15.08.2007 / 01:20

Ці зваліцца карона? 17

Пра погляд Антона Чэхава на новы праект беларускай афіцыйнай артаграфіі:) піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Праект рэфармаваньня афіцыйнага правапісу (той самы, які можна было "скачать сдесь") я пачаў праглядаць з параграфаў пра вялікую літару. Прагноз пацьвердзіўся.

Дзейнічалі паводле прынцыпу "Салам кашу не змарнуеш". Расейскія правілы на гэты конт значна болей лібэральныя. Там назвы найвышэйшых дзяржаўных пасадаў трэба пісаць зь вялікай выключна ў афіцыйных тэкстах ("Указ Прэзыдэнта…"). Адпаведна разьмяжоўваецца і напісаньне назваў дзяржаўных устаноў. Калі ў афіцыйным тэксьце пішуць "Дзяржаўная Дума", то ў іншых выпадках звычайна ўздымаецца толькі першае слова (а папулярны даведнік Разэнталя толькі так і раіць пісаць заўсёды). Газэтныя артыкулы лічацца ўжо неафіцыйнымі тэкстамі.

Беларускі ж праект такой выразнай мяжы не праводзіць. Яшчэ болей, у пералік "узьвялічаных" трапілі ня толькі міністры ды сьпікеры, генэральны пракурор ды старшыня Канстытуцыйнага суду (etc.), але і… японскі манарх! Сур'ёзна, ня верыце — паглядзеце! Патрабуецца пісаць "Імпэратар Японіі" без усялякіх скідак на кантэкст.

Добра што не дайшло да Японскага Гарадавога:)

Калі ж сур'ёзна, то дасьведчаныя рэдактары зь першых радкоў вызначаюць слабога, малапісьменнага аўтара па мноству вялікіх літараў (і двукосьсяў). Гэта заўважыў яшчэ Антон Чэхаў. У яго занатавана такое назіраньне: "Мужик пишет про старосту: они, и каждое слово начинает с большой буквы". А ў апавяданні "Ліст да вучонага суседа" пэрсанаж-цемрашал гэтак сама падкрэсьлівае чын сваяка: "Через неделю ко мне прибудет брат мой Иван (Маиор)...".

Карацей, ад абагаўленьня вялікай літары патыхае глыбокай правінцыяй. Таму ў выданьнях, якія клапоцяцца пра моўную эстэтыку, памяркоўнае, кантэкстуальнае ўжываньне вялікай літары ёсьць ня столькі палітычнай фрондай, колькі прыкметай стылёвай густоўнасьці. А вось як прымуць той закон, то многія газэтныя артыкулы хоцькі-няхоцькі стануць нагадваць нататкі чэхаўскіх невукаў:)

Зразумела, што энтузіясты артаграфічнай рэформы хочуць засьведчыць піетэт перад пэўнымі асобамі ды інстытуцыямі. Але калі перагнуць кій, можа атрымацца мядзьведжая паслуга, камічны эфэкт. Гэта ня кажучы ўжо пра новыя зачэпкі для рэпрэсіяў супраць неўпадабаных выданьняў. Во будзе, як стануць штрафаваць за непавагу да японскага гарад... выбачайце, манарха! Хаця болей імаверна, што пачнуць пекліць за айчыннае начальства ды ўстановы.

Па мне, канешне, лепей бы гэты закон увогуле не прымаўся. Але калі ўжо ён непазьбежны, то варта было б як мінімум выразна адзначыць: найвышэйшыя пасады "ўздымаюцца" толькі ў тэкстах афіцыйных дакумэнтаў. Зь імпэратараў (пры ўсёй павазе да іхніх вялікасьцяў) напэўна кароны не пазвальваюцца:)

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Aleś Jurkaviec / Адказаць
15.08.2007 / 11:37
ад абагаўленьня вялікай літары патыхае глыбокай правінцыяй ______ А вось тут я не зусім згодзен - здаецца, ў некаторых вельмі разьвітых мовах, хоць бы ў нямецкай, наогул любы назоўнік пішацца зь вялікай літары? Ці я памыляюся? А ў больш знаймай мне польскай мове, напрыклад, у шматслоўнай назьве любой, нават дробнай і зусім неабавязкова дзяржаўнай, арганізацыі кожнае слова пішацца зь вялікай літары (напрыклад - Ministerstwo Edukacji Narodowej i Sportu, Towarzystwo Miłośników Historii). Можа, усё ня так адназначна? Хоць з асноўнай Вашай думкай я пагаджаюся, што маніпуляцыі зь вялікай літарай, прапанаваныя нашымі рэфарматарамі - чыстая палітыка. А японскі Імпэратар - увогуле абсурд.
0
Glos / Адказаць
15.08.2007 / 11:53
Дык няўжо ж газэту можна будзе прыцягнуць да адказнасьцi за ненапiсаньне вялiкай лiтары?! Гэта ўжо нейкае сярэднявечча..
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ 2 Aleś Jurkaviec / Адказаць
15.08.2007 / 12:50
У некаторых разьвітых мовах пішуць нават ерогліфамі:) Калі ж сур'ёзна, то ў кожнай літаратурнае мовы свая традыцыя, свой звыклы для вока пісьменнага чалавека графічны імідж. Што немцу звыкла, тое нам муляе вока. Падобная традыцыя памяркоўнага ўжываньня вялікай літары замацавалася і ў расейскай мове, адсюль і чэхаўская іронія. Ён жа быў выбітным стылістам. А хіба не выглядае кічам крыклівы гвалт вялікіх літар у рэкляме? Ці калі пішуць зь вялікай "Холдынг", "Генэральны дырэктар"? Ліліпуцтва, якому хочацца стаць Гуліверствам:)
Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру