Па выніках года беларускі ўрад збіраецца выйсці на больш высокія тэмпы (славутыя 8,5%) росту. У той жа час Расія лічыць, што магчымасці эканамічнай мадэлі Беларусі абмежаваныя, і прагназуе на перыяд да 2030 года адносна невысокія тэмпы яе росту.

Расійскі погляд на беларускую будучыню

Паводле дадзеных за першы квартал, аб’ём беларускага ВУП у студзені-сакавіку склаў 123,3 трлн рублёў і павялічыўся ў параўнанні з першым кварталам 2012 года ў супастаўных цэнах на 3,5%.

Першы квартал і летась даваў абнадзейлівыя паказчыкі (рост ВУП у студзені-сакавіку2012-га склаў 3%), аднак па выніках года, нагадаем, эканамічны рост знізіўся да 1,5%.

Як будзе сёлета? Прагнозы розныя. Аднак у расійскім урадзе не чакаюць высокіх паказчыкаў эканамічнага росту ў Беларусі.

«Ва ўмовах адсутнасці ўздзеяння вонкавых і ўнутраных шокаў магчымасці росту беларускай эканомікі да 2030 года ацэньваюцца на ўзроўні 4%», — гаворыцца ў доўгатэрміновым прагнозе, які падрыхтавала Мінэканамразвіцця Расіі.

А вось у Казахстане, які таксама ўваходзіць у АЭП, сярэднегадавыя тэмпы эканамічнага росту, паводле ацэнак Мінэканамразвіцця, могуць быць вышэйшыя. На думку спецыялістаў расійскага міністэрства, у выпадку развіцця несыравіннай прамысловасці сярэднегадавыя тэмпы росту эканомікі Казахстана будуць складаць каля 5,5%.

Паказальна, што прагнозы экспертаў па развіцці эканомікі ў Казахстане практычна супадаюць з афіцыйнымі, а вось па Беларусі карціна зусім іншая.

Прагнозы эканамічнага росту ў Беларусі і Казахстане на 2013 г.

Прагнозныя паказчыкі па росце ВУП, запланаваныя беларускім урадам, істотна адрозніваюцца ад ацэнак, якія прыводзяць эксперты міжнародных арганізацый.

«Прагнозы не супадаюць, бо мы неадэкватна ацэньваем свае магчымасці. Беларускі бок зыходзіць з таго, што прадукцыя, якую мы вырабім, знойдзе збыт. У той жа час эксперты міжнародных арганізацый будуюць прагнозы, зыходзячы з попыту на прадукцыю. Павелічэння попыту на традыцыйныя тавары, якія мы вырабляем, сёння няма. Таму заканамерна, што складскія запасы ў Беларусі растуць», — тлумачыць нестыкоўку афіцыйных прагнозаў Беларусі з ацэнкамі міжнародных арганізацый намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.

Як бачым на табліцы вышэй, і Сусветны банк, і Міжнародны валютны фонд, і цяпер Мінэканамразвіцця Расіі прагназуюць патэнцыйна магчымы рост беларускай эканомікі на ўзроўні, не вышэйшым за 4%.

Эканамічны рост могуць забяспечыць толькі прыватнікі

Зрэшты, 2012 год паказаў, што нават 4-працэнтнага эканамічнага росту краіна не заўсёды можа дасягнуць.

«Летась, нягледзячы на стымуляванне эканамічнага росту, якое выяўлялася ў росце заробкаў, экспарце растваральнікаў, ВУП вырас усяго на 1,5%. Гэта сведчыць аб тым, што магчымасці наяўнай эканамічнай мадэлі абмежаваныя», — адзначае дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

На думку эксперта, сярэднетэрміновыя перспектывы беларускай эканомікі будуць наўпрост залежаць ад крыніц эканамічнага росту. Да 2011 года ключавой крыніцай росту былі эмісійныя рэсурсы. Цяпер робіцца стаўка на эканамічны рост за кошт мадэрнізацыі дзяржпрадпрыемстваў.

Аднак эканамісты асцерагаюцца, што такога кшталту мадэрнізацыя не прывядзе да павелічэння тэмпаў эканамічнага росту ў будучыні, бо, як паказвае досвед мінулых гадоў, дзяржаўныя інвестыцыі не заўсёды прыносяць належную аддачу. Паводле дадзеных Мінэканомікі, аб’ём інвестыцый у эканоміку ў 2005—2011 гг. склаў 31,5 млрд даляраў, а аддача ў выглядзе прыросту дададзенай вартасці — толькі 19,2 млрд даляраў.

«Без прыцягнення інвестыцый з новых крыніц паскарэнне эканамічнага росту выглядае малаімаверным», — мяркуе Аляксандр Чубрык. На думку эксперта, адзіны дзейсны спосаб росту ВУП — прыцягненне інвестыцый у асноўны капітал з новых крыніцаў (галоўным чынам за кошт развіцця прыватнага сектара).

«Прыватныя інвестыцыі заўсёды пераследуюць аддачу, павышэнне прадукцыйнасці. Таму ў выпадку змены эканамічнай мадэлі і павелічэння долі прыватнага сектара магчымыя больш высокія тэмпы эканамічнага росту, якія перавышаюць згаданыя 4%», — перакананы Аляксандр Чубрык.

Ключавое пытанне ў тым, якімі тэмпамі прыватны сектар будзе развівацца ў Беларусі. Калі справы будуць ісці так, як апошнія 15 гадоў, калі дзяржсектар захоўваў галоўнае становішча ў эканоміцы, то да 2030 года сітуацыя ў Беларусі мала зменіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?