15.08.2007 / 11:50

Пупкін, Вася Пупкін знойдзена ў Беларускай благасфэры

Каб спакойна пераехаць мяжу, беларускамоўныя вымушаныя пераходзіць на трасянку. Піша ў сваім блогу eolonir.

Каб спакойна пераехаць мяжу, беларускамоўныя вымушаныя пераходзіць на трасянку. Піша ў сваім блогу eolonir.

Мой добры сябар неяк навучыў мяне гульні пад назовам «электральны тралейбус». Сам ён вялікі знаўца «першае нацыянальнае мовы» — векапомнае трасянкі, і можа выдаваць выбітныя перлы, амаль што не мяняючыся ў твары. Сутнасьць гульні да немагчымасьці простая: кампанія студэнтаў завальваецца ў тралейбус і з сур’ёзнымі тварамі голасам вышэйшым на дзьве актавы за звычайны пачынае на трасянцы абмяркоўваць палітычныя тэмы ў БТшным рэчышчы. Галоўная мэта — паглядзець на рэакцыю аўдыторыі. Усьцешыла, што ў большасьці выпадкаў народ адсоўваўся ад «радзецеляў ад сахі», а два разы нават прапанавалі выйсьці, дадаючы «палітолягі, млін».

Размова пра трасянку тут не проста так. Я даўно ужо заўважыў, што некаторыя памежнікі на пераходзе Берасьце — Тэрэспаль нават у сьпісы не глядзяць, калі размаўляеш зь імі падкрэсьлена на «першае дзяржаўнае мове». Аднойчы ехаў у цалкам беларускамоўным вагоне, у якім з Варшавы вярталася ажно 3 групы з розных сэмінараў. Беларуская мова была адзінай у вагоне. Але як толькі туды увайшлі памежнікі, антураж раптоўным чынам зьмяніўся — расейская мова з падкрэсьленым дзэканьнем і цэканьнем вымела іх адтуль вельмі хутка. Або трасянкамоўныя для іх былі нешта накшталт лаяльнага электрату, або яны не жадалі зь імі зьвязвацца — невядома. Але факт той, што граматычна слушная мова, беларуская або расейская, вельмі моцна прыцягае ўвагу памежнікаў нават на пераходах да Украіны.

Калі аднаго майго сябра з досыць вядомага ў Менску факультэта запрасілі «на размову» у габінэту дэкана, яго сустрэў таварыш прыблізна 30 год, у някідкае вопратцы, з падкрэсьленым трасянкаўскім вымаўленьнем. Першай справай той намагаўся паказаць сваю абазнанасьць у справах ды прыватным жыцьці «испытуемого», пасьля чаго перайшоў да запытаў наконт яго сэмінару. Той зрабіў выгляд, быццам бы нічога не разумее. Так, маўляў, быў на сэмінары, але ня ведаў, што той шкодны. Адчуўшы слабіну, дэбэшнік пачаў распавядаць, чаму сэмінары шкодныя, і чаму вандроўкі простых студэнтаў туды могуць прывесьці да падзеньня канстытуцыйнага строю. Мой таварыш запаліў рэжым «доўбня дзеравенская» ды, хітаючы галавой з выглядам чалавека, які ўвесь час блукаў у цемры і толькі зараз убачыў плямку сьвету, мармытаў: «Гэта ж як, так, га? Ніколі ня ведаў… А скажыце, таварыш капітан (вось такое службоўцы вельмі любяць, калі ім прыпісваюць вайсковыя годнасьці, якіх у іх няма), а калі можна езьдзіць на гэтыя сэмінары».

‑ Ну, ты можаш быць з намі і езьдзіць туды, распавядаць пра слушнасьць нашае пазыцыі, а потым казаць пра ўдзельнікаў, хто такія, адкуль, якія погляды…

Хвіліна маўклівасьці, потым лоб з’ясьняецца

‑ А можна я сам туды буду езьдзіць? На няшкодныя сэмінары?

‑ Нельга!

‑ А чаму?

‑ Вандруючы туды, ты падрываеш канстытуцыйны лад…

‑Ааа. А чаму?

Праз 20 хвілін дэбэшнік, плюнуўшы на някемнага суразмоўцу, зышоў.

Насамрэч, Пупкін, Вася Пупкін. Усё ткі за радзянскім часам прынамсі ў міліцыі працавалі людзі, якія яшчэ працавалі мозгамі, а не стандартовым абвінавачваньнем «за нецэнзурную лаянку». А зараз у нашае дэпрэсіўнае краіне, калі міліцыя й КДБ застаюцца рэальна добрым стартам для народу зь вёскі, які проста кідаецца туды за высокія зарплаты й менскую прапіску, нельга чакаць, што там будуць працаваць мозгі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру