Тарас Надольны стаў  першым намеснікам старшыні праўлення Нацбанка.

Тарас Надольны стаў першым намеснікам старшыні праўлення Нацбанка.

Лукашэнка даў згоду на назначэнне:

Надольнага Тараса Юр’евіча першым намеснікам старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь;

Калечыца Сяргея Валер’евіча намеснікам старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнік дзяржавы прызначыў:

Брышцелева Андрэя Сцяпанавіча членам праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь;

Калечыца Дзмітрыя Леанідавіча членам праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь;

Лапко Дзмітрыя Мікалаевіча членам праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка таксама назначыў Прышчыца Аляксандра Мікалаевіча членам праўлення Нацыянальнага банка, даўшы згоду на назначэнне яго намеснікам старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Лукашэнка лічыць гэтыя назначэнні знакавымі, паколькі яшчэ ніколі ў кіраўніцтва Нацыянальнага банка не прыходзіла настолькі шмат маладых і перспектыўных людзей. «І галоўнае, што я вам хачу сказаць: вы будзеце несці адказнасць разам са старшынёй за ўсю банкаўскую сістэму», — адзначыў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што да беларускай банкаўскай сістэмы існуе давер з боку як насельніцтва, так і юрыдычных асоб. «Свае грошы яны захоўваюць у нашых банках, а Кіпр навучыў вельмі многіх і паказаў, што грошы трэба захоўваць там, дзе ты іх зарабляеш, а не вывозіць у афшоры», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што роля Нацыянальнага банка будзе ўзмацняцца, перш за ўсё адносна работы з камерцыйнымі банкамі, прысутнымі на тэрыторыі Беларусі, асабліва з удзелам замежнага капіталу.

«Размовы аб тым, што Нацыянальны банк не мае права ўмешвацца ў дзейнасць камерцыйных банкаў, у нашай краіне, прынамсі, ніколі не віталіся, а тым больш цяпер, калі ва ўсіх краінах пачалося ад стварэння мегарэгулятараў да прамога ўмяшання ўрада ў дзейнасць банкаў.

Калі, як у народзе кажуць, смажаны певень клюнуў, тады пачалі думаць аб тым, што трэба было б пракантраляваць, і перш за ўсё банкі, таму што там, дзе пракантралявалі, убачылі, якая сітуацыя. Але не так проста кантраляваць, калі сістэмы няма, калі яна разбурана і калі краіна не вітала такую палітыку, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У нас, дзякуй богу, мы асабліва і не ўмешваемся ў дзейнасць камерцыйных банкаў, але калі ўзнікаюць праблемы, я заўсёды настойваю на тым, каб не праваахоўныя органы, перш за ўсё не кантралюючыя органы, а вы як калегі разабраліся ў тым, што адбываецца. Таму што самыя лепшыя спецыялісты банкаўскай справы ў вас, у Нацыянальным банку».

«Таму галоўны мой пасыл для вас і для грамадства ў тым, што вы павінны кантраляваць дзейнасць банкаў другога ўзроўню — камерцыйныя банкі.
Але не перашкаджаючы ім працаваць і толькі ў тым плане, каб у нас не ўзніклі надзвычайныя абставіны, як гэта адбылося на Захадзе. Таму роля Нацыянальнага банка, я на гэтым настойваю, будзе ў нашай краіне толькі ўзмацняцца», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанне крэдытавання эканомікі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсе крэдытныя рэсурсы неабходна разглядаць як зваротныя сродкі, і гэта яго прынцыповая пазіцыя.

«Я лічу, што банкі перш за ўсё павінны працаваць на эканоміку, ды і ўся краіна, усе людзі. Гэта важна. Але лёгкіх грошай не бывае. Грошы ўзяў — грошы вярні, — сказаў ён. — Крэдыт — гэта доўг, ты павінен яго вярнуць. Гэта мая прынцыповая пазіцыя. Гэта пазіцыя Нацыянальнага банка будзе падтрымлівацца ў перспектыве».

«Трэба цяпер паглядзець, калі ўжо стабілізацыя наступіла, на эканоміку. Усё больш і больш кіраўнікоў ставяць пытанні па крэдытах. Мы, вядома, купляем у насельніцтва, у іншых вельмі дарагія грошы, дэпазіты пад такі працэнт — гэта вельмі накладна для эканомікі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
— Таму звярніце на гэта сур’ёзную ўвагу. З цягам часу інфляцыя ў нас не такая ўжо і высокая, і вы таксама павінны свой уклад зрабіць у тое, каб гэта інфляцыя больш не раздувалася, а не толькі ўрад».

«Таму трэба падтрымаць эканоміку, асабліва калі вакол такая неспакойная сітуацыя, і ў эканамічных адносінах мы маем праблемы з асноўнымі нашымі спажыўцамі, куды мы ажыццяўляем экспарт — Еўрасаюз і Расія. Сітуацыя няпростая, але тым не менш эканоміку трэба падтрымліваць, наколькі гэта магчыма. Але не за кошт усялякіх там абвалаў, дэвальвацый. Гэтага народ ужо не пацерпіць. Таму гэта для вас вельмі важная і, можна сказаць, асноўная задача», — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?