16.04.2013 / 15:10

Іранскі навуковец абвясціў, што вынайшаў «машыну часу», якая дазваляе пранікнуць у 2021 год 7

Іранскі навуковец абвясціў сябе вынаходнікам машыны часу. З яе дапамогай любы ахвотны можа зазірнуць у сваю будучыню на 5–8 гадоў наперад — гэта значыць «пранікнуць» аж у 2021 год, запэўнівае малады талент.

Машына ў першую чаргу будзе выкарыстоўвацца для вырашэння праблем дзяржаўнай важнасці, але як толькі яе запусцяць у масавую вытворчасць, яе перавагі змогуць ацаніць і простыя іранскія грамадзяне, расказаў вынаходнік Алі Разегі агенцтву FARS.

27-гадовы Алі Разегі займае пасаду дырэктара дзяржаўнага Цэнтра вынаходніцтваў Ірана. Паводле яго словаў, ён дзесяць гадоў працаваў у яго сценах над праектам «Машына для падарожжаў у часе Aryayek». Адначасна ён стаў стваральнікам 179 іншых навінак, але свайго галоўнага дасягнення дамогся толькі цяпер.

Іранец расказаў, што машына часу, якая функцыянуе пры дапамозе алгарытмаў, здольная прадказаць ад пяці да васьмі гадоў жыцця любога чалавека з дакладнасцю да 98%. Пры гэтым усё, што патрабуецца ад чалавека, — гэта дакрануцца да машыны, запэўнівае вынаходнік агрэгата.

Навуковец растлумачыў, што гэта «машына часу» не ў наўпростым сэнсе. Яна зусім не падобная да вінтажнага аўтамабіля DeLorean, як у фільме «Назад у будучыню». «Гэты прыбор памерам не большы за персанальны камп’ютар. Вы не трапіце з дапамогай яго ў будучыню, гэта будучыня прыйдзе да вас», — сказаў навуковец. У працы яго вынаходкі значна менш рамантыкі — прадказанні выдаюцца ў выглядзе раздруковак.

«У мяне ўжо ўсё гатова»

Карысць ад такога вынаходніцтва відавочная, лічыць Разегі. Па-першае, гэта дапаможа Ірану даведацца сітуацыю найбліжэйшых гадоў на замежнапалітычнай арэне, дзе ў яго, як вядома, праз ядзерную праграму справы ідуць не зусім гладка. Акрамя таго, гэта дасць магчымасць даведацца, як будуць змяняцца цэны на нафту. «Прасцей кажучы, урад зможа засцерагчыся ад з’яваў, якія могуць дэстабілізаваць яго работу», — тлумачыць навуковец. Пасля таго як улады будуць забяспечаныя машынамі часу, ён разлічвае вывесці вынаходніцтва на масавы рынак. «Тады любы іранскі спажывец зможа палепшыць сваё жыццё», — спадзяецца вынаходнік.

Аднак пакуль блізкія сябры, якія першымі даведаліся пра дасягненне Разегі, не ў захапленні ад яго працы.
Праўда, гэта датычыць не якасцяў новага прыбора, а іх рэлігійных установак. «Яны абвінавачваюць мяне, што я бяру на сябе ролю Бога і гуляю з лёсам», — прызнаўся навуковец. Але па яго словах, яго крытыкі памыляюцца. «Гэта не мае ніякага дачынення да рэлігіі. Над стварэннем машыны часу б’ецца ўвесь свет. Амерыканцы выдаткавалі на гэтыя спробы мільёны даляраў, а ў мяне ўжо ўсё гатова», — ганарыцца іранец.

Тым часам журналісты ставяцца да вынаходкі скептычна. «Ён вынайшаў машыну часу? Гэта яна яму так сказала?» — іранізуе аўстралійскі сайт Gizmodo. «Як жа мы даведаемся, што прадказанні — праўда? Гэта хутчэй варажба, якой займаюцца дзяўчынкі-падлеткі», — зрабіла сваю выснову газета The New York Observer.

А мы таксама ўмеем

Калі ў 2008 годзе расійскія навукоўцы Ірына Арэф’ева і Ігар Валовіч сфармулявалі тэорыю аб магчымасці падарожжа ў часе, некаторыя СМІ пісалі, што яна выклікала ў навуковым свеце і грамадстве «сапраўдную сенсацыю».

Арэф’ева і Валовіч, супрацоўнікі маскоўскага матэматычнага інстытута імя Сцяклова, абвясцілі, што пабудаваны ў Еўрапейскім цэнтры ядзерных даследаванняў (ЦЕРН) пад Жэневай найноўшы паскаральнік здольны стварыць прасторава-часавы тунэль, у якім можна будзе перасоўвацца ў часе ў двух напрамках — у будучыню і мінулае.

Расійскія навукоўцы нагадвалі, што тэорыя адноснасці Эйнштэйна, якая ляжыць у аснове разумення сённяшняй фізікай матэрыяльнага свету, не выключае магчымасці падарожжа ў часе. На гэтай падставе яны «не выключалі», што адным з наступстваў стане стварэнне «часавых тунэляў».

Уплывовы брытанскі навуковы штотыднёвік New Scientist тады суправадзіў артыкул аб рабоце Ірыны Арэф’евай і Ігара Валовіча аптымістычным тлумачэннем: вось-вось пачнецца новы адлік у гісторыі зямной цывілізацыі. Па часе можна будзе падарожнічаць. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што навукоўцы ўсё ж папярэджвалі: да з’яўлення пераймальнікаў Доктара Хто давядзецца пераадолець яшчэ нямала перашкод. Адна з іх — той факт, што праз міні-чарвяточыны атрымаецца прайсці толькі субатамным часцінкам.

У наступным годзе, калі вялікі адронны калайдар пачаў працу, пра падарожжы ў часе ўжо чамусьці не ўспаміналі.

Як трапіць у будучыню

Падарожжы ў часе — адна з самых папулярных тэм у навуковай фантастыцы з часоў Герберта Уэлса. Сучасная навука на ўзроўні гіпотэз дапускае некалькі магчымых спосабаў падарожжа ў будучыню.

Гэта, напрыклад, рух з хуткасцю, блізкай да хуткасці святла. Час падарожжа, вымераны па гадзінніку таго, хто рухаўся з такой хуткасцю, заўсёды меншы за вымераны па гадзінніку таго, хто заставаўся нерухомым. Дадзенае заключэнне — адно з вынікаў тэорыі адноснасці, якая прадугледжвае, што целы з вялікай масай скрыўляць прастору-час, а час аб’ектаў, якія рухаюцца з субсветлавой хуткасцю, запавольваецца.

Іншым варыянтам, што таксама вынікае з тэорыі Эйнштэйна, магло б стаць траплянне ў вобласць звышвысокай гравітацыі, напрыклад, куды-небудзь у раён гарызонту падзей «чорнай дзіркі».

Кожны аб’ект, які дасягае яго, усмоктваецца ў нетры «чорнай дзіркі», прычым «звонку» не відаць, што адбываецца «ўнутры». Як мяркуецца, законы фізікі ў глыбіні «чорнай дзіркі» перастаюць дзейнічаць, і прасторавыя і часавыя каардынаты, груба кажучы, мяняюцца месцамі, а падарожжа ў прасторы робіцца падарожжам у часе.

Нарэшце, дапускаецца, гэтак жа гіпатэтычна, і біялагічны спосаб — поўнае спыненне метабалізму цела з наступным яго аднаўленнем. З фантастычных персанажаў гэты спосаб выпрабаваў на сабе, у прыватнасці, герой мультсерыяла «Футурама» — разносчык піцы Філіп Фрай.

0
по внешним связям / Адказаць
16.04.2013 / 15:52
У меня есть знакомый знакомого этого иранца, сириец. Недавно я послал вопрос про будущее Беларуси и точный ответ пришел из машины, что президентские выборы 2015 года пройдут в один тур и победителем будет объявлен А.Г. Лукашенко, а несогласных будут судить. Так то! А там и Коля подрастёт.
0
12345 / Адказаць
16.04.2013 / 16:04
Бедный иранчик, будущее Ирана и предсказывать нечего: прилетит "Стелз", разберёт на кусочки иранский ядерный объект (и не один), а затем появится новое правительство, которое сейчас в изгнании и начнётся другая жизнь...
0
mike / Адказаць
16.04.2013 / 16:08
У нас ее давно изобрели.Правда она забрасывает людей не в 2021, а в 1980.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру