігі, апрача Мінска, плануецца правесці ў некалькіх еўрапейскіх сталіцах.
Адначасова тое самае славацкае выдавецтва выпусціла рускамоўны пераклад «Краіны Беларусі».
Гэтымі днямі абодва выданні паступяць у «Акадэмкнігу» ды іншыя кнігарні.
Кнігавыдаўцы мяркуюць, што пераклады кнігі «Краіна Беларусь» не толькі зацікавяць замежных вучоных і дыпламатаў, прадпрымальнікаў і турыстаў, але і значна павялічаць колькасьць сяброў нашай краіны.