17.04.2013 / 19:12

«Абяры жыццё!» — новы журналісцкі конкурс

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» распачынае новы журналісцкі конкурс матэрыялаў, прысвечаных асвятленню праблемы існавання смяротнага пакарання. Прымаюцца матэрыялы, што выйшлі ці выйдуць ў свет з 1 студзеня па 1 кастрычніка 2013 года.

Адной з самых закрытых для беларускага чытача па-ранейшаму з’яўляецца тэма вынясення і выканання смяротных прысудаў. Як адбываецца следства? Дзе ўтрымліваюць зняволеных? Па якіх крытэрах выносяць прысуд? Як прыводзіцца ён у выкананне і як да гэтага ставіцца грамадства, Рада Еўропы, АБСЕ ды праваабаронцы?

Калі Вы — сябра ГА «БАЖ» і пісалі ці збіраецеся напісаць сёлета на тэму смяротнага пакарання, заклікаем даслаць матэрыялы на конкурс. На конкурс прымаюцца тэкставыя, мультымедыйныя, фота-, відэа- і аўдыёматэрыялы. Усё гэта неабходна дасылаць да 1 кастрычніка 2013 года на адрас life@baj.by з указаннем аўтарства, месца і даты выхаду матэрыялу.

Матэрыялы будуць ацэньвацца па наступных крытэрах:

— адпаведнасць працы абвешчанай тэматыцы конкурсу;

— арыгінальнасць, самастойнасць мыслення і творчы падыход;

— грамадская значнасць і актуальнасць, інфармацыйная каштоўнасць;

— эмацыйнасць і пераканаўчасць падачы, выкарыстанне рэальных гісторый.

У журы конкурсу ўвойдуць вядомыя журналісты, а таксама прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, што займаюцца праблемай існавання смяротнага пакарання і правоў чалавека ў Беларусі.

Трох пераможцаў чакаюць дыпломы і прызы!

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру