17.04.2013 / 17:24

У чацвер будзе прысуд па справе аб «экстрэмісцкіх фотах» анлайн 27

17 красавіка ў Ашмянах (Гродзенская вобласць) пачаўся суд па альбоме «Прэс-фота Беларусі».

Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко. Фота радыё «Свабода».

Юрысконсульт абласнога КДБ Наталля Скурат. Фота радыё «Свабода».

Сёння Ашмянскі раённы суд распачаў разгляд альбома «Прэс-фота Беларусі — 2011» на прадмет экстрэмізму. Пасяджэнне пачалося, а 11-й гадзіне і праходзіць у закрытым рэжыме. Разгляд справы ініцыявала ўпраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці.

41 асобнік альбома «Прэс-фота Беларусі — 2011» быў канфіскаваны ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча 2 лістапада 2012 года на памежным пераходзе «Каменны Лог».

У якасці «зацікаўленых асоб» па справе аб прызнанні альбома «Прэс-фота Беларусі — 2011» экстрэмісцкім праходзяць фатографы Юлія Дарашкевіч, Аляксандр Васюковіч і Вадзім Заміроўскі, які разам з Дарашкевіч з’яўляецца арганізатарам конкурсу «Прэс-фота Беларусі».

У суд прыехалі Юлія Дарашкевіч, Аляксандр Васюковіч і Вадзім Заміроўскі (на фота).

Таксама каля будынка суда сабраліся 15 журналістаў, у тым ліку здымачная група НТВ, экс-вязень-журналіст, што праходзіў па справе аб паклёпе на Лукашэнку, Андрэй Пачобут, а таксама праваабаронцы Андрэй Бастунец і Гары Паганяйла, нікога з палітыкаў у Ашмянах няма, удакладняе Еўрарадыё.

Перад пачаткам суда надарваны сцяг на райвыканкаме замянілі на новы, паведамляе Белсат.

Адвакатка Ларыса Атаманчук сказала, што падасць хадайніцтва, каб у суд выклікалі усіх сяброў журы фотаконкурсу. Таксама яна будзе прасіць, каб прадстаўнік «Belarus Press Photo» прысутнічаў пры знішчэнні фотаальбомаў, калі такое рашэнне будзе прынятае, паведамляе Радыё Свабода.

11:10

У залу суда прапусцілі Андрэя Бастунца і Гары Паганяйлу, журналістам прысутнічаць не дазволілі.

11:53

Адвакат падала хадайніцтва аб прыпыненні справы. Абвешчаны перапынак да 14:00.

Праваабаронцаў, дарэчы, адхілілі ад удзелу у працэсе.

14:10

Хадайніцтвы аб скасаванні забароны на вядзенне фота і відэаздымкі адхілілі.

Адхілена хадайніцтва аб прыпыненні справы.

Суд працягваецца. Зачытваюць зварот начальніка КДБ па Гродзенскай вобласці І. Каржа. Ад яго імя выступае юрысконсульт абласнога КДБ Наталля Скурат

14:21

Прадстаўнік заяўніка спрабуе давесці абгрунтаванасць заявы, чытае з паперак, запінаецца.

Пытанне пра экспертную ацэнку: якія пытанні ставіліся перад камісіяй, як фарміраваўся яе склад?

Адвакат, які прадстаўляе журналістаў, пытаецца, чаму было вырашана, што аблвыканкам кампетэнтны фарміраваць камісію?

Адказ: «Там жа не толькі прадстаўнікі ідэалагічнага аддзела аблвыканкама».

14:27

Адвакат журналістаў пытаецца ў юрысконсульта КДБ: Якія матэрыялы альбома заклікаюць да экстрэмісцкай дзейнасці? Дзе там заклікі да экстрэмізму?

Адказ: падборка матэрыялаў скажона адлюстроўвае жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь. Затым Наталля Скурат замаўкае, не можа адказаць на пытанне.

Выступае журналістка Юлія Дарашкевіч. Яна расказвае пра тое, што ў альбоме сабраныя фота пераможцаў конкурсу, у тым ліку фатографаў дзяржаўных СМІ, фатаграфіі ацэньвала міжнароднае журы.

Юлія Дарашкевіч: Фотаздымкі не падбіраліся ні аўтарамі, ні рэдактарамі, ні выдаўцамі. У кнізе апублікаваныя толькі вынікі конкурсу — яго пераможцы.

Суддзя пытаецца: З якой мэтай везлі кнігі (сканфіскаваныя затым на памежным пераходзе)?

Ю. Дарашкевіч: Дарыць, для калег, для выставаў, бібліятэк.

Зараз выступае фатограф Вадзім Заміроўскі — таксама адзін з арганізатараў конкурсу.

В.Заміроўскі зазначае: «Хачу падкрэсліць, што матэрыялы альбома — не нашыя выдумкі, а вынік працы міжнароднага журы — больш кваліфікаванага, чым экспертная камісія, якая ацэньвала альбом.

Хачу адзначыць, што аўтарам фота, паводле ўмоваў конкурсу, забаранялася ўмешвацца ў падзеі, рабіць пастановачныя здымкі»

Здымкі, якія ўвайшлі ў альбом, раней былі апублікаваныя ў СМІ і на стужках міжнародных агенцтваў».

Выступае Аляксандр Васюковіч. Ён паўтарае фактычна сказанае Дарашкевіча і Заміроўскім. Пра тое, што выбіраюцца лепшыя здымкі міжнародным журы, якому няма сэнсу паказваць Беларусь у негатыўным святле.

Суддзя пытаецца пра здымкі Васюковіча, шукае іх у альбоме.

14:47

Зачытваюць даведку эскпертнай камісіі (вынікі эскпертызы), потым будзе выступаць начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко.

15:01

Прадстаўнік журналістаў просіць прадстаўніцу КДБ Наталлю Скурат абргунтаваць кампетэнтнасць камісіі.

Тая адказвае, што камісію фарміравала не КДБ, а Гродзенскі аблвыканкам.

15:02

Выступае начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко. Коратка паведамляе звесткі пра сябе.

Распавядае, як стваралася камісія: «У яе склад увайшлі мастацтвазнаўцы, псіхолагі і юрысты для большай аб'ектыўнасці».

Прадстаўнік журналістаў пытаецца: Якія пытанні былі пастаўленыя перад камісіяй?

Скрабко: Ці ёсць у альбоме прыкметы экстрэмісцкай дзейнасці.

Прадстаўнік журналістаў пытаецца: Ці паведамлялі экспертам пра іх правы і абавязкі?

Скрабко кажа, што не: «Там былі юрысты, яны і так ведалі».

15:15

Прадстаўнік адвакатаў пытаецца пра асобныя фармуліроўкі: чаму вы зрабілі выснову, што прадстаўнікам міліцыі прыпісваюцца нізкія маральныя якасці?
Вы ж толькі што сказалі, што яны выконвалі свае абавязкі і абаранялі грамадства, а значыць, мелі права прымяняць сілу да дэманстрантаў?
Чаму вы зрабілі выстнову, што гэтыя фотаздыкі падрываюць аўтарытэт Беларусі? Вы праводзілі сацыялагічныя даследаванні?
Звярталіся да замежных дзяржаў?

Адказ: не

Пачалася сапраўдная бурная дыскуcія, суддзя просіць яе прыпыніць.

15:23

Прадстаўніца журналістаў: Вы заўважылі прыкметы фотамантажу на здымках?

Адказ: Не, мы не можам гэта вызначыць, у нас не было сыходных матэрыялаў.

А калі б былі?

Можа мастацтвазнаўца і мог бы, але тут патрэбны іншыя спецыялісты.

Прадстаўніца журналістаў: Чаму вы кажаце пра абразу грамадзян РБ? Да вас звярталіся грамадзяне ці гэта толькі вашая выснова?

Скрабко: Наша выснова. Але ж была экспертыза, гэты альбом можа абразіць і іншых грамадзян.

15.35

Пытанне пра фота з мужчынамі, які прымяраюць капелюшы. Чаму вы лічыце, што гэтыя людзі прадстаўляюць увесь беларускі народ? Чаму вы робіце выснову, што на фоне менавіта новыя і заходнія рэчы?

Пытанне: на якой мове зроблены подпісы да фота?

Скрабко: На беларускай.

Пытанне: Чаму ў гэтым разе вы карысталіся слоўнікамі Ушакова і інш., а не слоўнікамі беларускай мовы?

Cкрабко: У подпісах словы, якія маюць аднолькавае значэнне ў расійскай і беларускай мовах.

Пытанне: Што такое «нізкі эстэтычны ракурс»?

Адказ: А па-вашаму ён высокі?

Чаму вы зрабілі такую выснову?

На падставе фота.

Прадстаўніца журналістаў: Чаму вы лічыце тэмы Чарнобыля «непрыгляднай»?

Скрабко: Непрыглядная падборка фота.

Прадстаўніца журналістаў: Чаму вы не пішаце менавіта так у экспертызе, а называеце непрыгляднымі тэмы? Асвятленне гэтых тэм — экстрэмізм?

Цяпер разглядаюць іншыя матэрыялы справы.

15:51

Прадстаўнік журналістаў просіць выклікаць іншых экспертаў, абавязаць экспертаў, якія будуць прыходзіць на суд, прынесці дакументы, якія сведчылі б пра іх адукацыю і кампетэнтнасць.

Прадстаўніца КДБ: Гэта немэтазгодна, КДБ мог бы і сам зрабіць выснову аб экстрэмізме, але сабраў камісію.

Прадстаўніца журналістаў просіць далучыць да справы зварот да суда ад прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, у якім гаворыцца пра высокі ўзровень «БелПрэсФота» і яго важнасць.

16:08

Прадстаўнікі журналістаў просяць далучыць да справы заяву Гары Паганяйла пра высокі ўзровень і праўдзівасць фотаздымкаў з альбома, суддзя адмовіў.

Суддзя некалькі разоў назваў БХК «Беларускім сельскім камітэтам».

У судзе абвешчаны перапынак на 10 хвілін, потым адбудуцца судовыя спрэчкі.

16:21

Суд аднавіў працу.

Журналісты, іх прадстаўнікі і прадстаўніца КДБ агучваюць свае пазіцыіі — фактычна паўтараюць сказанае раней.

16:27

Прадстаўнік журналістаў: у альбоме толькі каля 30 здымкаў, у якіх паводле меркавання камісіі можна знайсці прыкметы экстрэмізму, астатняе — фота беларускай прыроды, культуры.

16:33

На сёння працэс завершаны. Рашэнне суда будзе агучана заўтра, 18 красавіка, а 16-й гадзіне.

* * *

«Увесь беларускі народ у бамжаватым выглядзе» — тэкст экспертызы экстрэмісцкіх здымкаў «Прэс-фота Беларусі»

Ганна Бадзяка, Таццяна Гаўрыльчык

0
н - даааааа..... / Адказаць
17.04.2013 / 13:08
там на фото есть и лукашенко, если будут уничтожать альбомы, так исполнителей тоже надо посадить за глумление над изображением "прадсядацяля саўхоза" - не республіка, а посмешище, отупевшие, или застывшие где то в 80-х годах люди. Музей дебилизма под открытым небом.
0
о, времена, о. нравы / Адказаць
17.04.2013 / 14:54
а почему бы не осудить всех, кто с газеткой в туалет ходит...
0
анон / Адказаць
17.04.2013 / 15:13
Адказ: падборка матэрыялаў скажона адлюстроўвае жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь У тым і справа, што гэта не адмысловая падборка з мэтай адлюстраваць усе аспекты Рэспублікі Беларусь. Гэта проста пераможцы конкурса з найбольш удалымі здымкамі найбольш цікавых падзей. А што было самым цікавым у 2010? Хто можа прыпомніць больш абсурдны працэс?
Паказаць усе каментары/ 27 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру