Адзін з лідараў расійскай апазіцыі Аляксей Навальны апублікаваў у сваім блогу звесткі пра прыбыткі за 2012 год.
Адвакацкая дзейнасць, а таксама каштоўныя паперы прынеслі Навальнаму каля $300 тысяч. Прыблізна столькі ж апазіцыянер атрымаў на рахунак антыкарупцыйнай кампаніі «Роспіл».
Навальны падкрэслівае ў блогу, што гэтую дэкларацыю падрыхтаваў разам з бухгалтарамі, але падаваць яе нікуды не збіраецца. «То бок, гэта не юрыдычны дакумент, а інфармацыйны».
Навальны расказаў таксама пра крыніцы выдаткаў. Да затратаў на сям’ю і фонд барацьбы з карупцыяй дадаліся выдаткі на крымінальныя справы супраць яго.
Нагадаем, што ў студзені гэтага года Навальнаму прад’явілі абвінавачванне ў канчатковай рэдакцыі па крымінальнай справе аб крадзяжах на прадпрыемстве «Кіраўлес». Яму пагражае да 10 гадоў зняволення.