Так, я памятаю, што яшчэ 12 гадоў назад на ўсім прамежку праспэкта ад Незалежнасьці да Кастрычніцкай было 4 кавярні (самай атмасфэрнай зьяўлялася, відавочна, «Валерыя» aka «Філінз»). Так, я разумею, што калі кафэшная культура ў горадзе паўстае за такі кароткі прамежак часу, хібы і недапрацовачкі непазьбежныя. Але, ведаеце, ня трэба быць Габермасам, каб разумець наўпростую сувязь паміж гарадзкой публічнасьцю і тым, дзе і як людзі бавяць вольны час за кавай. Таму прашу ўспрымаць гэты тэкст як енчаньне чалавека, які «зажраўся», «перасядзеў» у віленскіх кандытэрыях ды буланжэрыях. Спадзяюся, падсумаваньне ўсіх слабых месцаў менскіх кавярняў дапаможа ўладальнікам хутчэй іх выправіць.

Вось сьпіс рэчаў, якія прыводзяць у шал ва ўстановах сталаваньня сталіцы.

— Калі ў «элітных» (па цэньніку) рэстаранах сталы знаходзяцца ў сярэдзіне залі
і ўвесь час нехта ходзіць паўз цябе, як на вакзале.
— Калі месцы ў інтэр’еры арганізаваныя адным блёкам, так, што сьпінка твайго крэсла зьяўляецца адначасова сьпінкай фатэлю таго, хто сядзіць ззаду.
Ці шчыльнячком падпірае яго, так што твой кожны рух аддаецца і адчуваецца іншым чалавекам. Калі «напарнік» трапляе спакойны — добра. Але калі ззаду сядае знэрваваны хлапчук, лепей проста плаціць і ісьці ўпрочкі, пакуль не пабіліся.
— Калі дапіваеш шклянку з сокам і на донцы бачыш сьляды напою, які нехта спажываў да цябе
(часьцей за ўсё — ссохлую рэшту малака).
— Калі на краечку прынесенай табе талеркі — тлустыя сьляды ад пальцаў:
рукі кухара ў алеі, ён паставіў талерку на дэск для афіцыянта, той проста перадаў яе табе, не зважаючы на тое, што талерка павінна быць прынамсі чыстай.
— Калі ў залі невыносна тхне кухняй.
Людцы, вы патрацілі $70 тысяч на «эўрарамонт», дык парупіліся б набыць прамысловыя выцяжкі, што цалкам выдаляюць усе пахі з памяшканьняў. Пасьля асобных менскіх кавярняў, у тым ліку тых, што месьцяцца ў самым цэнтры, на К. Маркса, вопратка яшчэ некалькі дзён пахне згарэлай лазаньняй. Асабліва цікава нюхаць гэты фэномэн у месцах, уладальнікамі якіх зьяўляюцца літоўцы — паспрабавалі б такое вырабіць у Вільні, паглядзелі б, што пра вас загаварылі б праз тыдзень.
— Калі ў рэстарацыі ў мэню ёсьць сушы, ты іх замаўляеш, іх табе прыносяць.
Ты чакаеш прыбораў, зьяўляецца дзевачка, якая вінавата паведамляе, што «няма палачак, скончыліся» і замест кладзе нож і відэлец (рэальны выпадак, пры патрэбе магу назваць месца). Цікава, дарэчы, чаму відэлец, а не лыжку. Лыжкай жа таксама можна — ўзяў рол, зачарпнуў «падліўкі», праглынуў, падчапіў трохі васабі: у вёсцы елі б так.
Наогул, уся менская сушы-культура — асобная размова.
Ад музыкі ў інтэр’ерах да кітайскіх ліхтарыкаў і вясельных пажаданьняў, набытых на «Жданах», як аздабленьня для японскай рэстарацыі. Кітай, Японія — гэта ж побач, чо? Калі знаходзіш крабавую палачку замест крэвэткі ў макі, нават ужо не зьдзіўляесься. Для людзей што тунец, што курыная кілбаса — адна і тая ж Японія. Чырвоны імберац звычайна выглядае зьліплым камяком, чорны соўс прыносяць ўжо ў талерцы і г.д. — любы японалюб ведае. На гэтым тле радуюць асобныя кампаніі, якія дагэтуль трымаюць узровень, працуючы па дастаўцы, без памяшканьняў (мо, калі б яны зрабілі памяшканьне, я б іх тут не хваліў).
— Калі заля абсалютна пустая, але табе прапануюць сесьці за барную стойку.
Бо ты адзін, а раптам набяжыць натоўп есьці, піць і рваць баяны, а ты тут адзін цэлы столік заняў!
— Калі ты сядаеш за столік без таблічкі Reserved і табе паведамляюць, што ён зарэзэрваваны.
Калі ён зарэзэрваваны, чаму не паклалі шыльды?

— Калі ў пятніцу з трэцяй гадзіны дня на ўсіх століках таблічкі Reserved пры тым, што час рэзэрвацыі звычайна пачынаецца зь 19–19.30. Мне падабаецца, як гэта робяць у кафэ «Амата» на Маркса: побач з абвесткай «Reserved» кладуць час, зь якога столік прыдзецца вызваліць. Тое ж самае голасам паведамляе адміністратар у Newscafe. Такая практыка падаецца прыязнай і зразумелай.

— Калі ты замовіў каву, а дзяўчынка-афіцыянтка тупа і механістычна па чацьвёртым разе прапануе табе «а дэсэрцік»?
Каб хацеў дэсэрцік, я б замовіў дэсэрцік. Але ж калі прыйшоў пачытаць кніжку за кубачкам капучына, навошта табе той дэсэрцік?
— Калі ў прыбіральні няма гарачай вады.
Вось можаце называць снобам, але для мяне гэта прынцыповы індыкатар стаўленьня да кліента: шмат якія менскія кавярні месьцяцца не ў жылых дамах, а ў адміністратыўным фондзе. У такія будынкі часьцяком не падведзена гарачая вада, але ніхто не замінае ўладальнікам патраціць $50 на індывідуальны бойлер. Калі бойлеру няма — спрабуеш вымыць рукі з мылам, а холад прадзірае ажно да касьцей. Такая ж самая сумнеўная эканомія — калі ў прыбіральні няма папяровых сурвэтак, каб выцерці рукі пасьля таго, як вымыў іх і прыходзіцца абтрасацца, як сабака пасьля дажджу. У сэнсе душэўнасьці клопату пра камфорт мыцьця рук не магу не згадаць «Ангельскую бабулю» — вось дзе дасканаласьць!
— Калі, прымаючы замову, афіцыянт не занатоўвае, і ты думаеш: во памяць у хлопца!
Але ў выніку прыносяць зусім не тое, што ты прасіў.
— Калі замест аліўкавага алею ў салату наліта алея сланечнікавая.
Адчуваеш хутка ня толькі па смаку, але і па колеры — першае зеленаватае, другое ж прыкметна жоўтае.

— Калі, гатуючы кітайскую, віетнамскую, індыйскую ці тайскую кухню кухта-беларус шчодра дадае солі. Соль амаль не выкарыстоўваецца на Ўсходзе, калі не верыце — пачытайце, як дасягаецца салёны смак знакамітага японскага соевага соўсу.

— Дагэтуль сустракаецца слова «экспрэссо» ў мэню.
Адзін буйны банк зараз з годнасьцю рэклямуе аднайменныя крэдыты.
— Калі, атрымаўшы грошы па рахунку, не прыносяць рэшты.
Прага «чаевых» — рэч зразумелая, але б хто калі навучыў беларускіх афіцыянтаў сусьветнай практыцы: ты разьлічваеш кліента, прыносіш яму рэшту, нават калі яна вельмі невялікая, пакідаеш тэчку на стале і толькі ў гэты момант кліент кладзе ўзнагароду. І ніяк інакш! «Прытрымліваючы» рэшту, ты можаш падмануць сам сабе, бо, хто ведае — раптам кліенту ўсё так спадабалася, што ён рыхтуе для цябе $50 узнагароды, а ты зажміндзіў $4 і радуесься!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?