15.08.2007 / 15:06

Учапіліся за Панамарова

Клецкая пракуратура аднавіла крымінальную справу супраць мясцовага актывіста і выдаўца незалежнага бюлетэню Сяргея Панамарова.


Сяргей Панамароў

Клецкая пракуратура аднавіла крымінальную справу супраць мясцовага актывіста і выдаўца незалежнага бюлетэню Сяргея Панамарова.

Крымінальная справа паводле ч.2 арт. 188 КК РБ (паклёп у друкаваных сродках) у дачыненьні да Сяргея Панамарова была заведзеная 13 траўня. Нагодай стала нататка ў газэце «Бойкі Клецк», якую сп. Панамароў выдае ўласнымі сродкамі і для якой сам піша тэксты. Кіраўнічка Клецкай юрыдычнай кансультацыі Натальля Семашкевіч палічыла абразьлівай інфармацыю ў адным з артыкулаў. Адмысловая экспэртыза не знайшла парушэньня Крымінальнага кодэксу і справу прыпынілі за адсутнасьцю складу злачынства.

14 жніўня С. Панамароў аднёс у Клецкі райвыканкам заяву на правядзеньне пікету ў Клецку 30 жніўня з мэтай інфармаваньня грамадзянаў пра сытуацыю з палітзьняволенымі, а таксама патрабаваньнем вызваліць экс‑кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. У той жа дзень клецкага актывіста выклікалі на допыт у якасьці падазраванага паводле ч.2 арт. 188 КК РБ. Пастанову аб прыпыненьні крымінальнай справы адмяніў пракурор Клецкага раёну В. Каробка, які на дадзены момант афіцыйна знаходзіцца ў адпачынку. Сяргей Панамароў лічыць, што такая пасьпешлівасьць выкліканая ягонай актыўнасьцю, у першую чаргу — рыхтаваньнем пікету напрыканцы жніўня.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру