У суседняй Расіі працягваецца барацьба з «ліпавымі дыпломамі». Яна дайшла да самага высокага ўзроўню — прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў правёў нараду з нагоды скандалаў з выкрываннем псеўданавукоўцаў. «Абарона дысертацый ператварылася ў прадмет дзяржаўнай кар’еры, — абурыўся ён. — Гэта дыскрэдытацыя расійскай навукі».

Расійскія блогеры з дапамогай інтэрнэт-сервісу «Антыплагіят» (глядзі ўрэзку) пачалі правяраць дысертацыі дэпутатаў і чыноўнікаў. Працэнт плагіяту ў некаторых працах зашкальваў. У спіс махляроў трапілі сын Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама былы апазіцыянер, а цяпер губернатар Кіраўскай вобласці Мікіта Белых і многія іншыя вядомыя людзі.

Што рабіць з гэтай інфармацыяй, пакуль ніхто не ведае. У дзясятка фальшывых навукоўцаў званні адабралі.

«Іміджавыя страты агромністыя, хоць іх замоўчваюць, — расказвае адзін з галоўных расійскіх „паляўнічых“ на псеўданавукоўцаў Андрэй Растоўцаў. — Нядаўняя рэзкая змена кандыдатуры на пасаду аднаго з губернатараў была звязаная менавіта з гэтым скандалам».

«Наша Ніва» вырашыла праверыць на плагіят дысертацыі беларускіх чыноўнікаў і набліжаных да ўлады асобаў. А заадно даведацца, пра што пішуць навуковыя працы гэтыя людзі.

Дзе знайсці беларускія дысертацыі?

У Беларусі навуковыя званні прысуджае Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК). Яна ж выстаўляе на сваім сайце аўтарэфераты абароненых дысертацый.

Гэта сціслы пераказ структуры, зместу і высноваў работы. Для параўнання, нядаўна абароненая доктарская дысертацыя дэпутата Генадзя Пальчыка складаецца з 273 старонак, аўтарэферат мае 41 старонку.

Аднак у агульнадаступнай базе на сайце ВАК прадстаўленыя ўсяго 10 аўтарэфератаў доктарскіх дысертацый і 116 — кандыдацкіх. Сярод іх аўтараў ніводнай з вядомасцяў няма.

Дыскаў з базамі дысертацый не знайшлося ні ў інтэрнэце, ні на сталічных рынках. Адзначым добрую працу праваахоўных органаў — у Расіі такія базы можна набыць на кожным кроку.

Што ж, рушым далей. Аўтарэфераты і дысертацыі знаходзяцца і ў Нацыянальнай бібліятэцы. У электронным выглядзе тут захоўваецца каля 13 500 аўтарэфератаў. Зрэшты, правяраць аўтарэфераты на плагіят — няўдзячная справа. Дакумент занадта кароткі для паўнавартаснага аналізу.

Азнаёміцца з самімі дысертацыямі яшчэ складаней. Для гэтага ўстанова адукацыі альбо іншая арганізацыя мусіць напісаць спецыяльнае хадайніцтва, якое дазваляе трапіць у залу дысертацый. У электронным выглядзе тут захоўваюцца толькі работы, абароненыя пасля 2005, і тое не ўсе. Даступныя толькі 4 000 дысертацый. Астатнія адсканаваць пакуль што не паспелі. Іх можна прагартаць, але толькі ў друкаваным выглядзе.

Скапіяваць ніводзін з файлаў нельга, можна за плату папрасіць раздрукаваць пэўныя старонкі. Хоць пры мінімальным валоданні тэхнікі гэтае абмежаванне лёгка абыходзіцца. У выніку ў нашых руках апынуліся электронныя версіі некалькіх «свежых» дысертацый. Іх аўтары — галоўная доктарка Лечкамісіі Ірына Абельская, праўладны палітолаг Сяргей Кізіма, былы дырэктар Нацпарка «Белавежская пушча» Мікалай Бамбіза, а таксама згаданы вышэй дэпутат Генадзь Пальчык.

Патэнты доктара Абельскай і прагнозы кандыдата Кізімы

Доктарская праца Ірыны Абельскай называецца «Шыйны астэахандроз: прамянёвая візуалізацыя і тэхналогія медычнай рэабілітацыі пацыентаў».
Яе навуковы кансультант — доктар медыцынскіх навук Анатоль Міхайлаў. Ва ўступе тлумачыцца, што Абельская самастойна правяла рэнтгеналагічнае абследаванне 421 пацыента з неўралагічнымі праявамі шыйнага астэахандрозу. «Унёсак суіскальніка ў напісанне сумесных публікацый» склаў 75%.

Па тэме дысертацыі Абельская напісала 57 навуковых прац, 24 артыкулы ў рэцэнзаваных навуковых часопісах, 30 публікацый у зборніках навуковых прац. Большасць з іх былі апублікаваныя на тэрыторыі Беларусі і Расіі, адна — ў Польшчы. Апроч таго, Абельская з’яўляецца з’яўляецца аўтаркай чатырох патэнтаў і трох інструкцый па ўжыванні пяці рацыяналізатарскіх прапановаў.

Ацэньваць узровень яе доктарскай дысертацыі — праца прафесіяналаў. Падчас абароны яны адзінагалосна выказаліся за прысуджэнне Ірыне Абельскай навуковага звання. Расійская сістэма «Антыплагіят» выставіла дысертацыі індэкс «99% арыгінальнага тэксту». Праўда, параўнанне ідзе толькі з расійскімі крыніцамі.

40-гадовыСяргей Кізіма — загадчык кафедрай міжнародных адносінаў Акадэміі кіравання. У 2008 гэты лукашэнкавец стаў доктарам паліталагічных навук, абараніўшы дысертацыю на тэму «Развіццё нацыянальнай дзяржавы ва ўмовах глабалізацыі: геапалітычны аспект».
«Пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года беларуская нацыя вярнулася да найлепшых ідэй, якія ўспрымаліся з ухваленнем і ў XIV стагоддзі, і ў савецкія гады — патрыятызму, альтруізму, талерантнасці, адкрытасці, салідарнасці і інтэрнацыяналізму», — піша Кізіма ва ўступе. Ягоная работа пісалася яшчэ да абвальнага крызісу беларускай эканомікі. Таму палітолаг рабіў смелыя прагнозы, якія не прайшлі выпрабавання часам. «Патэнцыял беларускай мадэлі з кожным годам будзе ўсё больш запатрабаваны іншымі незаходнімі краінамі». «Заходняя эканамічная мадэль будзе збліжацца з беларускай мадэллю за кошт павелічэння дзяржаўнага сектара… Адзіным сродкам забеспячэння нацыянальнай бяспекі заходніх краін стане шырокая нацыяналізацыя камерцыйных прадпрыемстваў». «Новая рэальная магутная незаходняя альтэрнатыва… ужо зараджаецца ў вобразе росту папулярнасці Кітая, Венесуэлы, Балівіі, Беларусі, Кубы».

Такія тэзісы спісаць у кагосьці было б складана. «Антыплагіят» выстаўляе Кізіме «88% арыгінальнага тэксту». Але рэшта — пазнейшыя інтэрнэт-згадкі кавалкаў ягонай навуковай работы. Дысертацыя чыстая.

Аўтар наступнай работы — дэпутат Генадзь Пальчык, які доўгія гады быў дырэктарам Ліцэя БДУ — бадай, самай паспяховай даўніверсітэцкай навучальнай установы краіны. Ягоная доктарская работа называецца «Тэарэтычныя і арганізацыйна-педагагічныя асновы ліцэйскай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь».
«Антыплагіят» прэтэнзій да яе не мае. Пытанні застаюцца хіба што да кіраўніцтва Беларусі, якое, нягледзячы на пазітыўны досвед працы ліцэя БДУ і асабіста Пальчыка дагэтуль не можа прыйсці да высновы, ці патрэбныя краіне гімназічныя і ліцэйскія класы, а таксама профільнае навучанне.

Нарэшце, кандыдат эканамічных навук Мікалай Бамбіза прысвяціў сваю навуковую работу «Эканамічнаму механізму захавання біяразнастайнасці Нацыянальнага парка «Белавежская пушча». Ён доўгія дзесяць гадоў быў дырэктарам Пушчы. Пасля звальнення яго падабраў «Белаграпрамбанк», дзе адзін з прадстаўнікоў клана Бамбізаў стаў намеснікам упраўлення інавацыйнага развіцця.

Ягоная дысертацыя падзяляецца на тры часткі: асновы захавання біяразнастайнасці, цяперашняя сітуацыя ў Белавежскай пушчы (па стане на 2009), а таксама прынятая стратэгія захавання біяразнастайнасці. Усё надзвычай проста. Паколькі фактура прывязаная да канкрэтнай мясцовасці, прэтэнзій да тэксту быць не павінна. Аднак «Антыплагіят» раптам выдае: «21% арыгінальнага тэксту». Насамрэч усё тлумачыцца проста — па інтэрнэце ўжо гуляе копія ягонай дысертацыі. Іншых запазычанняў не знойдзена.

Без электронных сведчанняў

Пачынаем чытаць аўтарэфераты дысертацый чыноўнікаў. Самы стары з іх належыць аўтарству спікера савета рэспублікі Анатоля Рубінава.

Ён абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Метады вывучэння аптычных уласцівасцяў рэчыва пры вялікіх асветленасцях» яшчэ ў 1965.
Праз восем гадоў ён стаў доктарам фізіка-матэматычных навук, прысвяціўшы даследаванне «Аптычным квантавым генератарам на аснове раствораў складаных арганічных злучэнняў».

«Чым даўнейшая дысертацыя, тым складаней з ёй працаваць, — тлумачыць Андрэй Растоўцаў. — Рэч у тым, што ўсе першакрыніцы бяруцца з інтэрнэту альбо з платных баз. І там, і там колькасць задакументаваных крыніц моцна ўзрастае з часам. Шансаў знайсці багаты матэрыял нават для канца 1990-х значна менш, чым для 2000-х».

Шукаць плагіят бесперспектыўна: тагачасных крыніц не засталося.

Прэм’ер-міністрМіхаіл Мясніковіч і міністр абароны Леанід Мальцаў абараняліся ў Расіі ў 1990-я.
З назваў навуковых работ Мясніковіча становіцца зразумела, што перад намі зацяты рыначнік. Кандыдацкае званне яму прынесла дысертацыя «Умовы і фактары станаўлення рынкавай эканомікі ў Беларусі» (1994). Для доктарскай эканамічнай работы давялося абраць больш агульную тэму: «Фінансава-прамысловыя групы і іх роля ў станаўленні рынкавых адносінаў» (1998).

Што да Мальцава, то ён спачатку стаў кандыдатам сацыялагічных навук з даследаваннем «Дзейнасць органаў вайсковага кіравання па падтрымцы і ўмацаванні вайсковай дысцыпліны» (1999). А вось доктарскую работу міністр абараняў паліталагічную: «Стратэгія вайсковага будаўніцтва ў Беларусі ў сучасных умовах» (2004).

Некалькі чыноўнікаў сталі дактарамі навук у Беларусі. Губернатар Віцебшчыны, медык Аляксандр Косінец, прысвяціў працу прафілактыцы нагнаення ранаў, а міністр адукацыі фізік Сяргей Маскевіч — уласцівасцям вытворных тыяміну.
На жаль, іх работы адсутнічаюць у электронным варыянце ў Нацыянальнай бібліятэцы, таму праверыць іх не ўяўляецца магчымым.
Ад даследавання губернатара Гродзеншчыны Сямёна Шапіры («Кіраванне ў аграпрамысловым комплексе пры фарміраванні рынкавых адносін»), абароненага ў 1999, застаўся толькі аўтарэферат, але ў дрэннай якасці.
Доктарская работа былога суддзі і пракурора Рыгора Васілевіча разглядала «Праблемы законатворчай дзейнасці Вярхоўнага Савета Беларусі» (1993).
Электронных крыніц таго часу таксама не засталося. Зрэшты, як і ў намесніка кіраўніка Адміністрацыі Андрэя Тура. У 1980 ён стаў кандыдатам эканамічных навук з крытычным аналізам «Сучаснай буржуазнай палітэканоміі Англіі аб нацыянальным даходзе». У першыя гады незалежнасці Беларусі меркаванне Тура пра англійскую эканоміку істотна змянілася. Гэтаму ў 1992 была прысвечана яго доктарская дысертацыя.

Старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Камянкоў у 2003 давёў да абароны доктарскую тэму «Прававыя гарантыі абароны інтарэсаў юрыдычных асобаў і грамадзян у гаспадарчым працэсе».

Ад кампартыі да камерцыйных банкаў
Не зроблена электронных копій і большасці кандыдацкіх дысертацый беларускіх чыноўнікаў.
Рэч у тым, што ў апошнія гады колькасць абароненых работ рэзка скарацілася. І сярод нешматлікіх навукоўцаў прадстаўнікі ўлады не відаць.
У канцы 1990-х — пачатку 2000-х абараніцца было прасцей. Тады стаў кандыдатам педагагічных навук намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, лідар «Белай Русі» Аляксандр Радзькоў (работа называлася «Навуковыя сістэмы тэсціравання ў сістэме няспыннага навучання матэматыцы» (1996)). У 1998 цяперашняя дарадца Лукашэнкі Наталля Пяткевіч абараніла юрыдычную дысертацыю «Замежнаэканамічныя здзелкі: прававыя аспекты».
Кіраўнік Банка развіцця Беларусі Сяргей Румас у 2001 знайшоў «Шляхі аптымізацыі структуры рэсурсаў камерцыйнага банка».
А віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік стаў кандыдатам гістарычных навук яшчэ ў 1974. Тэма ягонай работы тады была ў фаворы: «Дзейнасць кампартыі Беларусі па ўмацаванні сваіх шэрагаў ва ўмовах падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Доктарскую ён абараняць не стаў, але паспеў стаў прафесарам.
У савецкія часы гэта дазвалялася.

Прыкладаў плагіяту не знайшлося — магчыма, чыноўнікі надзвычай сумленныя, а правілы абароны дысертацый вельмі строгія. Зрэшты, паўнавартасную карціну можна будзе ўбачыць толькі пасля поўнай алічбоўкі ўсіх беларускіх дысертацый. Яна і пакажа, хто чаго варты.

Але што звяртае ўвагу: вялікая доля чыноўніцкіх прац, хоць фармальна і бездакорныя, але, па сутнасці, псеўданавуковыя. Сапраўдных адкрыццяў у даследаваннях няма.
Стаць доктарам навук у ЗША з такімі дысертацыямі наўрад ці магчыма.

* * *

Колькі плацяць у Беларусі за навуковыя ступені?

Штомесячныя даплаты кандыдатам і дактарам навук залежаць ад тарыфнай стаўкі першага разрада, а таксама месца іх працы. Напрыклад, супрацоўнікі дзяржаўных навучальных устаноў і навуковых арганізацый атрымліваюць $170 (дактары) і $110 (кандыдаты). У астатніх бюджэтных арганізацыях дактарам навук даплачваюць па $80, а кандыдатам — па $40. Грошы выдзяляюцца па рашэнні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. Каб атрымаць даплаты, трэба штогод праходзіць пераатэстацыю. Для гэтага варта напісаць не менш за тры навуковыя тэксты.

Плагіят у Германіі

Міністр адукацыі Германіі Анэта Шаван абараніла ў 1980 дысертацыю «Асоба і сумленне» на філасофскім факультэце Дзюсельдорфскага ўніверсітэта. Калі летась у інтэрнэце з’явіліся паведамленні, што дысертацыя ўтрымлівае плагіят, у ВНУ была скліканая спецыяльная камісія. Яна забрала ў міністра навуковую ступень.

Міністр абароны Германіі Карл Тэадор цу Гутэнбернг у 2007 абараніў доктарскую дысертацыю ў Байройцкім універсітэце. Як выявілася, многія кавалкі тэксту былі скапіраваныя з чужых навуковых прац. Праз тыдзень у Цу Гутэнберга адабралі навуковую ступень. Яшчэ праз шэсць дзён ён добраахвотна сышоў у адстаўку з пасады міністра.

«Антыплагіят»

Гэта інтэрнэт-праект, які пры лабіраванні міністра адукацыі Расіі Дзмітрыя Ліванава быў выведзены на федэральны ўзровень. На сайт можна загрузіць любую навуковую работу, і ён праверыць дакумент на запазычанні з іншых навуковых тэкстаў.

Крытыкі справядліва ўказваюць на некаторыя недахопы сістэмы. Па-першае, алгарытм вылічэння плагіяту не растлумачаны. Як лічыць праграма, ніхто не ведае. Па дзіўным супадзенні, усе «ворагі» міністра адукацыі Расіі аказваюцца плагіятчыкамі, а яго дысертацыя чыстая на 100%. Па-другое, федэральны праект «Антыплагіят» прапануе шэраг платных паслуг, прыбытак ад якіх ідзе малавядомай прыватнай кампаніі. У яе ж дзіўным чынам аказалася база дысертацый Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?